...Нам засталася спадчына

Гэтыя купалаўскія радкі сталі эпіграфам, а тэма спадчыны, якую трэба беражліва захоўваць і памнажаць, — галоўнай тэмай ІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, які ў мінулыя выхадныя прайшоў у Маладзечне. Прысвечаны ён быў 125-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, якіх падарыла народу Міншчына. Іх геніем і былі асветлены два песенна-паэтычныя дні ў горадзе сонца — так з любоўю называюць Маладзечна яго жыхары.
Песні на словы беларускіх класікаў склалі дзве вялікія прэм`ерныя праграмы, падрыхтаваныя музыкантамі і салістамі Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга. Зусім новыя, напісаныя на вершы Коласа кампазітарам Эдуардам Зарыцкім, і вядомыя, але па-майстэрску аранжыраваныя ў аркестры мелодыі гучалі так сучасна і так кранальна, што зала, а ёю стала не толькі цэнтральная плошча горада, але і ўсе прылягаючыя вуліцы, ператварылася ў адзін згуртаваны, дыхаючы ва ўнісон арганізм. Людзі шчыра радаваліся і ахвотна падпявалі любімым спевакам...
Менавіта такое людское суладдзе мелі на ўвазе віцэ-прэм`ер краіны Аляксандр Косінец і старшыня Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец, калі, адкрываючы фестываль, гаварылі, што ўменне берагчы і паважаць спадчыну мацуе наш суверэнітэт, нашу незалежнасць.
Беларуская музыка і беларускае слова былі непарыўнымі ў гэтыя фестывальныя дні. Беларускіх паэтаў сустракалі не толькі на музычных пляцоўках, але і ў працоўных, студэнцкіх, школьных калектывах. У Радашковічах адкрыўся помнік Купалу, у Яхімаўшчыне — мемарыяльная дошка ў яго гонар, у Маладзечанскім абласным краязнаўчым музеі — выстава мастацкіх палотнаў, рукапісаў і асабістых рэчаў паэтаў са сталічных музеяў Коласа і Купалы. Вядомая паэтка і пісьменніца Раіса Баравікова, якая з вялікай сцэны чытала прысвечаныя Купалу радкі:"Тады ў народа ёсць паэты, калі ў паэта ёсць народ", зазначыла, што не чакала такога цёплага прыёму ў калектывах, што людзі цікавяцца айчыннай паэзіяй і наогул беларускай літаратурай, любяць родную мову. Карацей кажучы, у паэтаў ёсць народ. А дырэктар мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская лічыць, што сёлетні  фестываль у Маладзечне — гэта як дарагая аправа да каштоўных камянёў, якімі з`яўляюцца Купала і Колас, іх паэзія, іх любоў да народа, іх клопат пра будучыню Бацькаўшчыны.
Галоўная падзея другога дня фестывалю — ушанаванне пераможцаў Беларускага нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Маладзечна-2007". Папярэдні адбор праходзіў па рэгіёнах. Потым быў заключны тур у Маладзечне, па выніках якога Гран-пры дастаўся жыхарцы гэтага горада Алесі Кульша, першае месца — Анастасіі Пагаржэльскай з Магілёўскай вобласці, другое — Ірыне Вярковіч таксама з Міншчыны, трэцяе — Паўлу Перавошчыкаву з Гомеля. На ўрачыстасці прыехалі ў Маладзечна 14 з 22 удзельнікаў фіналу. Усіх іх адарылі кветкамі і падарункамі. Алеся Кульша ў якасці Гран-пры атрымала камп`ютэр і магчымасць спець у вялікім заключным канцэрце фестывалю. "Я буду спяваць" — так называлася песня, якую дзяўчына падарыла свайму гораду і гасцям фестывалю. Пра сябе яна гаворыць, што пяе заўсёды і ўсюды, што пяе яе душа. Алеся працуе ў Тэатры эстрады. Любіць джаз. Зараз саліруе ў цыганскім шоу "Алюр". 
Каменціруючы вынікі конкурсу, маэстра Фінберг зазначыў:
— Няма такога кутка ў Беларусі, які б не прыслаў на конкурс свайго пасланца. Гэта былі беларускія песні, спетыя жывым гукам, на роднай мове. Яны ўслаўляюць нашу краіну! Трэба аддаць належнае гэтым маладым людзям, якія за свой кошт ездзілі на рэпетыцыі з аркестрам. Калі яны будуць і надалей так сур`ёзна працаваць, у іх будзе эстрадная будучыня. Шмат залежыць ад кіраўнікоў музычных калектываў. У нашым аркестры, напрыклад,  працуюць многія пераможцы маладзечанскага конкурсу — Ларыса Грыбалёва, Наталля Тамела, Дзмітрый Качароўскі, Саша Нема, Юрый Вашчук. Вікторыя Алешка працуе у Тэатры эстрады...
— Я напісаў ліст на імя міністра культуры нашай краіны, у якім прасіў, каб конкурс маладых выканаўцаў стаў штогадовым. Атрымаў падтрымку. А ў планах — зрабіць гэты конкурс беларускай эстраднай песні міжнародным.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter