«...Ніколі думкі не даюць заснуць – патрэбна накарміць усю дзяржаву»

Сёння, падчас галоўнага хлебаробскага свята, мы друкуем нізку вершаў Лёлі Багдановіч

Некалькі гадоў таму ў мяне нарадзіўся такі верш:

Праменьчык ранішняга сонца

Нізае пацеркі расы,

І льюцца песняю бясконцай

Чароўных птушак галасы.

Чаруе мама каля печкі —

Пячэ духмяныя бліны

Ды ў патэльню б’е яечкі,

Кідае сала крышаны.

Шчэ горад спіць спакойна, пэўна,

Чарговы бачыць дзіўны сон.

А ў сяле ўстануць з пеўнем —

І цэлы дзень верацяном.

Усё так і ёсць. Нічога не прыдумала. У вёсцы не да гуляў. Каб нешта вырасла, трэба цэлы дзень круціцца, як тое верацяно. Я гэта ведаю, бо сама нарадзілася і вырасла ў вёсцы Градзянка Асіповіцкага раёна. З маленства бачыла сялянскую працу. Ад цямна да цямна, без выхадных і адпачынкаў. Вясной сяўба, потым праполкі, падкормкі. Вельмі шмат садзілі бульбы — і на сябе, і на жывёлу. А як жа! І кароўку трымалі, і свіней, ды і іншую жыўнасць. Усё лета рвалі пустазелле, палівалі грады, калі не было дажджу. А сена. Ой, і далося ж мне гэта сена...

Сказаць па праўдзе, дык і я маю нейкае дачыненне да Дня хлебароба. Пасля заканчэння Маладзечанскага політэхнікума працавала ў лабараторыі на Асіповіцкім камбінаце хлебапрадуктаў. А калі трапіла на завод аўтаагрэгатаў, то час ад часу пасылалі ў калгасы на дапамогу. Працавалі на зернетаку, нарыхтоўвалі зялёную масу, сена, падымалі і вязалі лён у снапы, выбіралі моркву і буракі, капалі бульбу, зразалі капусту. Бывала, і ў дождж, і ў холад. Але ж нам гэта даводзілася калі-нікалі, а калгаснікам жа кожны дзень. І сёння я хачу павіншаваць працаўнікоў вёскі з іх святам, пажадаць ім здароўя, заўсёды добрага надвор’я, дабрабыту, дастатку, сказаць ім шчыры дзякуй за іх нялёгкую працу і падарыць свой верш:

Дзякуй табе, хлебароб,

За тваю шчырую працу.

Кожны сабраў каласок.

Вельмі табе мы ўдзячны.

Ты не даеў, не даспаў —

Гнуў сваю спіну ў полі

І да цямна працаваў.

Справіўся! Змог! Адолеў!

Белы засланы абрус —

Бульба, цыбуля, каўбаска.

Слаўся, квітней, Беларусь, —

Наша блакітная казка!

І яшчэ некалькі слоў удзячнасці табе, «Белорусская нива», табе, «Беларускі ручнік». Менавіта «Нива» адна з першых заўважыла і падтрымала мяне. Калісьці адправіла вам свае вершы, а якраз праходзіў конкурс «Серебряные строки». Я стала адным з пераможцаў гэтага конкурсу. Здаецца, было гэта ў 2004 годзе. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Дзень свята СМІ мяне ўзнагародзілі граматай. Уладзімір Іванавіч Карызна, старшыня конкурсу, падарыў мне зборнік сваіх вершаў з аўтографам. І яшчэ быў адзін падарунак ад «БН» — сумка, якой я карыстаюся і да гэтага часу. А ў 2006 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі па рэкамендацыі Уладзіміра Карызны і Уладзіміра Мазго. Дарэчы, мне неаднаразова даводзілася выступаць у медкаледжы і лесааграпромкаледжы Барысава, дзе выпісваюць «Белорусскую ниву» і збіраюць вершы «Беларускага ручніка», выразаюць, наклейваюць і захоўваюць. Робяць нават своеасаблівыя выставы з іх. Дзякуй табе, «Белорусская нива»! Пуцёўку ў жыццё я атрымала з тваёй лёгкай рукі. А вершы я пішу на розныя тэмы: пра маму, пра каханне, прыроду, дзіцячыя, гумарыстычныя і сур’ёзныя і, вядома ж, пра вёску. Бо вёска — мая радзіма, маё дзяцінства, мая матуля, мая радня, суседзі і землякі. Дзякуй табе, «Нива», і за тое, што запрасіла мяне ў Глыбокае на Дзень пісьменства. І я з вялікім задавальненнем дапамагла табе сабраць слухачоў вакол стэнда, чытала свае вершы пра вёску, пра матулю. Слухалі з увагай і плакалі ад сумных, смяяліся ад гумару, прасілі перапісаць. І я пісала. Бо гэта і ёсць для мяне самая вялікая ўзнагарода, якая толькі можа быць!

Лёля БАГДАНОВІЧ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаб’яднання «Натхненне» (Барысаў), твой даўні і верны сябар

Фота Веры ГНІЛАЗУБ, «БН»

Сёння, падчас галоўнага хлебаробскага свята, мы друкуем нізку вершаў Лёлі Багдановіч.

Плывуць па ніве караблі...

Плывуць камбайны, нібы караблі —

Сабраць у час усё патрэбна

                                                                   зерне.

У полі ад зары і да зары

Вясковец — гаспадар надзейны.

Няма калі яму перадыхнуць

У клопатах штодзённых

                                                           і ў справах.

Ніколі думкі не даюць заснуць —

Патрэбна накарміць

                                                    усю дзяржаву.

Плывуць па ніве чынна караблі.

Вясёлка птушкай пырхнула

                                                                  ў неба.

Я пакланюся нізка да зямлі

За цёплы і духмяны бохан хлеба!

Святкуем «Дажынкі»

Няблага збожжа ўрадзіла,

Сабралі кожны каласок.

І каравай — зусім на дзіва! —

Заўважыш гэтакі здалёк.

Папрацавалі мы на славу,

А зараз час і адпачыць.

Засекі поўныя дзяржавы:

Не зморыць голад —

                                                     будзем жыць!

Святкуем весела дажынкі —

Спявае, танчыць карагод.

Усмешкі, жарты, фотаздымкі —

І ўспаміны — на ўвесь год!

Дачакаліся дажынкаў!

Дачакаліся дажынкаў —

Адпачнем нарэшце.

Залатое зерне ў скрынках.

Ходзіць цеста ў дзежцы.

Вас духмяным караваем зараз пачастуем.

Чарку поўную, да краю —

Першую, другую.

Добра танчыць і спяваці —

Ураджай на славу!

Будзе хлеб у кожнай хаце,

Пірагі да кавы!

Ураджай...

Максім пытаецца ў Пеці:

«Ну як, суседзе, ураджай?»

«Цябе я, братка, й не прыкмеціў.

Ты не крыўдуй, а прабачай.

Даў маху я ў гэтым годзе —

Паелі бульбу ўсю жукі!

Капаць затое меней будзе», —

І выцер рукі аб парткі.

«А ў мяне, — ўздыхнуў Максім, —

Паелі і каліўе зусім!

Не трэба нават і касіць.

Вось толькі што ў склеп насіць?..»

Перапалох...

У гародзе ўсё прыбралі.

На парозе лістапад.

Восень цісне на педалі,

Птушкі шчэмяцца да хат.

І ляжаць у склепе моўчкі

Бульба, морква, буракі.

На паліцах у радочку —

Памідоры і грыбочкі,

Агуркі і кабакі.

А ў куточку павукі

Сцелюць на нач гамакі.

Нудна цікае гадзіннік.

Гаспадарка і гаспадыня

Мірна спяць. У хаце ціш.

А ў склеп залезла мыш.

Не знайшла яна там сала,

Але бульбу паспытала.

Угрызнула бурака.

Моркву надкусіла,

Незнарок і павука

Вухам зачапіла.

Што тут раптам пачалося! —

Словамі не перадаць!

Павукоў, мо, дваццаць восем

Пачалі яе вязаць.

Паднялі ката Цімоху —

Лежабоку-гультая.

І з таго перапалоху

Ўся прачнулася сям’я.

Мыш ад страху абамлела —

Узялі яе ў палон.

Больш не будзе такой смелай —

Выгналі за дзверы вон!

Хітры сусед...

Не вер брахліваму суседу,

Які клянецца на крыжы,

Што рады нават твайму следу

На ўскраі восеньскай мяжы.

Яму, напэўна, нешта трэба —

Прыйшоў у хату нездарма.

Тады пазыч акраец неба —

Нічога ж лепшага й няма.

А ён, брыдота, усміхнецца.

Адкажа, нібы незнарок:

— Ты б лепш пазычыла мне сэрца,

Бо без цябе я занямог.

— Ну вось, халера, так і знала,

Прыйшоў, каб бульбу пакапала,

Павыбірала буракі!

Дальбог не хлушу, землякі.

Яго фазэнда сотак дваццаць,

Вачыма нават не абняць.

Ці ж часу хопіць нам кахацца?

Патрэбна бульбу выбіраць!

Ці доля ў мяне такая,

Альбо сусед абы-які.

Заўжды па восені кахае,

Як трэба выбраць буракі...

Край бяроз і журавін...

Мая родная старонка —

Край бяроз і журавін.

Пад акном каліны гронка,

Жураўлёў у небе клін,

Водар ліпы і суніцаў

Ды вясёлкавы масток,

Сполах летняй навальніцы,

Павуцінкі валасок,

Васількі ў полі жытнім,

У бары — баравікі,

Ранак, сонейкам спавіты,

Месяц з вудай ля ракі.

Не хачу нікуды ехаць —

Тут мой прадзед жыў і дзед.

Дамавы з дзіравым мехам

Бег за імі след у след.

Мора казак, песень, баек

Нарадзіла тут зямля.

Ганаруся родным краем,

Мовай матчынаю я!

Паспытала...

Сярод лясоў, лугоў і сенажацяў,

Дзе вабіць вока чысціня нябёс,

Аднойчы ў старой

                                                 вясковай хаце

Мне крылы падарыў сірочы лёс.

Каб я магла нацешыцца ўволю

Ды у краіну мараў паляцець,

Бяды каб не спазнала аніколі

І шчасце не спазнілася

                                                         сустрэць.

І тое, і другое паспытала.

Шчаслівай і няшчаснаю была.

Ды дзякую я Богу, што кахала,

Што месца ў жыцці

                                                   сваё знайшл

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter