«Мяне натхняе ранiшнi прамень»

Анатоль Страпчанка выставiў   свае карцiны   на   заводзе,   i  яму  прапанавалi   месца   ў   гарадской   выставачнай   зале

Анатоль Страпчанка выставiў   свае карцiны   на   заводзе,   i  яму  прапанавалi   месца   ў   гарадской   выставачнай   зале

— Не хацелi б пабываць на выстаўцы карцiн самадзейнага мастака? – патэлефанаваў мне намеснiк кiраўнiка адмiнiстрацыi Першамайскага раёна Бабруйска Мiхаiл Жалудоў. 

— Дзе? — спытаў я. — У гарадской выставачнай зале? 

— Ды не, на хлебазаводзе, дзе ён i працуе. 

I вось мы знаёмiмся з мастаком Анатолем Страпчанкам. Iдзём па прасторнай зале, дзе вывешаны карцiны. Iх даволi многа. Пачынаем няспешны агляд. Анатоль Уладзiмiравiч дзелiцца, як прыйшла тая цi iншая iдэя, задума. 

— Ведаеце, — гаворыць ён, — я не закаранелы атэiст, а, хутчэй, павернуты да веры чалавек. Калi жыў у Мiнску, то ўсе праваслаўныя храмы ведаў. На адкрыццi аднаго з iх, якi носiць назву Радасць смуткуючых, асабiста пабываў. Вось i нанёс на палатно. Яшчэ храм — i яшчэ цыкл карцiн атрымаўся. Працую над гэтай тэмай i зараз. Тым больш у Бабруйску шырокае поле дзейнасцi – столькi цэркваў, якiя нядаўна адкрылiся. Аднак жа справа не ў тым, каб намаляваць храм, а каб праз яго паказаць наш светапогляд, адносiны да рэлiгii, веры. 

Яшчэ адзiн цыкл карцiн, прысвечаных роднаму краю, — “Злавi сваю ўдачу”, “Ваўкi ў Пiлiпаўку”, “У ваколiцах Галынкi”, “Гаючыя вытокi” i iншыя. Што i казаць, глядзяцца! Аднак жа гэта не толькi любаванне нашай матуляй-прыродай, але i заклапочанасць яе сённяшнiм станам. На гэтым, можа, аўтар найперш акцэнтуе ўвагу. 

Знайшлi ўвасабленне ў ягонай творчасцi карцiны на тэмы вайны, сталiнскiх рэпрэсiй, пра якiя чуў ад бацькоў, знаёмых, блiзкiх, чытаў i якiя глыбока ўразiлi. “Хай, — кажа аўтар, — мае работы будуць своеасаблiвым папярэджаннем, каб такое нiколi не паўтарылася!” 

Аўтапартрэт — мастак на фоне жыцця, абнаўлення — падкупляе сваёй шчырасцю, непасрэднасцю. Маўляў, прыйшоў не браць, а аддаваць. Несцi людзям радасць i гэту радасць атрымлiваць узамен. Такая ўкладзена фiласофiя. 

— Карцiна ад карцiны адрознiваецца, — гаворыць мастак. – Адна даецца лёгка, а другой трэба пакла-нiцца, каб атрымалася такой, якой ты хочаш. Эскiзнае, недапрацаванае не хочацца выстаўляць. Таму,  можа, доўга i не хацеў выходзiць “на людзi”. Аднак, зазначу, сярод маiх работ не бывае “падчарыц”, усе, як тое дзiця, мне памятныя i дарагiя. 

— А як прыйшло захапленне жывапiсам, калi вы пасябравалi з пэндзлем i фарбамi? 

— У дзяцiнстве любiў маляваць. Потым неяк усё гэта забылася. А вось недзе пад пяць дзесяткаў гадоў абудзiлася зноў. Я да сваёй жонкi Тамары Мiкалаеўны: “Хачу пiсаць карцiны i першым – твой партрэт!” Ведалi б, якая гэта радасць тварыць: падхаплюся i ноччу малюю, у любы час. А натхняльнiкi мае – любiмая жонка, дачка, унук (вунь i псеўданiм – Сота – выбраў з iмён блiзкiх людзей), першы ранiшнi прамень – само жыццё. 

Страпчанка, якi, мiж iншым, узначальвае кадравую службу на прадпрыемстве, пакуль нiдзе не выстаўляўся. Гэта яго першая спроба. I, здаецца, вельмi ўдалая. Выстаўка прыцягвае шмат наведвальнiкаў як з лiку работнiкаў свайго калектыву, так i суседнiх, ёю зацiкавiлiся ў гарадскiм аддзеле культуры. Ужо прапаноўвалi аўтару гарадскую выставачную залу. А чаму i не, талент сваё месца знойдзе! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter