Ёсць каму ў Белгарадскай вобласці Расіі пашыраць беларускую культуру ды спяваць беларускія песні

І мы яшчэ спяём!

Аптымістычныя нататкі пра тое, што ёсць каму ў Белгарадскай вобласці Расіі пашыраць беларускую культуру ды спяваць беларускія песні
Аптымістычныя нататкі пра тое, што ёсць каму ў Белгарадскай вобласці Расіі пашыраць беларускую культуру ды спяваць беларускія песні


Беларус М. Грашчанка — вядомы на Белгарадчыне гарманіст
Фота: Юрый Каранько


Адна з яркіх сустрэч нашай жнівеньскай камандзіроўкі ў Белгарад была з гарманістам-земляком Мікалаем Грашчанкам. Яе арганізавалі калегі з “Белгородской правды”: намеснік рэдактара  Сяргей Яромін ды журналістка  Нэля Каліева. Апошняя, дарэчы, таксама з беларускімі родавымі каранямі, а ў Белгарад яна трапіла праз Казахстан, увабраўшы ў сябе кроў ды культуру і стэпавага народу. У каторы раз пераконваемся: сваё да свайго горнецца. Калі збіраліся ў камандзіроўку, папрасілі калег капнуць: а з кім з сацыяльна праяўленых беларусаў Белгарада варта нам сустрэцца? І яны не проста знайшлі таленавітага беларуса-гарманіста, але і пагаварылі з ім, надрукавалі ў газеце вялікі тэкст пра ўраджэнца Магілёшчыны.

Пры нашай сустрэчы з земляком, які працуе ў Белгарадскім дзяржцэнтры народнай творчасці, была і Нэля. Узнікла пытанне: калі б утварылася ў горадзе суполка беларусаў, то ці было б каму там спяваць беларускія песні? А на Белгарадчыне, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў Расіі, няма пакуль аніводнай беларускай суполкі. То можа і няма каго збіраць? “Ну што вы, нашых тут, таленавітых ды галасістых, шмат… — запэўніў Мікалай Аркадзевіч. — Нават у нашым цэнтры працуе намесніцай дырэктара Ганна Калашнікава, яна родам з Бягомля. Ды і мой сябар Віктар Слабадчук, дырэктар абласнога драмтэатра, а па адукацыі прафесійны скрыпач, да беларускай культуры ставіцца з вялікай павагай: у яго і жонка — беларуска”.

Праз гарманіста і выйшлі мы на Віктара Слабадчука. Гасцінна прымаючы нас ужо на наступны дзень, дырэктар па нашай просьбе запрасіў на сустрэчу і жонку, Галіну Міхайлаўну. Яна згадвала: яе бацька, генерал-чыгуначнік Міхаіл Вікенцьевіч Хорак — з Баранавіч родам. Пра тое, як і пра Слабадчука, мы яшчэ напішам. Як знак прыхільнасці да Беларусі дырэктар паказаў у пакойчыку пры кабінеце і вялікі, на ўсю сцяну дыван з выявай сімвалаў тэатральнага фэсту “Белая Вежа” — ён праходзіць у Брэсце. І артысты з Белгарада на ім хораша выступалі. На пытанне, ці навучыла жонка дырэктара спяваць беларускія песні, адказаў злёту: “Ды ў нас тут “Ручнікі” — любімая на ўсіх застоллях!” І паспрабаваў нават спяваць: “У суботу Янка/ Ехаў ля ракі/ Пад вярбой Алёна/ Мыла ручнікі…” Змогуць, пэўна, падцягнуць беларускую песню і некаторыя з артыстак тэатра, у якіх беларускія родавыя карані.

Як бачым, нефармальны асародак сяброў Беларусі ды нашай культуры ўжо фактычна ёсць у самым цэнтры Белгарада: тэатр знаходзіцца пры галоўнай, Саборнай плошчы горада. Між тым не выключана, што беларускія народныя песні, а таксама іншыя элементы духоўнай спадчыны нашых продкаў могуць, калі пашукаць, знайсціся і ў тамтэйшых вёсках. Адкуль высновы? Рыхтуючыся да камандзіроўкі, мы шукалі праз інтэрнэт сляды беларусаў на Белгарадчыне — і знайшлі іх. У прыватнасці, у часопісе “Современные наукоемкие технологии” (№ 9, 2005), у тэксце “Активизация межнациональных контактов в XVI-XVIII веках и их влияние на развитие традиционной культуры Белгородчины”, аўтар якога Дудка А. І., чытаем: “Наряду с русской и украинской шла белорусская колонизация южнорусских степей.

Религиозные преследования и экономическое угнетение заставляли бежать из Речи Посполитой белорусов-“прочан”. (Некаторы час Белгарадчына была нават тэрыторыяй Вялікага княства Літоўскага, потым — тэрыторыяй войнаў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай… —Аўт.) Они расселились на территории нынешних Вейделевского, Валуйского, Волоконовского, Чернянского и Красногвардейского районов Белгородской области (доказательством их белорусских корней служат мотивы и колорит вышивки народных костюмов, выполненной красно-черными нитями)”. Аўтар спасылаецца на кнігу: Жиров М. С. Народная художественная культура Белгородчины. — Белгород, 2000.

І далей у тэксце — цікавыя высновы: “Основой этнического состава Белгородского края стали потомки славян, осваивавших и облагораживавших земли. Все последующие переселенцы лишь вносили некоторые дополнения в общую демографическую ситуацию края. Спецификой колонизации Днепро-Донского междуречья стало участие в ней различных национальных групп русского, украинского и белорусского населения. Это подтверждается сходством южнорусских говоров с украинскими и белорусскими, присутствием на карте края украинских и белорусских топонимов, а в обрядовой и бытовой культуре — множества элементов, имеющих как общеславянское, так и русское, украинское или белорусское происхождение (Пры тым аўтар дае спасылкі на крыніцы: Ботова С.И., Приставкина Т.А., Рябчиков А.В. Рукотворная краса земли Белгородской. Учебно-методическое пособие. В 2-х ч. Ч.1. — Белгород, Упр. культ. адм-ции Белгородской обл. 2000. — 248 с.; Курский областной краеведческий музей. Д. 222. Отчет этнографической экспедиции Курского областного краеведческого музея за 1965 г. — Аўт.)  При анализе особенностей данного рода обращает на себя внимание преобладание русско-украинских элементов над русско-белорусскими. Это имеет свое объяснение: контакты с украинцами носили более долговременный и регулярный характер, а белорусы заметного воздействия на демографическую ситуацию в крае не оказали ввиду немногочисленности переселенцев и значительной удаленности белорусских территорий от Оскольско-Донецкого междуречья”.

Не паспрачаешся, далёка: ад Белгарада да Мінска “па трасе”, падказвае інтэрнэт, каля 950 кіламетраў. Бліжэй да Гомеля — пад 600. Ды ўсё ж мы ведаем, што і ў больш аддаленай Цюменьшчыне альбо пад Новасібірскам, Іркуцкам, Краснаярскам па гэты час ёсць беларускія вёскі. Так, перасяляліся туды нашы супляменнікі не ў XVI-XVIII стагоддзях, ды нашы культурныя ўплывы на Белгарадчыне цікава было б пашукаць. Што, дарэчы, можа быць пад сілу энтузіястам суполкі беларусаў і сяброў Беларусі, калі яна пажадае аформіцца…

Тым часам сляды беларусаў, калі задацца мэтаю, знаходзіш у сучасным Белгарадзе, бадай, на кожным кроку. Вось адзін з шафёраў рэдакцыі “Белгородской правды”, расказвалі нам, родам з Лепельшчыны. І супрацоўнік дзяржструктуры, якая вядзе нагляд за правядзеннем у вобласці будаўнічых работ, таксама каранямі адтуль. У некага родзічы ў Гомелі, а ў вахцёра рэдакцыі сваяк працуе ў Мінску: у Міністэрстве абароны…


У саліста Белгарадскай філармоніі Уладзіміра Бойкі родавыя карані са Случчыны

Яшчэ пра аднаго галасістага белгарадца з беларускімі родавымі каранямі будзе да месца расказаць. Гэта заслужаны артыст Расіі, саліст Белгарадскай філармоніі Уладзімір Бойка. Рэпертуар у барытона шырокі: спявае “ўсё, што напісана кампазітарамі ў розных жанрах”. Галоўная ж для яго класіка — оперная музыка, якая дае магчымасць голасу не губляць форму. У інтэрв’ю “Призвание певца” “Белгородской правде” (22.11.2014) — летась ва Уладзіміра Мікалаевіча было 65-годдзе — гаворыцца пра ягоны юбілейны канцэрт у філармоніі. Журналіст хоча даведацца, “откуда есть пошел” спявак, і ён згадвае пра нараджэнне ў Баку 5 лістапада 1949 года ў сям’і ваеннаслужачага. Дадае: “Тата, Мікалай Іванавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, служыў старшыной на звыштэрміновай службе ў адной з часцей. Мама, Ганна Міхайлаўна, была хатняй гаспадыняй”. І далей: “Тата звольніўся з Савецкай арміі, калі я закончыў сярэднюю школу. І мы пераехалі ў Белгарад. Тата родам з Беларусі, цяпер гэта Слуцкі раён Мінскай вобласці. Там цяпер жыве мая шматлікая радня па бацькоўскай лініі”. Уладзімір Бойка з 1979-га жыве і працуе ў Белгарадзе, у яго пяцёра таленавітых дзяцей. Сын Аляксандр — вядучы саліст Украінскай нацыянальнай оперы. Дачка Людміла жыве ў Сумах — грае ў філармоніі на кларнеце, сын Марыо “мае прыгожы высокі голас”, а Лёва — саліст ансамбля песні і танца “Белогорье”. Летась у другім шлюбе ў нашага супляменніка нарадзілася яшчэ дачка Лізавета, і шчаслівы бацька марыць, што яна таксама “пойдзе нашым няпростым музычным шляхам”.

Калі нататкі рыхтуюцца да друку, на Белгарадчыне праходзіць (19 верасня) вялікі, дзясяты па ліку Фестываль славянскай культуры “Хотмыжская осень”. Гэта сяло Хатмыжск Барысаўскага раёна, ладзіцца фэст раз на два гады “з мэтай захавання і развіцця міжнацыянальнага культурнага супрацоўніцтва ды ўмацавання сяброўскіх сувязяў паміж славянскімі народамі”. Сярод шматлікіх гасцей яго арганізатары чакаюць і “калектывы з Беларусі”. Пра тое расказвала журналістам намесніца дырэктара Белгарадскага дзяржаўнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Раманенка.

Так што беларускія песні ўжо гучаць на зямлі Белгарадчыны! Будзем спадзявацца, што іх падхопяць там і шматлікія нашы супляменнікі ды сябры Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter