“Могуць 50 тысяч падарыць, а могуць і дом”. Карэспандэнты “НГ”, пабыўшы на Палессі, пераканаліся, што і сёння вяскоўцы запрашаюць на вяселлі сотні гасцей, замаўляюць лімузіны і стараюцца зрабіць усё не горш, чым у суседзяў

Калі казаў знаёмым, што еду ў вёску на вяселле, некаторыя з неразуменнем паціскалі плячыма: што там цікавага? Бадай, толькі абавязковая бойка (гараджане стэрэатыпна прыпісваюць яе кожнаму сельскаму вяселлю). Але калі казаў, што на свята запрошана больш за дзвесце чалавек, людзі ўжо дзівіліся: няўжо ў наш час можна наладзіць такое вяселле?!  Ды яшчэ ў вёсцы, дзе вялікіх грошай ніколі не было. Аказваецца, можна, ды яшчэ як.

Рафаэла па-беларуску

Першыя, каго мы ўбачылі ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна, былі дзве жанчыны, якія цягнулі пластыкавыя начоўкі, амаль да краёў напоўненыя нарэзанай рыбай. Адразу стала зразумела, што “генштаб” вяселля знаходзіцца дзесьці паблізу.
— Сваімі сіламі справіцца немагчыма, таму мне дапамагаюць сяброўкі, сваячкі, — сустрэла нас гаспадыня вяселля маці жаніха Надзея Канановіч (у вёсцы яе клічуць Марадоніха: муж вельмі падобны на легендарнага аргенцінскага футбаліста). — Мінтая мы смажым у адной хаце, карпа запякаем у другой, наліснікі з тварагом пячом у трэцяй. Але асноўная праца ідзе тут, у летняй кухні.
Невялікі будыначак каля дома запоўнены жанчынамі, прадуктамі і смачным водарам страў. Асноўны посуд — тазікі і балейкі. Руплівая кабета разломвае адзін за другім пяць батонаў (а пасля яшчэ і шосты) і залівае іх у тазіку малаком. “На фарш”, — тлумачыць яна. А фарш мяшаюць тут жа, у пластыкавых начоўках. Вось дык маштабы! Тут мы ўпершыню пачулі такі рэцэпт блінцоў: два з паловай кілаграмы мукі, пяць кілаграмаў тварагу і пяць літраў малака.
— Надоечы закалолі вялікага парсюка — кіло пад 200, дык усё роўна фаршу не хапіла. Давялося дакупляць, — гаворыць гаспадыня. У маштабных мерапрыемствах на сваёй гаспадарцы, якая б вялікая яна ні была, не выедзеш. Таму па прадукты ў Мінск выправілі цэлы мікрааўтобус. 45 кіло курыных кумпячкоў, пару скрыняў шампіньёнаў, рыбу, сыр, той жа фарш і шмат чаго яшчэ купілі на рынку ў Ждановічах. Па спіртныя напоі (толькі гарэлкі 9 скрыняў) адправіліся ў “Еўраопт”. А яшчэ недзе ўзялі 50 літраў самагону. Такія вось кампаненты вясельнага стала на 250 чалавек, прычым толькі на адзін дзень — другі дзень забяспечваюць сваякі нявесты.
— Гарачае будзем падаваць у тры заходы, кожны раз — па дзве стравы. Але дакладна колькасць страў ніхто вам не назаве — усё тут, у галаве, — дакранулася адна з “паварых” да хусткі.
Галубцы, катлеты звычайныя, катлеты па-французску, рулеты, назвы салатаў (усяго іх згатавалі дзесяць відаў) — толькі паспявай запісваць. Нашу ўвагу прыцягнула жанчына, якая старанна круціла на мясасечку кукурузныя палачкі. Палачак гэтых ля яе ляжала шэсць вялікіх мяшкоў. “Рафаэла па-беларуску”, — адкрыла яна нам назву стравы. Перакручаныя палачкі заліваюцца згушчаным малаком, пасля з масы вылепліваюцца шарыкі, абкатваюцца ў молатых арэхах — “цукерка” гатова. Атрымліваецца, дарэчы, не горш за крамныя прысмакі.

Каханне і залёты

Вяскоўцы думаюць не толькі пра тое, каб нагатаваць пабольш ежы, але і як яе прыгожа падаць. Нам прыадкрылі некаторыя сакрэты. Палаючыя на падносе шашлыкі вынесуць для большага эфекту, калі ў зале згасне святло. Ананасы пададуць са свечкай унутры. Смажаныя кураняты, нам абяцалі, на блюдзе будуць стаяць...
Падчас гатоўкі жанчыны разважаюць пра сучасныя норавы.
— Ды якія сёння шлюбы — усё ж па залёце! — кажа адна.
— Што зробіш, калі дзеці з восьмага класа шастаюць па дыскатэках, — пагаджаецца другая. — Я сваю дачку адразу пасля школы аддала ў вучылішча, каб ніякіх вяселляў. Дык не паспела скончыць, а ўжо выйшла замуж. Затое нашыя мужыкі спакойныя, усміхаюцца ды гавораць пра каханне.
— Раней я да самага вяселля баялася прывесці свайго хлопца ў хату, каб бацька не накрычаў, — прыгадвае трэцяя. — А зараз мне дачка адказвае: знайшла дурных, сядзець у холад на лаўцы. За хлопца ды ў ложак...
— А ў нас усё па каханні! — запэўнівае маці жаніха. І спрачацца з ёй няма як. Уладзімір і Вольга сустракаюцца больш за чатыры гады, таму аб “неабдуманым кроку” не можа быць і гаворкі.

“Усе выможваюцца, каб было не горш, чым у іншых”

— Нават і казаць не хачу, колькі каштуе вяселле. Вельмі дорага, — уздыхае стрыечная сястра Марадоніхі Таццяна Фёдараўна. — Але ўсе выможваюцца, аддаюць апошні рубель, залазяць у пазыкі — толькі каб было не горш, чым у астатніх.
Вясельную эканоміку Таццяна Фёдараўна ведае не па чутках. Прыкладна за паўгода яна наладзіла спачатку сямейнае жыццё сваёй дачкі, а пасля і сына. На першым вяселлі было 350 гасцей, на другім — 250. Такі размах уражвае, асабліва калі ведаеш, што ў Хатынічах працы, тым больш высокааплатнай, зусім небагата.
— Муж пяць гадоў папрацаваў у калгасе, пасля чаго падаўся за доўгім рублём у Расію. Зараз з ім і сын ездзіць, — распавядае жанчына. — Праўда, і ў Расіі зарабіць сёння няпроста. Прапаноў стала менш, наймальнікі падманваюць, усё стараюцца недадаць грошай. Ды і на мінскіх катэджах падману хапае.
Тым не менш хатынічцы, як і многія іх суседзі, сабе на жыццё зарабляюць...
Прыйшлося напярэдадні вяселля паднапружыцца і сям’і Марадоніхі. Тым больш што вестку пра скорае свята сын паведаміў толькі ў жніўні. Муж з’едзіў на заробкі. Жаніх, студэнт-пяцікурснік педагагічнага ўніверсітэта, папрацаваў на мінскіх будоўлях. Сама Марадоніха напружана збірала журавіны. На жаль, плён ад яе намаганняў быў зусім не такі, як яна разлічвала. Закупачныя цэны на ягады ў параўнанні з мінулым годам упалі ў два з лішнім разы. Надзея Рыгораўна назапасіла ў гаражы паўтары тоны журавін, спадзявалася, што цана падрасце. Але вяселле набліжалася — і іх прыйшлося здаць. А цана тым часам вырасла толькі на 200 рублёў.

Чорны “іншапланецянін” на вясковых вуліцах

Нягледзячы на тое, што і да вёскі дакацілася рэха эканамічнага крызісу, на вяселле было запрошана прыкладна 250 чалавек (у глыбінцы не прынята рассылаць запрашэнні, а таму і дакладную колькасць гасцей падлічыць цяжка). Размясціць іх складана, але магчыма — у хатыніцкай сталоўцы. Раней вяселлі спраўлялі ў мясцовым клубе. Стол маладых стаяў на сцэне, а госці сядзелі ў зале — атрымліваўся своеасаблівы пленум партыі. Але клуб адрамантавалі, і вялікія гулянні там больш не ладзяцца.
— У нас радня вялікая, у нявесты немалая, вось і набралася гасцей, — кажа Марадоніха. — Прычым не сказаць, што гэта многа. У вёсцы на вялікія святы збіраюць усіх сваякоў, нават тых, з кім пасварыўся. Вяселле — гэта добрая нагода, каб памірыцца.
Як правіла, на вяселле ўсе прыходзяць у абноўках. Большасць мясцовых нявест з большай ахвотай купляюць шлюбныя ўборы, а не бяруць іх напракат. Суджаная Уладзіміра аказалася дзяўчынай пераборлівай, таму хлопцу давялося звазіць яе на рынак у Хмяльніцкі (менавіта туды многія вяскоўцы ездзяць па адзенне) аж два разы. Як сапраўдны мужчына, сабе жаніх выбраў касцюм без доўгіх разваг.
— Шлюбная сукенка каштавала 500 долараў. Напракат, дарэчы, браць не намнога танней. Яшчэ 600 долараў трэба заплаціць тамадзе, — назваў некаторыя выдаткі малады.
Доўга вырашалася пытанне, ці варта замаўляць лімузін. Вырашылі, што варта, і той прыехаў (здаецца, з Пінска) — доўгі, чорны, ён выглядаў на вясковых вуліцах іншапланетным караблём. Пярсцёнкі жаніх таксама набыў не простыя, а ў вядомым мінскім ювелірным салоне. Залатыя пярсцёнкі з дыяментамі павінны зрабіць шлюб трывалым і даўгавечным.
— Сярэдні памер падарунка на нашых вяселлях складае 50 тысяч рублёў з госця. Але ж прыходзяць розныя людзі: адзін можа і тры тысячы долараў падарыць, другі — дом ці кватэру, а для трэцяга і 50 тысяч ужо многа, — распавядае адна з хатыніцкіх жанчын. — Магчыма, выдаткі на падрыхтоўку свята і акупляюцца, але ж іх у асноўным нясуць бацькі. А грошы часцей за ўсё застаюцца ў маладых.

На абцасах у агародзе

У суботу — першы дзень вяселля. З самага ранку ў хату жаніха прыходзіць мясцовая “парыкмахерка”. Яна можа і пастрыгчы, і ўкладку зрабіць, і пазногці нарасціць. За святочную прычоску бярэ 20 тысяч з чалавека. Жанчыны па чарзе трапляюць пад лоўкія рукі майстрыхі — і тут адбываецца пераўтварэнне, якому пазайздросціць сам Каперфільд. Звычайныя вясковыя кабеты, якія напярэдадні ўпараныя, апранутыя хто ў што, мітусіліся на кухнях, становяцца сапраўднымі дамамі. Многіх нават не ўдаецца пазнаць. Кудысьці дзяваліся гумовыя боты, просценькія хусткі і старыя фуфайкі. Замест гэтага — туфлі на абцасах, вячэрнія сукенкі (у некаторых — з адкрытымі плячыма і спінай) і даволі стыльныя ўкладкі без усялякіх там начосаў. Вось вам і сяльчанкі!
— Вясковыя жанчыны ўсе такія, калі іх пераапрануць. А то вы прывыклі нас бачыць то ў агародзе, то ў ягадах — чаго туды прыбірацца? — з лёгкай прыкрасцю адрэагавала на наша здзіўленне сястра маладога Алёна. Учора яна цэлы дзень нешта рабіла — гатавала, капалася ў зямлі, каб высадзіць кветкі ля дома. За справамі ў вясковых жанчын не так шмат магчымасцяў прадэманстраваць сваё пачуццё стылю і густу (вячэрняя сукенка ў агародзе — людзі ж засмяюць, ды і нязручна). Таму ў святы яны выкарыстоўваюць гэтыя магчымасці па поўнай...

Што было далей, напэўна, казаць не трэба. Святочныя караваі, бацькі з іконамі, выкуп нявесты, загс, абмен падарункамі і гэтак далей — усё, як у астатніх. Праўда, падалося, што для вяскоўцаў вяселле куды большая падзея, чым для гарадскіх жыхароў. Больш тут размаху і весялосці. Хаця галоўнае не гэта, а каб шлюб быў удалым. Таму жадаем маладым здароўя, шчасця і кахання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter