«...І малаком абліты грушы»

ЖЫЦЦЁВАЯ сцяжынка кожнага чалавека мае свой пачатак. І куды б ні закідваў лёс, душа прагне дарагіх сэрцу вытокаў. Для шчырага вяскоўца Рыгора БАБЧАНКА, дырэктара КСУП «Саўгас «Камуніст» Ельскага раёна, самы запаветны куток — каля гарэзлівай ракі Случ. Дзе волаты-дубы глядзяць не наглядзяцца ў рачную плынь і цыбатыя буслы ніколі не здраджваюць сваім гнёздам, што трывала ўмацаваны на вяршынях векавых веліканаў палескіх пушчаў.

Выйшаў з друку другі зборнік вершаў дырэктара ельскага саўгаса «Камуніст» Рыгора Бабчанка

ЖЫЦЦЁВАЯ сцяжынка кожнага чалавека мае свой пачатак. І куды б ні закідваў лёс, душа прагне дарагіх сэрцу вытокаў. Для шчырага вяскоўца Рыгора БАБЧАНКА, дырэктара КСУП «Саўгас «Камуніст» Ельскага раёна, самы запаветны куток — каля гарэзлівай ракі Случ. Дзе волаты-дубы глядзяць не наглядзяцца ў рачную плынь і цыбатыя буслы ніколі не здраджваюць сваім гнёздам, што трывала ўмацаваны на вяршынях векавых веліканаў палескіх пушчаў.

СЫН хлебаробаў, Рыгор Уладзіміравіч амаль дваццаць гадоў кіруе адной з найбольш трывалых гаспадарак гомельскага Палесся. І як ні бывае цяжка апантанаму справамі дырэктару,  душа выплёсквае пяшчоту лірычных пачуццяў:

Я часам сам не маю сілы

Уцячы ад гэтай мітусні,

Адведаць родныя магілы —

Майго дзяцінства карані…

Не кожнаму дадзена вершавана адлюстраваць усплеск пачуццяў. Але, пэўна, кожнага кранаюць карані вытокаў. Гэтыя карані мацавалі ў нялёгкім жыцці продкаў з вялікага палескага роду. Ад дзядулі і бацькі пераняў радавыя традыцыі і вясковы падлетак Рыгорка Бабчанок. Разам з імі касіў росныя травы, пілаваў лес, засяваў поле, разам з братамі і сёстрамі дапамагаў маці на калгаснай ферме.

Свой талент адчуваць паэтычнае слова Рыгор Бабчанок праявіў яшчэ школьнікам, а потым і навучэнцам Смілавіцкага зааветэрынарнага тэхнікума, студэнтам заатэхнічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яго вершы друкаваліся ў газетах. Іх слухалі на вечарах аднакурснікі і выкладчыкі. А калі ўзначаліў вялікую сучасную гаспадарку, патрыятычнымі радкамі ўпрыгожыў пабудовы і вуліцы маладога пасёлка Зашыр’е. Рыфмаваныя радкі можна прачытаць на валунах, што ўладкаваны на ўскрайку старанна дагледжаных палёў, на стэндах чыста прыбраных жывё- лагадоўчых фермаў, на будынках машынна-трактарнага парку, збожжасховішчаў і іншых аб’ектах. Самыя адмысловыя вершы сабраны ў першым зборніку «Асалода», які папоўніў беларускую паэтычную ніву ў 2012 годзе.

Аднойчы ў Рыгора Уладзіміравіча спыталі, што галоўнае для вясковага гаспадара. І ён мудра адказаў, што найважней — падрыхтаваць сабе замену, выхаваць дзяцей працавітымі і спагадлівымі, зрабіць усё, каб не пусцелі вёскі і было каму гаспадарыць на зямлі. Галоўны прынцып Рыгора Бабчанка: «У Зашыр’і жыць не гожа — незаможна, непрыгожа». І сапраўды, таму хто рупіцца, не цураецца працы, тут жывецца добра. Палескім аазісам стаў патанаючы ў зеляніне кампактны пасёлак Зашыр’е, дзе два цяністыя паркі, дзе ўнікальны і, пэўна, адзіны ў Беларусі вясковы краязнаўчы музей.

Слава зашырскай зоны адпачынку «Асалода» далёка выходзіць за межы Беларусі. Сюды едуць з Мінска і Гомеля, Мазыра і Кіева, Масквы і Санкт-Пецярбурга. І гасцей ёсць чым здзівіць. Гаспадарка некалькі гадоў запар трымае першынство ў рэспубліканскім спаборніцтве па добраўпарадкаванні. Лепшыя працаўнікі саўгаса штогод атрымліваюць узнагароды на рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі». Мясцовы фальклорна-этнаграфічны калектыў носіць званне народнага, а дзіцячая школа мастацтваў — адна з лепшых на Гомельшчыне. І на ўсё знаходзіць час і сродкі дырэктар Рыгор Бабчанок. Як і на паэзію. Яго вершы пра зямлю і тых, хто на ёй працуе, пра нашы традыцыі і звычаі, пра родную хату і матулю часта друкуе і «Сельская газета». Яны пранікнуты шчырасцю і незвычайнасцю вобразаў, уменнем прыкмеціць самае яркае ў вясковым будзённым побыце.

Цвіце чаромха, вішня, сліва,

І малаком абліты грушы.

Жыву спакойна і шчасліва

Пад зорным небам Беларусі...

...Сады, палеткі, зеляніну

І майскай ночы цеплыню.

Сваё жыццё, сваю краіну

На рай замежны не змяню!

Днямі творчую скарбонку паэта-хлебароба папоўніў другі зборнік вершаў, які атрымаў назву «Вытокі». Верым, што паэтычныя радкі вяскоўца крануць чытачоў сваёй светласцю, шчырай любоўю да родных вытокаў. І што гэты зборнік не стане апошнім у творчасці Рыгора Бабчанка.

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter