Ільвіная доля Слоніма. Вандроўка ў паўночныя Афіны.

...Я шпацырую ўздоўж старасвецкіх дамкоў на беразе канала Агінскага. Я ў Слоніме, раённым цэнтры Гродзенскай вобласці. Але адкуль тут Оперная вуліца, па якой я акурат іду? Опера ж толькі ў Мінску ёсць...

...Я шпацырую ўздоўж старасвецкіх дамкоў на беразе канала Агінскага. Я ў Слоніме, раённым цэнтры Гродзенскай вобласці. Але адкуль тут Оперная вуліца, па якой я акурат іду? Опера ж толькі ў Мінску ёсць...

Опера Агінскага

Дзе тэатр? Мясцовыя жыхары мне нічога расказаць не змаглі. Паціскалі плячыма: не ведаюць, не чулі. Але быў у Слоніме тэатр. Была опера! Толькі вельмі даўно. У канцы XVIII стагоддзя.
У 1770-я гады горад узяў у свае моцныя рукі князь Міхал Казімір Агінскі, гетман (па-сучаснаму міністр абароны) Вялікага княства Літоўскага. Ягоны пляменнік Міхал Клеафас Агінскі пазней праславіцца дзякуючы свайму музычнаму шэдэўру — паланезу “Развітанне з радзімай”.
Міхал Казімір на старым Замчышчы пабудаваў пышную рэзідэнцыю ў стылі ракако. А паміж палацам і выпрастаным рукавом ракі Шчара, што пазней стаў часткай Агінскага канала, пабудаванага па загаду гетмана, паўстаў тэатр. На канале ладзіліся водныя феерыі, а парк служыў дэкарацыяй да многіх спектакляў. Паказвалі на тутэйшай сцэне не толькі оперныя творы, але і балетныя нумары. Мясцовыя майстры балета пасля сфарміравалі аснову Таварыства танцораў Яго Каралеўскай Міласці ў Варшаве. Слонім нездарма называлі паўночнымі Афінамі. Але, на жаль, гетман, не вельмі дасведчаны ў эканоміцы, улез у даўгі і прагарэў. Прыйшла ў заняпад і высокая культура.
Палац Агінскага не захаваўся да нашых дзён. Толькі канал па-ранейшаму звязвае між сабой басейны Нёмана і Прыпяці.

Сінагога ў стылі барока

Здалёк відаць вежы касцёлаў, цэркваў Слоніма. Апынуўшыся на колішнім Рынкавым пляцы, прыкмячаеш і высокі франтон сінагогі — найстарэйшай у Беларусі, заснаванай у 1642 годзе. На жаль, будынак пакуль што пустуе: няма каму хадзіць сюды на малітву — большасць яўрэяў знішчылі нацысты ў гады Другой сусветнай вайны, а тыя, хто ўратаваўся, з’ехалі ў Ізраіль. Таму прозвішча Слонім сярод жыхароў Ізраіля цяпер не рэдкаcць. А сінагога чакае рэстаўрацыі. Тут захаваўся ўнікальны інтэр’ер у стылі барока.

Апякунка і цудадзейніца

Калі я ўпершыню пабачыў маленькі каменны абразок у атачэнні карункавых шатаў ківота, то не адразу даў веры, што вось яна — тая самая ікона, пра якую так многа ў народзе існуе паданняў. Абраз Божай Маці Жыровіцкай з’явіўся ў 1470 годзе — так сцвярджае легенда. Пастухі заўважылі незвычайнае ззянне між галін дзічкі, усыпанай цветам. Падышоўшы бліжэй, яны знайшлі каменны абразок, якому пакланяюцца сёння мільёны людзей.
У XVII—XVIII стагоддзях манастыр, заснаваны на месцы з’яўлення іконы як праваслаўны, належаў грэка-каталікам. Шанавалі святыню нават папы рымскія: у 1730 годзе пантыфік даслаў з Рыма дзве залатыя кароны, якімі былі ўвянчаны постаці немаўляці Ісуса і яго святой Маці. Сёння ікона аб’ядноўвае ўсіх хрысціян краіны. Вядома безліч фактаў вылечвання людзей ад хвароб і нават уваскрэсення, што здарыліся дзякуючы малітвам людзей да нябеснай апякункі.
Жыровіцкі манастыр — найстарэйшы ў краіне. Тут дзейнічае праваслаўная духоўная семінарыя.

Леанарда да Вінчы ў Альбярціне

Альбярцін — цяпер мікрараён Слоніма. Пасёлак узнік у першай палове XIX стагоддзя як сядзіба маршалка шляхты Слонімскага павета пана Пуслоўскага. Пуслоўскія збудавалі тут палац, які захаваўся да нашых дзён. Некалі ў рэзідэнцыі знаходзіліся работы Леанарда да Вінчы, Рубенса, карціны Пітэра Брэйгеля.
Пуслоўскія заснавалі кардонна-папяровую фабрыку — у пачатку XIX стагоддзя. Яна дзейнічае і цяпер.
У 1929 годзе ў Альбярцін з Рыма прыехаў беларус Антон Неманцэвіч. Тут ён спрабаваў адрадзіць грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Але ў жніўні 1942 года гестапаўцы арыштавалі ксяндза Неманцэвіча і закатавалі.
Слонім — экуменічны горад. Варта адзначыць, што адсюль родам рэлігійны дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей. Разам з вядомым грамадскім дзеячам Антонам Луцкевічам Дзекуць-Малей выдаў у 1931 годзе адзін з першых перакладаў Новага Запавету на беларускую мову.

А ў нас водаправод!

“Слонімскі раённы” — такі цяперашні статус мясцовага музея. А калісьці гэта быў прыватны збор Юзафа Стаброўскага. Стаброўскі сабраў калекцыю кніг, зброі, рыцарскіх даспехаў, манет, археалагічных рарытэтаў. Адкрыў музей “за польскім часам”, уратаваў у гады Другой сусветнай вайны і ўрэшце перадаў у дар суайчыннікам.
Больш за ўсё мяне зацікавіла драўляная калода. Што за артэфакт? Наталля Руднева, старшы навуковы супрацоўнік музея, патлумачыла: “Глядзіце, унутры калода акавана жалезам — гэта на самай справе кавалак трубы ад першага слонімскага водаправода. Калісьці ён праходзіў ад Агінскага канала да тэатра”.
У 1937 годзе, ці то пракладваючы трубы новага водаправода, ці то капаючы яму пад падмуркі дома, у Слоніме знайшлі... галаву ідала. Так, так — язычніцкага бога! Гэта каменная статуя — яшчэ адно музейнае дзіва.

Святы Андрэй ля Льва Сапегі

Каля гасцініцы “Шчара” зіхаціць белымі мурамі новы праваслаўны храм. Спаса-Праабражэнскі сабор айцец Віктар Бакавец аднавіў на ахвяраванні вернікаў з нуля. Некалі на месцы царквы стаяў касцёл Божага Цела. Айцец Віктар вырашыў паставіць новы будынак паводле вобразу і падабенства таго храма, які быў колісь.
Недалёка ад царквы стаіць касцёл былога манастыра бернардзінак. Тут ідзе будоўля: аднаўляецца брама, якая будзе вітаць вернікаў, што прыходзяць у храм.
У касцёле колішняга кляштара бернардзінцаў цяпер праваслаўная царква Святой Тройцы. Будынак, у адрозненне ад іншых хрысціянскіх культавых пабудоў, хоць і з’явіўся ў эпоху барока, сваімі масіўнымі сценамі захоўвае напамін пра больш даўнія эпохі готыкі і рэнесансу.
Касцёл Святога Андрэя яшчэ чвэрць стагоддзя таму быў саляным складам, а цяпер — гэта візітоўка горада, бо яго ніяк не абмінеш, кіруючыся ў цэнтр з вакзала. Плошча каля храма носіць імя Льва Сапегі — канцлера (міністра фінансаў) Вялікага княства Літоўскага, які валодаў Слонімам у канцы XVI стагоддзя, пра што нагадвае герб горада — залаты леў на блакітным фоне.

Ратушная бібліятэка

Насупраць танка, помніка вызваліцелям горада ад фашысцкай акупацыі, стаіць двухпавярховы будынак з дагэтуль нявысветленай гісторыяй. Паводле адных звестак, тут яшчэ пры князю Агінскім была аўстэрыя — рэстаран і гатэль. Паводле іншай інфармацыі, гэта — ратуша. Як бы там ні было, будынак вельмі стары, з высокімі столямі, як у палацы. Цяпер тут размешчана Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Якуба Коласа.
З 1992 года працуе ў бібліятэцы Музей беларускай кнігі: выстаўлены выданні ўсіх пісьменнікаў — ураджэнцаў Слоніма і ваколіц. А іх адсюль выйшла ў свет нацыянальнай літаратуры нямала: Гальяш Леўчык, Анатоль Іверс, Алег Лойка, Васіль Супрун, Аляксей Якімовіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter