“...Каб ведалі нас у свеце!”

У пятым Міжнародным кангрэсе беларусістаў удзельнічалі навукоўцы з трынаццаці краінКалі польскаму прафесару-літаратуразнаўцу Базылю Белаказовічу, беларусу па каранях, неяк задалі пытанне, а навошта яму пры ўсёй занятасці яшчэ запаўняць анкету сябра Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, ён упэўнена адказаў: “А гэта каб ведалі нас у свеце!”І сапраўды, галоўная, акрэсленая ў статуце мэта асацыяцыі — пашырэнне беларускай прысутнасці, беларускай культуры ў свеце.
На кангрэсе беларусістаў прайшлі ажыўленыя дыскусіі і прэзентацыі новых кнігУ пятым Міжнародным кангрэсе беларусістаў удзельнічалі навукоўцы з трынаццаці краін
Калі польскаму прафесару-літаратуразнаўцу Базылю Белаказовічу, беларусу па каранях, неяк задалі пытанне, а навошта яму пры ўсёй занятасці яшчэ запаўняць анкету сябра Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, ён упэўнена адказаў: “А гэта каб ведалі нас у свеце!”
І сапраўды, галоўная, акрэсленая ў статуце мэта асацыяцыі — пашырэнне беларускай прысутнасці, беларускай культуры ў свеце. Такія задачы павінны “бегчы”, як кажуць, калі не ўперадзе “паравоза” грамадска-палітычных і эканамічных намаганняў, то, прынамсі, паралельна з ім. Бо калі, скажам, патэнцыяльны партнёр не будзе ўспрымаць Беларусь, яе гісторыю і культуру эмацыянальна, як нешта знаёмае, то наўрад ці будзе гатовы і да дзелавых кантактаў з намі. Вось дзеля такой высакароднай, а сёння і актуальнай задачы і была 20 гадоў таму створана Асацыяцыя беларусістаў: спачатку як ініцыятыўная група ў Рыме, потым як аргкамітэт у Варшаве і Беластоку, урэшце ж аформілася як грамадская арганізацыя на Устаноўчым кангрэсе ў Мінску. І яе пяты кангрэс быў юбілейным, вынікі на ім падвялі за цэлыя два дзесяцігоддзі. А вынікі ўражваюць: звыш 600 сяброў Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” працуюць у 23 краінах свету — ад Канады да Японіі, каля паўсотні міжнародных навуковых канферэнцый, сімпозіумаў і “круглых сталоў” праведзена, а выдадзена 30 серыйных зборнікаў “Беларусіка=Albaruthenica”, больш за 80 нумароў штомесячнага бюлетэня “Кантакты і дыялогі” (потым, у 1994–96 гадах, ён прадаўжаўся на старонках пад той жа назвай у газеце “Голас Радзімы”).
І тэматыка беларускай дыяспары займала вартае месца на ўсіх пяці кангрэсах. Так, у час Устаноўчага кангрэсу адбыўся “круглы стол” “Беларусы ў свеце”. Пасля трэцяга і чацвёртага кангрэсаў пабачылі свет асобныя зборнікі матэрыялаў са словам “Дыяспара” на вокладцы. Нашым славутым суайчыннікам прысвечаны і асобныя манаграфіі сяброў МАБ. Пра беларусаў за рубяжом ішла гаворка і сёлета, у дакладах блока “Беларускія асяродкі ў свеце: гісторыя і сучаснасць” (мадэратар Наталля Гардзіенка). Выступілі на ім госці з Беларусі, Польшчы і Украіны. Аб’ектам жа гаворкі сталі асяродкі ў Аргенціне, Аўстраліі, ЗША і Украіне.
Усяго за два дні кангрэсу прайшло два пленарныя пасяджэнні і 37 тэматычных, па блоках. Удзельнікаў віталі старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шчасны, намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. З дакладамі на пленарных пасяджэннях выступілі вядомыя вучоныя Эльжбета Смулкова (Польшча), Арнольд Макмілін (Вялікабрытанія), Аляксандр Лукашанец (Беларусь) і іншыя. Усяго на кангрэсе было звыш 160 удзельнікаў з 13 краін свету. Новым старшынёй асацыяцыі выбраны акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Касцюк.
Нядаўна вынікі кангрэсу былі абмеркаваны на першым пасяджэнні абноўленага камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Форуму дадзена станоўчая ацэнка. Намечаны планы на бягучы год, сярод іх — прэзентацыя кнігі швейцарскага вучонага Паўля Сутэра “Альфуркан татарскі: Каран-тэфсір татараў Вялікага Княства Літоўскага”, якая толькі што выйшла з друку, падрыхтоўка другога выдання энцыклапедычнага даведніка “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах”. Убачаць свет матэрыялы кангрэса.

Адам Мальдзіс,
ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter