«…I сэрца абпалена смагай радка»

У бібліятэцы НАН прайшла вечарына, прысвечаная Куляшову

Музычна-паэтычная вечарына «Аркадзь Куляшоў. Ад Бесядзі да акіяна», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАНБ. Арганізатарамі мерапрыемства, да якога была прымеркавана таксама выстаўка твораў паэта «…І сэрца абпалена смагай радка», разам з навуковай бібліятэкай выступіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Асоба Аркадзя Куляшова, які пакінуў невычарпальную спадчыну глыбокага маральна-этычнага, гуманістычнага і эстэтычнага зместу, займае выключнае месца ў культурнай прасторы. «Духоўнай энцыклапедыяй яго пакалення» называў Пімен Панчанка паэзію Куляшова.

Вялікая колькасць вершаў паэта пакладзена на музыку, асаблівую папулярнасць атрымала песня «Бывай…» у выкананні легендарных «Песняроў». Ён з’яўляецца таксама і сааўтарам сцэнарыяў фільмаў, такіх як «Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні» і «Запомнім гэты дзень».

Спадчына Куляшова налічвае каля 30 кніг паэзіі. Сярод экспанатаў выстаўкі і першыя зборнікі: «Росквіт зямлі», «Медзі дождж», «Па песню, па сонца!.. », асобныя публікацыі добра вядомых паэм, сучасныя перавыданні, пераклады твораў паэта на іншыя мовы свету. Асобны раздзел выставы знаёміць з таленавітымі перакладамі Куляшова на беларускую мову паэмы Аляксандра Пушкіна «Цыганы» і рамана ў вершах «Яўгеній Анегін», «Выбранай паэзіі» Міхаіла Лермантава, твораў Ясеніна, Маякоўскага, Твардоўскага, Ісакоўскага і іншых. Раздзел выставы аб жыцці і творчасці А. Куляшова дэманструе літаратурную крытыку і асноўныя напрамкі даследавання яго літаратурнай спадчыны.

На вечарыне выступіў фальклорны ансамбль «Ліцвіны» пад кіраўніцтвам унука А. Куляшова Уладзі-міра Берберава, адбылася прэзентацыя малюнкаў пачынаючай мастачкі Алесі Іса, праўнучкі А. Куляшова, паказалі ўрывак са спектакля «Майго юнацтва крылы».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter