...I няма ў музыкі канца

Аркестр Міхаіла Фінберга даў канцэрты для жыхароў Чачэрска

Шмат незабыўных уражанняў пакінулі ў аматараў музычнага мастацтва выступленні знакамітых беларускіх музыкантаў у рамках свята «Чачэрскія сустрэчы-2013»

Стала ўжо традыцыяй для калектыву Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі прафесара Міхаіла Фінберга з надыходам вясны накіроўвацца ў творчую вандроўку на Гомельшчыну.

Сёлетні красавік не стаў выключэннем: у рамках VII свята беларускай музыкі «Чачэрскія сустрэчы» калектыў наладзіў некалькі яркіх імпрэз для жыхароў Чачэрска і вяскоўцаў. Зусім невыпадкова старт ім быў дадзены ў культурнай «жамчужыне» чачэрскай зямлі — будынку ратушы, дзе зараз размяшчаецца раённы гісторыка-этнаграфічны музей. Сюды на рандэву са сталічнай творчай групай завіталі не толькі кіраўнікі раёна, дэпутаты беларускага парламента, але і ганаровыя грамадзяне Чачэршчыны, якіх прадстаўлялі прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Леанід Сасноўскі і член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Міхась Болсун. Напачатку — размова аб справах музычнага калектыву, творцах і іх творчасці.

— Аркестр Міхаіла Фінберга па-сапраўднаму з’яўляецца візітоўкай нашай краіны, — зазначыла доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. — У рэпертуары аркестра — творы розных жанраў і стыляў: ад музычнай спадчыны да сучасных. Гадоў дваццаць таму нават не верылася, што эстрадны калектыў зможа адрадзіць старадаўнюю беларускую музыку, а сёння яе могуць слухаць паўсюдна, дзе выступае аркестр. Скажам шчыра: не надта ахвотна едуць артысты ў чарнобыльскую зону, малыя гарады. Калектыў маэстра Фінберга, наадварот, рэгулярна выступае ў Чачэрску, Хойніках, на старажытнай тураўскай зямлі. Варта дадаць, што частка твораў, якія выконвае аркестр, ахвотна ўключаецца ў праграму падрыхтоўкі музыкантаў у каледжах і профільных ВНУ...

У сваю чаргу гаспадары свята распавялі гасцям пра здабыткі Чачэршчыны ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Як адзначыў старшыня Чачэрскага райвыканкама Іван Ком, адметным поспехам працаўнікоў раёна стала прысуджэнне яму па выніках мінулага года другога месца ў вобласці сярод рэгіёнаў з насельніцтвам да 30 тысяч чалавек. Дарэчы, Чачэршчына захоўвае такое лідарства ўжо другі год запар. Адным з актуальных пытанняў для раёна з’яўляюцца інвестыцыі ў вытворчую, будаўнічую і сацыяльную сферы.

...У сценах чачэрскай ратушы панавала музыка. Сваё выканаўчае майстэрства прысутным прадэманстравалі ўдзельнікі ансамбля салістаў на драўляных духавых інструментах пад кіраўніцтвам дацэнта Івана Брычыкава. Як працяг — пад старажытнымі скляпеннямі разнесліся гукі флейты і кларнета, тут адбыўся канцэрт беларускай інструментальнай музыкі. Затым надышоў час сустрэчы з нацыянальным музычным мастацтвам у вяскоўцаў. Выступленне музыкантаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі адбылося на сцэне Залескага кінаканцэртнага цэнтра. Да ансамбляў духавікоў тут далучыліся выканаўцы на струнных інструментах. Большасць выкананых артыстамі нумароў праходзіла на біс. А завяршыў праграму свята беларускай музыкі «Чачэрскія сустрэчы» вялікі канцэрт у кінаканцэртнай зале «Кастрычнік» Чачэрска. Лепшае з калекцыі любімых песень жыхарам горада прапанавалі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў салісты аркестра Юрый Вашчук, Дзмітрый Качароўскі, Таццяна Глазунова, Наталля Тамела, Прыма-Вера і іншыя выканаўцы. Дырыжыраваў аркестрам у гэты цудоўны веснавы вечар сам маэстра Міхаіл Фінберг.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter