...I дыхае вечнасцю крохкае шкло

У Гомелі адкрылася ўнікальная выстава малюнкаў на шкле

У культурнай сталіцы Беларусі і СНД Гомелі адкрылася ўнікальная выстава малюнкаў на шкле

Лічыць сябе шчаслівым магу яшчэ і таму, што ў сваім асэнсаваным дзяцінстве ў пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя змог дакрануцца да ўнікальных крыніц народнай культуры. Памятаю матуліны рамкі-вышыванкі з яркімі букетамі, якія аздаблялі хатнія сцены, распісаны прасторны куфар з каванымі вугламі і злучальнымі металічнымі палосамі... Адну з тых вышыванак у час нядаўняга прыезду на радзіму знайшоў на гарышчы хаты. Аб каштоўнасці яе цяпер, пасля наведвання выставы малюнкаў на шкле ў гомельскім палацы Румянцавых—Паскевічаў, прадстаўленых з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, магу меркаваць упэўнена.

— Побач з вышыванкамі і распіснымі куфрамі ўпрыгожванне жылых будынкаў каляровымі вітражамі стала адным з папулярных відаў народнай творчасці беларусаў, асабліва распаўсюджаным з 20-х па канец 50-х гадоў мінулага стагоддзя, — падтрымлівае гутарку дырэктар музейнай установы Святлана Лакотка. — Менавіта імкненне да прыгажосці дапамагала народным майстрам ствараць цудоўныя ўзоры народнай творчасці, у тым ліку і ў шкляным роспісу...

Даследчыкі сцвярджаюць: гэты від мастацтва даволі старажытны. Тэх-ніка роспісу шкла зыходзіць да старажытных часоў існавання Візантыі. Яшчэ ў час захопу Егіпта Аляксандрам Македонскім і ўтварэння Александрыі шкляныя вырабы аздаблялі неабпаленымі алейнымі фарбамі. У эпоху Адраджэння такі роспіс быў распаўсюджаны ў заходнееўрапейскіх краінах, у тым ліку Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі беларускія землі. У прыватнасці, сярод сялян, якія малявалі не толькі на традыцыйных матэрыялах — дошках, тканіне, але і на шкле. Напачатку гэта былі малюнкі сакральнай накіраванасці, а размяшчаліся гэтыя жывапісныя іконы ў чырвоных кутках жытла, гаспадары якога ганарыліся імі, як дарагім набыткам.

У адрозненне ад нашых суседзяў — палякаў і прыбалтаў, узоры рэлі-гійнай тэматыкі па прычыне крохкасці зыходнага матэрыялу — шкла — дайшлі да нас у адзінкавых экзэмплярах. Два такія — «Маці Божая Адзігітрыя» і «Хрыстос Пантакратар», знойдзеныя даследчыкамі ў Камянецкім раёне Брэстчыны і Веткаўскім Гомельскай вобласці, — ёсць у калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і прадстаўлены наведвальнікам выставы ў Гомелі. Увогуле ж музей-скансэн (пад адкрытым небам), які размешчаны... на 150 гектарах за чатыры кіламетры ад Мінскай кальцавой аўтадарогі, там, дзе зліваюцца рэкі Менка і Пціч, з’яўляецца сховішчам унікальных архітэктурных, прадметных помнікаў беларускага этнасу XVIII — пачатку XX cтагоддзя, якія адлюстроў-ваюць традыцыйны побыт, рамёствы і заняткі нашых продкаў у гэты гістарычны перыяд. Экспазiцыя ўключае каля 25 аб’ектаў драўлянага дойлідства і звыш 22 тысяч разнастайных экспанатаў, знойдзеных даследчыкамі народнай культуры ў розных кутках Беларусі (апрача Гродзеншчыны). Яны аб’яднаны ў экспазіцыйных сектарах па гісторыка-рэгіянальным прынцыпе: Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе, Паазер’е.

«Шкляны» жывапіс займае ў музейных фондах скансэну хоць і колькасна невялікую, але зместава адметную частку. Большасць у работах беларускіх мастакоў-рамеснікаў — сімвалічныя выявы таго прыгожага, на што традыцыйна скіроўваліся погляды (і сімпатыі) беларусаў: распісныя рамкі для сямейных фота-здымкаў, жаночыя партрэты, пейзажы, букеты... Асобныя работы ўражваюць не толькі майстэрствам напісання, але і адметнай тэхналогіяй дэкарыравання. Двухбаковым нанясеннем на шкло фарбы, асабліва ў пейзажных работах, ствараецца прасторавае бачанне. Асаблівы эфект успрымання надае выкарыстоўванне ў работах народных мастакоў фарбаванай паперы, алюмініевай фольгі і іншых матэрыялаў, што павялічвае агульны эфект успрымання малюнкаў. Дарэчы, даследчыкі кажуць пра адметную тэндэнцыю аўтарства роспісу: калі ў прыродна-кветкавай па-літры, як правіла, угадваецца рука жанчыны-мастака, то жаночыя выявы на шкле — выключна прэрагатыва моцнай паловы. Дарэчы, дакладна ўстаноўлена, што адзін з прыгожых жаночых партрэтаў, што ўбачылі наведвальнікі выставы ў Гомелі, намаляваў народны майстар Мікалай Салавей.

Гамяльчане, якiя завіталі на адкрыццё ўнікальнай выставы, наладжанай у гомельскім палацы Румянцавых—Паскевічаў, у размове з карэспандэнтам «Р» падкрэслівалі, што яны атрымалі ад убачанага і пачутага тут (апрача жывапісных работ, радавалі прыхільнікаў мастацтва на выставе народнай музыкай і спевамі артысты народнай вакальнай групы «Калініца») вялікую эстэтычную асалоду. Каб падарыць яе жыхарам культурнай сталіцы Беларусі і СНД, гасцям горада над Сожам, супрацоўнікi Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і іх гомельскія калегi прыклалі нямала намаганняў.

— Зноў жа, улічваючы далікатнасць матэрыялу, музейныя фонды нячаста практыкуюць выставы шкла, асабліва ў фармаце перасоўнага праекта, — адзначыла на адкрыцці выставы дырэктар музея гісторыка-культурнай установы «Гомельскі палаца-паркавы ансамбль» Аксана Торапава. — І тое, што мы са сваімі калегамі з Міншчыны знайшлі паразуменне і ўпершыню рашыліся на такі крок, падкрэслівае як наша агульнае імкненне, каб музейныя фонды краіны былі даступныя для ўсяго насельніцтва краіны, незалежна ад тэрыторыі пражывання, так і выключнасць сённяшняй падзеі.

...Перад ёй, прызнаюцца арганізатары, спатрэбілася каля года карпатлівай працы над работамі народных майстроў, рэстаўратараў. Тым не менш знойдзеныя і захаваныя музейшчыкамi крышталінкі ўнікальнай народнай творчасці — своеасаблівы масток з гісторыі ў сучаснасць. Тую, дзе шкляны роспіс становіцца ўжо не столькі прадметам эстэтычнага задавальнення, колькі модным захапленнем і, улічваючы сваю дарагоўлю, адметай шыку і рэспектабельнасці ўладальнікаў. Што ж, як кажуць, кожнаму часу — свае песні. Ды толькі сустракаючы падчас раскошныя і нярэдка безгустоўныя вітражы ў дызайне прыватных кватэр і грамадскіх пабудоў, душа чамусьці пачынае імкнуцца да наіўных лубачных малюнкаў на шкле, маміных вышыванак, ад якіх вее нейкай невыказнай шчырасцю і чысцінёй...

На здымку: наведвальнiкi выставы знаёмяцца з экспанатамi.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter