... I душу дрэва зразумець

Першае, што адчуваеш, трапiўшы ў гэтую залу Старадарожскага палаца культуры, – здзiўленне i адначасова захапленне. Здаецца, апынуўся ў нейкiм незвычайным, казачным свеце. Вочы разбягаюцца ад мноства драўляных фiгурак. Чаго тут толькi няма: хiтрун-лесавiк, злыя чэрцi, пано на тэму казкi «Дзяўчына-яблынька», Сымон-музыка. I стварыў увесь гэты непаўторны свет адзiн чалавек – Iгар Лiзура.
Першае, што адчуваеш, трапiўшы ў гэтую залу Старадарожскага палаца культуры, – здзiўленне i адначасова захапленне. Здаецца, апынуўся ў нейкiм незвычайным, казачным свеце. Вочы разбягаюцца ад мноства драўляных фiгурак. Чаго тут толькi няма: хiтрун-лесавiк, злыя чэрцi, пано на тэму казкi «Дзяўчына-яблынька», Сымон-музыка. I стварыў увесь гэты непаўторны свет адзiн чалавек – Iгар Лiзура. Талент лiчыцца нечым таямнiчым, загадкавым, дадзеным ад Бога. Так можна сказаць i пра Iгара Iванавiча. Напэўна, многае яму перадалося па генах ад дзеда Вiкенцiя Францавiча Дзятко. Той быў адмысловым майстрам-лыжачнiкам. Ведалi яго ва ўсёй акрузе. Iгар Лiзура скончыў школу, затым лесатэхнiчны тэхнiкум. Адслужыў армiю. Тэрмiновую – у Беларусi, а некалькi гадоў звыштэрмiновай – на Урале. Там i застаўся. Працаваў мастаком-афармiцелем на адным з заводаў Нiжняга Тагiла. Маляваў плакаты, карыкатуры. Але адчуваў, што гэта зусiм не тое, чаго жадаюць душа i рукi. Пачаў выразаць розныя фiгуркi з пенапласту. Так з’явiлiся Дон Кiхот i яго верны збраяносец Санча Панса, гарэзлiвы бравы салдат Швейк, гномы. Аднак пенапласт не мог замянiць яму дрэва. Бо, перакананы Iгар Iванавiч, менавiта яно мае душу. Дрэва заўсёды цёплае i жывое. Гэта не тое, што халодны метал цi мертвая косць. З iм можна размаўляць. У кожнага дрэва – цi то дуб, бук, бяроза або лiпа – свой характар i нораў. Важна толькi зразумець iх. I тады звычайны кавалак ажыве, загаворыць, стане, напрыклад, своеасаблiвым «партрэтам» землякоў Вiкенцiя, Юзiчкi, рыбака Iвана Лiзуры. Спачатку, вядома, трэба старанна папрацаваць сякерай, каб дрэва прыняло належны выгляд, а потым ужо неабходныя штрыхi зрабiць разцом. Так з’явiлiся вобразы музыкантаў i спевакоў з ансамбля «Песняры», удзельнiкаў духавога аркестра РДК. Бег няўмольны час. I Iгара Лiзуру з далёкага Урала пацягнула на родную Старадарожчыну. У яго вершы «Бацькаўшчына» ёсць такiя радкi: Я доўга жыў далёка ад Радзiмы I не кажу, што кепска там было, Але ж хацiна бацькава манiла, Ды грэла сэрца матчына цяпло. Вярнуўшыся дамоў, Iгар Iванавiч адчуў прылiў творчых сiл, стваральнай энергii. Родныя мясцiны, людзi, само жыццё сталi для майстра невычарпальнай крынiцай натхнення i фантазii. Творца плённа працуе. У вынiку з’яўляецца серыя работ па гiсторыi Старадарожскага краю. Iмi ўпрыгожваецца раённы Палац культуры. У мясцовай бiблiятэцы знаходзiцца дванаццаць выдатных пано, аб’яднаных адной назвай – «Беларусь». Работамi Лiзуры аздоблена Свята-Мiкалаеўская царква ў горадзе. У лiпенi 2001 года Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка прымаў удзел у адкрыццi Палаца культуры. Тады Iгар Iванавiч падарыў яму сваю арыгiнальную работу пад назвай «Хакеiсты». Асобны накiрунак творчасцi майстра з глыбiнкi – шахматы. Яны незвычайныя. У Iгара Iванавiча iх каля дзесяцi вiдаў. У тым лiку на тэму вайны, рэвалюцыi. На шахматным полi разыгрываюцца паядынкi памiж Сталiным i Гiтлерам i iх «палкамi». А супраць iмператара Мiкалая i царыцы «ваююць» Ленiн i Крупская. — Наогул, — кажа дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Людмiла Кутазава, — гiстарычная тэматыка ў творчасцi Лiзуры займае выключна важнае месца. Напрыклад, трыпцiх «Кулiкова поле», кампазiцыi «Хатынь», «Бiтва на Калцы». Майстар па-свойму асэнсоўвае тыя падзеi, даючы iм ўласную iнтэрпрэтацыю. Адзiн час Iгар Iванавiч кiраваў гуртком разбяроў у раённым Доме дзiцячай творчасцi. Вучыў хлопчыкаў не толькi працаваць з разцом, але перш за ўсё ў звычайным прыкмецiць нешта незвычайнае, зразумець i адчуць душу дрэва, данесцi ўсё гэта да людзей. «Школу» Лiзуры закончыла больш за дзвесце падлеткаў. Не аднаму з iх яна дапамагла знайсцi прызванне ў жыццi – паступiць i паспяхова закончыць мастацкае вучылiшча № 15 у Бабруйску па спецыяльнасцi «разьба па дрэве». — У 1998 годзе ў Мiнску праходзiла персанальная выстаўка Лiзуры i была прысвечана 60-годдзю з дня нараджэння майстра, — гаворыць Людмiла Iванаўна. – Адзiн з наведвальнiкаў зрабiў-такi запiс: «Разбяроў на Беларусi многа, але такiх адметных, з такой фантазiяй i тэхнiкай, як у Iгара Iванавiча, няшмат. Яго сюжэты, гумар, фiлiграннасць работ нi з якiмi iншымi не зблытаеш». Выстаўкi твораў Лiзуры наладжвалiся не толькi ў Беларусi. Яго дзiўныя драўляныя вырабы мелi магчымасць паглядзець жыхары Польшчы, Аўстрыi, Германii, Францыi. …Гартаю кнiгу водгукаў. Колькi тут цёплых i шчырых слоў у адрас Iгара Iванавiча – стваральнiка дзiвосаў i чараўнiка, майстра спалучыць быль з небылiцай, вялiкага жыццялюба, якi радуе людзей добрай i вясёлай казкай у наш жорсткi век. Аб адным пашкадаваў, што не маю магчымасцi ўбачыцца з Iгарам Iванавiчам i пагутарыць з iм. Аб усiм даведаўся са слоў Людмiлы Кутазавай. Мне сказалi, што ён паехаў у свае ранейшыя мясцiны – на Урал. Магчыма, невыпадкова ў лёсе гэтага чалавека расiйскi Урал i беларуская Старадарожчына звязалiся ў адну пуцяводную нiць. Вiдаць, менавiта яна гарманiчна спалучыла ў яго душы i жыццi талент, натхненне i высокае iмкненне несцi людзям святло, радасць творчасцi, жаданне адкрыць цудоўнае.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter