Людмила Кебич: "Мы сами разбаловали наше молодое поколение, которому все можно и всего мало"

«Гультайства — першая загана, якая рухае да непрыемнасцей»

Паэтэса і публіцыст Людміла Кебіч — пра пісьменніцкую суполку, дасягненні калег і выхаванне моладзі


Старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла КЕБІЧ — паэтэса, празаік, публіцыст. Усё жыццё на варце слова, якое стала для яе і аддушынай, і адхланнем, верай, надзеяй, высокай мэтай. Людміла Антонаўна — лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама за творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Ушанавана нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Але, бадай, самая галоўная для яе ўзнагарода — чытацкае прызнанне, павага і добразычлівае стаўленне калег, разам з якімі Людміла Кебіч бярэ найвялікшую вышыню — абуджае душы чалавечыя да высокамаральнасці і напаўняе іх дабрынёй і любоўю. Мы пагаварылі з Людмілай Антонаўнай не толькі пра яе творчы шлях, але найперш пра дасягненні калег і пра тое, чым зараз жыве пісьменнік і ці ўсім задаволены?

— Людміла Антонаўна, колькі сяброў у вашай абласной творчай суполцы, на каго з іх раўняецца моладзь?

— У нас 44 пісьменнікі, сёлета прынялі пяцярых. Каб уступіць у нашу арганізацыю, недастаткова выдаць дзве кніжкі — трэба з гонарам заявіць пра сябе. Нядаўна папоўніла суполку празаік Кацярына Насута, якая выпусціла каля сотні фантастычных раманаў пад псеўданімамі Карына Дзёміна, Кацярына Лесіна, супрацоўнічае ў тым ліку з расійскімі буйнымі выдавецтвамі. Цяпер з намі публіцыст Аляксандр Сявенка — памежнік, сур’ёзны краязнаўца, вайсковы журналіст, аўтар дзвюх значных публіцыстычных кніг; паэтка На­дзея Салейка са Слоніма — і спявачка, і народны майстар па вырабах з гліны і металу, прадстаўляе творчасць на «Славянскім базары ў Віцебску». Тэрапеўт з Ваўкавыска Таццяна Лазарчык выдала тры паэтычныя кніжкі, а Андрэй Татур папоўніў наша аддзяленне пасля перамогі ў абласным конкурсе рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі «Адкрыццё года». Не пабаюся адказнасці, калі скажу, што нашы літаратары старанныя і таленавітыя. Сапраўднай беларусачцы Вікторыі Смолка 25 гадоў, а ўжо гучна заявіла пра сябе! Ганна Скаржынская-Савіцкая атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію, таксама лаўрэат прэмій імя Дубко і Цёткі, выдала каля 20 празаічных кніжак. Творы дзіцячых пісьменнікаў Таццяны Сучковай і Віктара Кудлачова ўключаны ў школьную праграму. «Вы ўсюды ездзіце, кніжкі выдаяце», — нібыта папракаюць, бывае, некаторыя літаратары не з нашага аб’яднання. Дык устаньце і вы з канапы! Хто перашкаджае? Мала — толькі пісаць, трэба папулярызаваць, ствараць сабе імя.

— Як прывіваеце любоў да пісьменніцтва і Айчыны сваім маладым сябрам?

— Арганізавалі Гродзенскую грамадска-літаратурную школу, куды прыходзяць школьнікі, студэнты, дарослыя, людзі на заслужаным адпачынку. У якасці экспертаў запрашаем пісьменнікаў і навукоўцаў, якія чытаюць карысныя лекцыі і праводзяць практычныя заняткі. Так, жадаючыя даведваюцца новае пра стыль або вобраз у літаратуры, мастацкія сродкі, сакрэты напісання рамана, жанры ў вершах. Замацоўваем тэорыю на практыцы. Аляксею Пяткевічу прапануем пакрытыкаваць аўтараў нашага альманаха. Самая натуральная вучоба. Таксама пяць гадоў у нас працуе дыскусійны грамадскі клуб «Словадром», дзе вучымся прыгожа палемізаваць на розныя тэмы — забруджвання мовы запазычаннямі, мэтазгоднасці ўжывання псеўданімаў. Палеміка культурная, але часам — да аголеных нерваў. Заводзяцца ўсе — ад рабочага да доктара навук… А задае добры тон бяседзе мой намеснік, паэт, літаратуразнаўца і крытык Дзмітрый Радзівончык.

— «Гэта як надзённая патрэба, // Як пакутнай радасці імпэт. // Вам, мой любы, не хапае неба? // Што ж, віншую! // Вы, сябрук, — паэт» — пішаце ў адным са сваіх вершаў. Калі творцу не хапае неба, то чаго, на вашу думку, не хапае землякам, у асноўным гарадской моладзі, якая ў свой час выходзіла на плошчу?

— Над гэтым пытаннем задумвалася задоўга да сучасных падзей. У мяне трое дарослых дзяцей, тым больш увесь час працавала з моладдзю, прычым з творчай, выкладала ў каледжы мастацтваў і была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а значыць, ідэолаг. На працягу 40 гадоў назірала, як студэнты мяняліся, станавіліся больш вольнымі, незалежнымі, адважней выказваліся. Пэўную разбэшчанасць прынеслі наркотыкі, хай не ў наш каледж, але ў цэлым у асяроддзе. Я ўвесь час паўтарала, каб дзеці адкрыта казалі, чаго ім хочацца ці не хапае. Навошта ствараць сабе праблемы, калі ў свеце ёсць найлепшы наркотык — мастацтва. Карціну маляваць або гадзінамі прасе­джваць за музычным інструментам — ці не зацягвае?!

Моладзь, якой зараз да 30 гадоў, нарадзілася падчас перамен, на гэты ж перыяд прыпала і пара маладосці іх бацькоў, якія выгадавалі пакаленне без грамадзянскай самасвядомасці. Распесцілі яго, распусцілі, усё дазволілі… Між тым забыліся пра выхаванне душы і працавітасці. Самае складанае, яшчэ мой тата казаў, — гультайства. Некаторыя дзяўчаты і хлопцы самі не ведаюць, чаго ім хочацца, бачаць толькі напускны глянец Заходняй Еўропы ці Амерыкі, хаця ніколі туды не ездзілі. А мой сын раней быў і вярнуўся, сказаўшы: «Мама, няма нідзе лепей, чым у нас дома, ніхто нас там не чакае і грашыма не абсыпле». Толькі першыя дні могуць пратрымацца ружовыя акуляры, потым сутыкаешся з рэальнымі праблемамі. Мой брат пражыў 30 гадоў у Берліне, ён высокакласны гітарыст, іграў у многіх аркестрах свету. Дык не раз плакаў: «Што мы тут з жонкай робім у чужой краіне?» Чакаў, пакуль дзеці падрастуць і зможа вярнуцца ў Гродна, дзе дагэтуль пустуе кватэра. Аднак маладым памёр. У той жа Германіі, казаў брат, няма гуманнасці. Ведалі выпадкі, калі спазніўся на хвіліну да пачатку экзамену — і быў пакінуты на другі год, пэўнага ўзросту дасягнуў — ідзі з бацькоўскага дома, а ў нас? У нас гэтай гуманнасці, наадварот, замнога.

— Ці выйшаў хто з Саюза пісьменнікаў па палітычных поглядах?

— Адзін хлопец. Схільнасці да бунтарства ў яго былі і раней, падчас вучобы, але, уступіўшы ў нашу арганізацыю, супакоіўся. Любіў нас, яму тут падабалася. Ды сказаў, што хоча выступаць пад бчб-палатном. Разумею, што прычынай такіх поглядаў маглі стаць асабістыя цяжкасці. А каму лёгка? Помню час свайго сталенння, гэта канец
1960-х. Дзяўчынкай з бантамі паехала паступаць у музвучылішча ў Маладзечна і паступіла, пераадолеўшы конкурс у дзесяць чалавек на месца. Бацькі ні разу не прыязджалі, а зараз як? На машыне сустрэлі, у Мінск завезлі, ежы надавалі… Мне мама прысылала ў месяц восем рублёў, з якіх трэба было заплаціць за кватэру. Так што неабходна параўноўваць цяперашні час з мінулым і расказваць. Мае ўнукі перад сном любяць са мной пагаварыць: «Бабуля, як раней было?» І я ўспамінаю, як мама нам шыла сукенкі. Цяпер усё можна купіць, а раней прадавалася толькі тканіна, ва ўсіх былі швейныя машынкі, і ў мяне стаіць дагэтуль. «Бабуля, а калі лепш жыць?» Канечне, зараз… Нашай дзяржаве толькі 27 гадоў, той жа Амерыцы — больш за 100. Мы моцна сталі на ногі і расцём, паказваючы прыклад іншым. Гэта непакоіць нядобразычліўцаў.

— Кіруеце Гродзенскай арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі 16 гадоў. Якія станоўчыя ці адмоўныя змены адбыліся за гэты час? Што трэба зрабіць, каб павысіць у сучасным капіталістычным свеце прэстыж пісьменніка?

— Пра нашу суполку, аўтараў у вобласці і краіне ведаюць. Помню, у 40 гадоў выпусціла сваю першую кніжку і павезла яе ў Мінск, бо пра абласное адгалінаванне пісьменніцкай арганізацыі не ведала. Шаснаццаць гадоў назад, калі быў створаны сучасны дзяржаўны Саюз пісьменнікаў, літаратурнае жыццё на Гродзеншчыне разварушылася. Пра нас ведаюць, усюды запрашаюць. З Саюзам кампазітараў рыхтуем абласныя канцэрты-падзеі кшталту рэспубліканскай «Песні года» — гучаць творы мясцовых кампазітараў на вершы нашых паэтаў. Да прэзентацый Саюза беларускіх мастакоў пішам паэтычныя замалёўкі на карціны, дадаём жывое музычнае суправаджэнне — з такімі праграмамі гастраліруем па Беларусі. А публікацыі даўно выйшлі за межы нашай краіны… Удзельнічаем у міжнародных праектах Гродна — Варшава — Рыга — Талін — Вільнюс, «Мастах сяброўства» з Разанню, Растоўскай вобласцю, Калінінградам, Рыгай, Азербайджанам.

— «Не ружа я, а палявая кветка. // Затое маю ўласны голас свой… // Я Прынямоння вечнага паэтка, // І тчэцца тут жыцця майго сувой». Людміла Антонаўна, наколькі моцнай у паэта павінна быць любоў да Айчыны і як яна спрыяе творчасці?

— Тэма радзімы — невычэрпная крыніца натхнення. Заслужаны настаўнік Беларусі Алесь Белакоз наказаў мне ў свой час пісаць пра Бацькаўшчыну, прасякнуцца ёю. Я шчыра і горача яе люблю, як і родны гарпасёлак Краснасельскі на Ваўкавышчыне. Вырасла ў прыгажосці — сярод карцін, намаляваных татам, сярод ягонай музыкі, бо іграў на ўсіх інструментах. Мама — настаўніца малодшых класаў — пісала вершы, шыла, вязала, ткала дываны. У нас дома суседзі-настаўнікі абмяркоўвалі прачытаныя кнігі, а я, малая, слухала разявіўшы рот. Ніколі не забудуся, як тата прынёс кніжку «Каласы пад сярпом тваім» і казаў: «Людачка, хутчэй дарастай і пачытай».

Вёскі, гарады — такія блізкія,

людзі, мова — родныя, свае,

і калі маланка злосна бліскае,

дык вясёлка сонечна ўстае.

Тое, што чужое і наноснае,

у душу ніколі не ўпушчу,

лепш у луг пайду сцяжынкай роснаю

і на ўсю акругу абвяшчу,

Што найменні самыя пяшчотныя

для радзімы любай я знайшла

і перапаўняю сшыткі нотныя

песнямі надзеі і святла.

Усіх вучу жыць светла, чыста, радасна, не разяваючы рот на чужое. Працуйце ў меру, займайцеся любімай справай, гадуйце дзетак, усынавіце пакінутых. І ўсё будзе цудоўна!

basikirskaya@sb.by

Фота з уласнага архіва Людмілы КЕБІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter