«...Гукну ў адным канцы – у другім хтось адгукнецца, ці чалавек, ці родзічаў душа?!»

У ВЁСЦЫ Старыя Шарабаі Глыбоцкага раёна каля 90 хат. Сюды пачалі вяртацца жыхары, якія некалі выехалі ў свет у пошуках лепшай долі. Больш за тое, на пастаяннае жыхарства пасяляюцца тут нават карэнныя гараджане. Адразу цяжка патлумачыць гэта. І ўсё ж зусім не апошнюю ролю ў незвычайнай з’яве адыгрывае старэйшына вёскі Ганна НОВІК. Каб звярнуць увагу на лёс сваёй вёскі, паказаць прывабнасць сельскага жыцця, былая даярка не толькі заняла актыўную грамадзянскую пазіцыю, але і пачала пісаць вершы. Ды яшчэ якія!...

Як творчасць і актыўная пазіцыя старэйшыны вёскі Старыя Шарабаі Глыбоцкага раёна Ганны Новік дапамагаюць адрадзіць родныя мясціны

У ВЁСЦЫ Старыя Шарабаі Глыбоцкага раёна каля 90 хат. Сюды пачалі вяртацца жыхары, якія некалі выехалі ў свет у пошуках лепшай долі. Больш за тое, на пастаяннае жыхарства пасяляюцца тут нават карэнныя гараджане. Адразу цяжка патлумачыць гэта. І ўсё ж зусім не апошнюю ролю ў незвычайнай з’яве адыгрывае старэйшына вёскі Ганна НОВІК. Каб звярнуць увагу на лёс сваёй вёскі, паказаць прывабнасць сельскага жыцця, былая даярка не толькі заняла актыўную грамадзянскую пазіцыю, але і пачала пісаць вершы. Ды яшчэ якія!...

Глядзяць самотна вокны,

плачуць шыбы,

Скідае яблыкі на дол

пануры сад.

Пустыя хаты,

сялянскія сядзібы

Просяць людзей:

вярніцеся назад!

— Ганна Аляксандраўна, гэтыя пранікнёныя вашы радкі сведчаць аб любві і перажыванні за сваю вёску. А што менавіта звязвае вас з ёй?

— Прырасла я да гэтай вёскі, пусціла свае карані. І, здаецца, лепшай, чым Шарабаі, няма. Тут замуж выйшла, васямнаццаці яшчэ не было. Хлопец закахаўся, згадзіўся ў прымакі. Мама, удава, кажа: «Выходзь, дачушка, мне вельмі цяжка». Тут хату будавалі потым, прасторную, вялікую. Працавала я даяркай і добра зарабляла. Я з дзяцінства любіла жывёлу. Помню, мама ўсё на рабоце, а мы з брацікам дома. Захочацца есці, возьмем кубачак і надоім у яго малака ад сваёй каровы. Пабегаўшы, яшчэ падоім. Вось так і жылі.

А ферме я аддала амаль чвэрць веку. За гэты час у мяне нарадзіліся дзве дачкі, Таня і Оля. Мама даглядала іх, а я хадзіла на работу. А ў сорак два гады, калі ўнучка была ўжо, нарадзіла сына Алёшу. Ён застаўся ў нашай вёсцы, мае сям’ю. Мы ўступілі яму сваю хату, а для сябе побач, у двары, зладзілі другую: купілі і перавезлі невялікі драўляны дом. Цяпер у мяне шэсць унукаў і дзве праўнучкі.

— Калі вас выбралі старэйшынай вёскі?

— Гэта здарылася ў 2000 годзе, калі я пайшла на пенсію. З чаго пачынала? Было шмат бабулек старэнькіх. Яны яшчэ нешта хацелі прадаць. Турботы былі дабрацца і ў царкву, бо прыпынку аўтобуснага не было. Ну вось дабілася, што зрабілі. Хадзіла з патрабаваннямі, каб краму адчынілі.

А яшчэ мы паставілі ў вёсцы вялікі крыж. Каваль Аляксандр Дубіна з Глыбокага яшчэ тады жыў, хай яму на тым свеце добра будзе, дапамог нам. Асвяцілі крыж. Было гэта якраз у першы тыдзень пасля Міколы. І цяпер кожны год у гэты дзень у нашай вёсцы свята. Бацюшка прыязджае, молімся. І такія задаволеныя, шчаслівыя людзі тады.

— Ганна Аляксандраўна, кажуць, што вы часта сустракаецеся з людзьмі, гутарыце. Усё роўна як ідэолаг які? І самае цікавае, вас слухаюць і згаджаюцца з вамі?

— Я заўсёды гавару: «Не рабі людзям благога. Рабі толькі дабро. Шануйце прыроду, родную зямлю!» Так выхоўвала і сваіх дзяцей. Сын, як вырас, адвучыўся, ехаў па Глыбокім. Бачыць — ляжыць чалавек пры дарозе. Спыніўся, падышоў. Той не можа крануцца. Адно — даў нумар тэлефона дачкі сваёй. Сын пачакаў, пакуль не з’явілася дачка і не забрала бацьку. Чалавек быў не п’яны. Абяссілеў проста. А людзі праходзілі міма…

— У нас жа як, Ганна Аляксандраўна, часта бывае: ляжыць чалавек на тратуары, ля плота — значыць, п’яніца.

— Што праўда, то праўда. Асабіста са мной была наступная праява. Неяк прыехала я ў Глыбокае, зрабіла свае справы, сабралася падацца дахаты, і тут мне стала кепска. І сяджу пад плотам ледзь жывая. Ля мяне прайшлі мо каля сотні чалавек, і ніхто не звярнуў увагі. Мяне потым, калі трохі адпусціла, нават смех стаў браць: «Мо хто капейку якую падасць?» Але падышлі двое мужчын сярэдняга ўзросту і спыталі: «Можа, вам дрэнна?» Затым падобнае ж пытанне задала жанчына з дачушкай. Я гатова была пакланіцца ім у ногі… Трэба заўсёды памятаць пра дабро, звяртаць увагу на старасць, не абыходзіць бокам.

— Кажуць, вёска Старыя Шарабаі адраджаецца, хоць яна і не аграгарадок, і ў свой час яе пакінула шмат людзей?

— Гэта так. Хаця ў нас тут няма возера і лесу паблізу, аднак людзі едуць. І што адметна — будуюцца. Так, Міхаіл Асіповіч ладзіць новы дом. Атопкіны купілі хату для сына Паўла. Дзіма Пучынскі набыў дом. Гэта зусім малады хлопец. Шмат людзей сярэдняга ўзросту. Сям’я Чэся і Галіны Пучынскіх. Але асабліва мне падабаецца шматдзетная сям’я Уладзіміра Мішуты, слесара райаграсэрвіса. Даглядаў ён у вёсцы сваю бабулю два гады. А калі яе не стала, пераехаў з Глыбокага ў пакінутую хату, хаця ў горадзе мог атрымаць амаль бясплатную новую кватэру. Не захацеў. У яго чацвёра дзетак. Рамантуе, пашырае дом.

— То ў вашай вёсцы, напэўна, і пустуючых хат не засталося?

— Стаіць яшчэ некалькі. Як пагляджу на іх, то ажно на сэрцы млосна. Балюча не толькі за тое, што пустыя, а таму, што ёсць людзі, якія б жадалі ў гэтых дамах пасяліцца. Звоняць мне з Глыбокага, а дакументаў на жыллё няма. Каб зрабіць іх, патрэбны час і грошы. Таму гаспадары пустуючых хат на пытанне: «Чаму стаіць захламлены дом?» адказваюць абыякава: «А няхай пастаіць. Мне ён не перашкаджае!» Дапамагаем людзям з афармленнем дакументаў. З разуменнем да гэтага пытання падыходзіць мясцовая ўлада. Маю на ўвазе работнікаў Карабоўскага сельскага Савета.

— Ганна Аляксандраўна, пра родную вёску вы напісалі шмат вершаў. Прачытайце, калі ласка, што-небудзь.

— Ну вось гэты , «Адгалоскі» называецца.

Адгалоскі ў лесе —

гэта водгук

ствалоў мнагалеткаў,

Адгалоскі ў гарах —

гэта стогны ў нетрах зямлі.

Адгалоскі ў полі —

галасы нашых продкаў.

Тут іх душы ступаюць

па мяккай раллі.

Гэта поле яны засявалі,

аралі

У спёку летам,

і ўвосень пахмурныя дні.

Сваім потам яго,

як дажджом, палівалі,

Жыта жалі на вузкай

палосцы зямлі.

Кожнай жменьцы,

снапочку паклон аддавалі,

Тут, пад мыдляй,

кармілі дзяцей,

спавівалі,

У лубяначку клалі,

вятры іх люлялі.

Потым, ніўку дажаўшы,

песні спявалі.

І плылі па-над полем

мілагучныя ноткі,

Чулі — адгуквалі ім іхнія

продкі.

— Проста выдатна. Вашай паэзіі, Ганна Аляксандраўна, змогуць пазайздросціць нават прафесійныя паэты. У ёй і свежасць, і вобразнасць, і, галоўнае, — жыццё! Як вы пачалі пісаць, калі не сакрэт, і ці друкаваліся дзе-небудзь?

— Пачала пісаць вершы ў 57 год, вось як стала старэйшынай. У школе не магла нават напісаць сачыненне. Затое вельмі шмат чытала, да дзвюх гадзін ночы. За што нярэдка перападала ад маці. А наконт публікацый? Былі ў газеце «Веснік Глыбоччыны», чытала і нават спявала па раённым радыё. Але больш пішу для сябе і сваёй вёскі, яе жыхароў, якіх люблю і паважаю.

— А можаце яшчэ што-небудзь прачытаць?

— Калі ласка.

Я ў горад не хачу,

там — цесна.

Дамы, як гмахі,

асфальт ды камень.

А ў вёсачцы маёй мне так

усцешна,

І прыгажосць наўкол,

як ні зірні.

Не, у горад я ніколі не паеду.

Тут мой куточак,

тут мая зямля.

Вясной у поле выйду,

нібы на бяседу,

Бачу сівы туман:

то дыхае зямля.

У вёсачцы маёй мне так

жывецца,

Зноў хочацца пачаць жыццё

спярша.

Гукну ў адным канцы —

у другім хтось адгукнецца,

Ці чалавек, ці родзічаў

душа?!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота з архіва аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter