Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Праект Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа — вандроўка па мясцінах Песняра — не толькі набліжае да творчай спадчыны пісьменніка, але і адкрывае бясконцую прыгажосць роднага краю

“... Дзе жыў я ціха, як у раі”

На кожным са сваіх канцэртаў спявачка, заслужаная артыстка Кыргызстана, ураджэнка беларускага Віцебска Юлія Руцкая выконвае песню на вершы Якуба Коласа “Мой родны кут”. Вельмі душэўна спявала яе і пад час Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Па прызнанні артысткі, кампазіцыя кожны раз нібы вяртае яе ў родную старонку, дзе прайшло дзяцінства, дзе жывуць бацька і сястра... Юлія Руцкая шчыра прызнаецца: “І я не ў сілах забыць родную Беларусь”.

На адным з прыпынкаў літаратурнай вандроўкі — Плошчы Якуба Коласа

Словы песні не толькі проста і лёгка запамінаюцца, але й западаюць у сэрца. І перад вачыма сапраўды паўстаюць маляўнічыя куточкі малой радзімы... У тым, падаецца мне, феномен творчасці Якуба Коласа: яна блізкая і зразумелая ўсім. “У кожным узросце мы знаходзім свайго Коласа і пасля вяртаемся да яго зноў і зноў, — упэўнена дырэктарка Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. — Сіла яго паэтычнага слова настолькі магутная, што, дакрануўшыся да яго аднойчы, з’ядноўваешся з ім назаўсёды”.

Пад час літаратурнай вандроўкі па мінскіх адрасах Якуба Коласа, што прайшла ў Дзень памяці Песняра, я з цікавасцю даведалася: на былой Старажоўцы — цяпер вуліца Кісялёва, — у адным з дамоў у дворыках за сучасным будынкам Агульнанацыянальнага тэлебачання жыў з сям’ёй Якуб Колас. З 1921 па 1927 год ён арандаваў тры пакойчыкі ў доме заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага. Пра жыццё ў тым доме можна пачытаць у апавяданні “У двары пана Тарбецкага”. А на экскурсіі расказалі: там класік трымаў коз, белую рагатую і чорную бязрогую. Там жа нарадзіўся ў Канстанціна Міхайлавіча (сапраўднае імя Коласа) і Марыі Дзмітрыеўны Міцкевічаў іх малодшы трэці сын Міхась. А з-пад пяра пісьменніка выйшлі непараўнальныя з аніякімі іншымі па прыгажосці паэтычнага слова і мілагучнасці паэмы “Сымон-музыка” і “Новая зямля”, незлічоная колькасць вершаў. Напісаў і аповесці “У Палескай глушы”, “У глыб Палесся”, “На прасторах жыцця”, ствараў п’есы, казкі, артыкулы.

Той дом згарэў у вайну, няма й мемарыяльнай шыльды — як згадкі пра тое, што колісь жыў у ім народны паэт Беларусі... Дарэчы, недзе побач з тым месцам бываю я амаль штодзень: па вуліцы Кісялёва, 11 змяшчаюцца рэдакцыі газеты “The Minsk Times” і часопіса “Беларусь”, вярстаецца “Голас Радзімы”. Відаць, атмасфера ў гэтым мінскім куточку дзіўная: пішацца лёгка!

Аднак экскурсія пачалася не з былой Старажоўкі — па вуліцы Кісялёва толькі праязджалі на аўтобусе, — а з апошняга жыццёвага адраса Песняра. У цэнтры Мінска, дзе праспект Незалежнасці сустракаецца з вуліцай Акадэмічнай, на тэрыторыі Акадэмгарадка сярод старых сосен размясціўся Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Раней — жылы дом. Класік беларускай літаратуры жыў у ім разам з двума сынамі, Данілам і Міхасём, а таксама іх сем’ямі з канца 1944 па жнівень 1956 года.

Сёлета, у Дзень памяці Песняра, адкрылася ў музеі выстава партрэтаў з фондаў Якуба Коласа “Спяшайцеся з паэтам стрэцца...”. Асабліва цікавымі падаліся прыжыццёвыя партрэты пісьменніка. У чэрвені 1940 года пад час знаходжання Якуба Коласа на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве маладым беларускім мастаком Зянонам Паўлоўскім быў створаны партрэт паэта за працай. А праз два гады ў час святкавання 60-годдзя Якуба Коласа руская мастачка-графік Таццяна Жырмунская ў Ташкенце напісала яшчэ адзін унікальны партрэт. На выставе адзначалі: ён пранізліва перадае той боль і хваляванне за Радзіму і лёс беларускага народа, якія перажываў Якуб Колас пад час эвакуацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Упершыню экспанаваўся раней невядомы графічны партрэт Якуба Коласа з вокладкі перыядычнага выдання “Белорусский иллюстрированный календарь” за 1944 год, якое выйшла з друку ў Буэнас-Айрэсе. Перадала партрэт у музей супляменніца з Аргенціны Марыя-Ганна Ператупаліс. На партрэце — пісьменнік на фоне кніг і полымя. І гэтая выява, відаць, сімвалізуе знішчэнне фашыстамі культурных каштоўнасцяў Бацькаўшчыны.

Больш за трыццаць гадоў па гэтых прыступках на працу ў Акадэмію навук хадзіў Якуб Колас

Атрымаўшы каштоўны партрэт, супрацоўнікі музея звярнуліся ў Амбасаду Беларусі ў Аргенціне з просьбай дапамагчы знайсці адказы на пытанні: хто аўтар гэтай работы і ці захаваўся яе арыгінал... Магчыма, праз некаторы час і ён патрапіць у музей.

Прадстаўлены ў экспазіцыі чорна-белыя фотаздымкі, па якіх можна прасачыць працэс стварэння бюста пісьменніка скульптарам Заірам Азгурам у яго майстэрні.

А на чарговым прыпынку на Плошчы Якуба Коласа каля помніка паэту і скульптурных выяў герояў з яго паэмы “Сымон-музыка”і аповесці “Дрыгва” згадвалі словы Заіра Азгура, які параўноўваў Якуба Коласа з адным з мушкецёраў Аляксандра Дзюма: быў вялікага росту і валодаў непамернай сілай. У 1972-м, да 90-годдзя пісьменніка, вялікая скульптурная кампазіцыя была ўсталявана на плошчы. Фігура паэта — восем метраў у вышыню. Народны мастак Беларусі Іван Міско казаў: “Памятаю, як ствараўся помнік. Задумваўся меншы... Але Заір Ісаакавіч перадумаў і павялічыў маштаб”.

У гонар Песняра назвалі вуліцу, якая пачынаецца ад плошчы і вязе ў бок мікрараёна Зялёны Луг. Навуковая бібліятэка, паліграфічны камбінат, станцыя метро... Шмат яшчэ дзе ўшанавана яго імя.

З выявай Якуба Коласа
Паміж домам-музеем і Плошчай Якуба Коласа — галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут больш за 30 год працаваў пісьменнік. З дня заснавання быў яе віцэ-прэзідэнтам. На другім паверсе будынка знаходзіўся рабочы кабінет Песняра. А сёння на фасадзе галоўнага корпуса — мемарыяльная шыльда ў гонар класіка. Ён быў старшынёй фальклорнай камісіі, удзельнічаў у навуковых канферэнцыях, шмат ездзіў па краіне, выступаў перад жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі. Лічыў, што навука не павінна адрывацца ад жыцця, і марыў, каб Акадэмія навук цалкам працавала на беларускай мове.

Праз акно турыстычнага аўтобуса мы бачылі “Беларускую Бастылію”: тры гады адбываў пакаранне ў мінскім астрогу Якуб Колас за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. У турме па вуліцы Валадарскага завяршыў Колас свой першы зборнік вершаў “Песні жальбы”.

Едзем далей — і ўбаку застаецца галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе беларускую мову выкладаў дацэнт Канстанцін Міцкевіч.

Яшчэ адзін прыпынак — у Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага. Там, на былым Вайсковым завулку, да вайны знаходзіўся першы ўласны драўляны дом сям’і Міцкевічаў, у якім знайшлося месца і родным жонкі паэта — маці і брату Марыі Дзмітрыеўны. Адтуль пайшоў на фронт другі сын Якуба Коласа Юры... Але і гэты дом не перажыў вайну: ён згарэў. Як напамін пра тое — шыльда на сучасным будынку адміністрацыі парку, алея, названая ў гонар пісьменніка.

...Белыя і чырвоныя ружы ўсклалі на магілу Песняра прыхільнікі яго творчасці. 61 год таму, 13 жніўня, перастала біцца сэрца Якуба Коласа. Штогод на Ваенных могілках у Мінску, дзе пахаваны паэт, а побач і яго жонка, і старэйшы сын Даніла, у гэты дзень праходзіць памятны мітынг. Менавіта на гэтым месцы закончылася і наша літаратурная вандроўка.

Дырэктарка музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская паведаміла: цяпер увесь літаратурны свет рыхтуецца да 135-годдзя з дня нараджэння Песняра. У лістападзе пройдзе ХХХІ навуковая канферэнцыя “Каласавіны”, на якой прадставяць пераклад на рускую мову паэмы “Сымон-музыка”, зроблены пяццю паэтамі з Санкт-Пецярбурга. Выказалі зацікаўленасць у перакладзе вершаў Коласа на іранскую мову супрацоўнікі Амбасады Ірана ў Мінску. Будзе і паездка для ахвотных на радзіму Якуба Коласа — Стаўпеччыну, дзе працуюць і заварожваюць сваімі краявідамі мемарыяльныя сядзібы “Акінчыцы”, “Ласток”, “Альбуць”, “Смольня” філіяла музея “Мікалаеўшчына”.

Плануецца і ўсталяванне мемарыяльнай дошкі і барэльефа ў Ташкенце — на тым доме, дзе жыў і працаваў Якуб Колас у гады вайны. З’явіцца мемарыяльная дошка і на адным з будынкаў у Вільнюсе: яна засведчыць, што там працаваў паэт у рэдакцыі газет “Наша доля” і “Наша ніва”. Пройдзе таксама выстава ў Курскай вобласці, прысвечаная 100-годдзю з таго часу, як там жыў і працаваў паэт.

Шмат мясцін у Беларусі захоўваюць памяць пра Якуба Коласа. Гэта і Пухавіччына, дзе любіў з сям’ёй адпачываць паэт, і старажытны Нясвіж, дзе ён вучыўся ў настаўніцкай семінарыі, і Пінск, у якім сустрэўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай.

Сляды Песняра можна адшукаць у Парыжы і Грузіі, Маскве і Санкт-Пецярбурзе... Дзе б мы ні былі, у якія б вандроўкі ні выпраўляліся, трэба, кіруючыся парадамі Якуба Коласа, умець заўважаць прыгожае і ўпускаць яго ў сваё сэрца.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter