“Дачка” Віліі-ракі. Энтузіясты з Вілейкі паўтарылі падарожжа графа Тышкевіча і ўзвялі помнік зніклым вёскам.

Сыплецца ў прышвартаваную да берага драўляную лодку рознакаляровае лісце. Сушыцца пад страхой дома злоўленая гаспадаром рыба. Стаяць раскіданыя па горадзе якары. І, нібы толькі выйшаўшы з вады, адпачывае на камені жанчына-русалка. Дастаткова зрабіць некалькі крокаў, каб зразумець, што Вілейка — горад рачны. Нібы блакітная стужка, аплятае яго стромкая прыгажуня Вілія.

Вілейка ўзнікла ў 1460-м на землях вядомага вялікакняскага маёнтка Куранец. Статус горада нададзены ў 1795 годзе па ўказу Кацярыны ІІ. Сёння ў Вілейцы пражывае каля 26,5 тысячы чалавек.

Пенсіянерка на байдарцы

Да ХХ стагоддзя, пакуль тут не праклалі чыгунку, Вілейка была моцным рачным портам. У сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя тут пабудавалі самае вялікае ў Беларусі штучнае вадасховішча — беларускай сталіцы не хапала вады. Папулярнасць Віліі толькі ўзрасла. Рыбалка, байдаркі, намёты... З берагоў ракі турыстам адкрываюцца дзіўныя маляўнічыя пейзажы: сенажаці, пералескі і густыя гаі.
Трэці год запар на рацэ праходзяць водныя паходы, прысвечаныя экспедыцыі Канстанціна Тышкевіча, які ў 1857 годзе першым даследаваў Вілію ад вытокаў да вусця. Амаль месяц энтузіясты на байдарках, катамаранах і плытах падарожнічаюць па Віліі, аглядаючы беларускія і літоўскія гістарычныя месцы і славутасці. Спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Валянціна Лапко, хоць і пенсіянерка, таксама ўдзельнічае ў экспедыцыях, праходзячы водны шлях ад Вілейкі да Вільні на байдарцы.
— На другі дзень падарожжа рукі проста адвальваліся, — успамінае Валянціна Аляксееўна. — Але гэта толькі адразу, пасля на боль не звяртала ўвагі: столькі цікавых аб’ектаў сустракалі па дарозе.

Голас роднай вёскі

Рыбакі кажуць, калі зімой у хрысціянскія святы на Вілейскім вадасховішчы прыкласці вуха да лёду, можна пачуць царкоўныя званы. Магчыма, таму што ў раёне шмат святынь. На цэнтральнай плошчы Вілейкі ўсяго ў некалькіх метрах адна ад другой стаяць галоўныя з іх. Беласнежная царква Святой Марыі Егіпецкай пабудавана тут у 1865 годзе у стылі старажытнага дойлідства. Гэта не адна з тых “мураўёвак”, што, бы блізняты, будаваліся на Беларусі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Вілейская святыня іншая. Яе праект заказаў знатны рускі памешчык. Некалі на вежы царквы нават біў гадзіннік. Што дзіўна, царква ніколі не зачынялася. І не перабудоўвалася: у вайну снарад зачапіў толькі адну вежу.
Іншы лёс у Крыжаўзвіжанскага касцёла. Ён з’явіўся на плошчы ў 1913 годзе. У савецкія часы ў касцёле размясціўся склад с цукеркамі, крупамі і алкаголем. Вітражы забілі жалезнымі лістамі, а фрэскі замазалі фарбамі. Але нанесеная на цэмент фарба ўжо праз два гады пачала асыпацца, а замаляваны вобраз Хрыста містычным чынам павольна стаў праяўляцца на сценах касцёла. Зноў замажуць — ён зноў з’явіцца, быццам сімвалізуючы неўміручасць людской веры. У сямідзясятыя касцёл рэканструявалі. Ва ўлады проста не было іншага выйсця. З якога б боку ні заязджалі ў горад — касцёл з высокімі гатычнымі вежамі першым кідаўся ў вочы.
Ёсць у мясцовых жыхароў і іншае тлумачэнне загадкаваму звону з-пад лёду. Кажуць, гэта адгукаюцца вёскі, што былі затоплены падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча. Адны атрымалі прэсную ваду і жывапісныя пейзажы, другія — страцілі родныя гнёзды. Дзевяць вёсак Вілейскага раёна зніклі пад вадой. З’явіліся першыя перасяленцы. Людзі вымушаны былі пакінуць гэтыя мясціны і з’ехаць у пошуках іншага прытулку. Але памяць пра бацькоўскую хату не давала спакою. Былыя жыхары Рыбчыны сталі ладзіць сустрэчы непадалёк ад месца, дзе раней знаходзілася іх вёска. У знак памяці пра малую радзіму паставілі камень. Штогод на Тройцу сюды прыязджаюць былыя вяскоўцы з Мінска, Масквы, Таліна, Кіева, запрашаюць святара на службу і ўспамінаюць... Студню-журавель, дуб, што рос ля хаты, плот, праз які скакалі малымі дзецьмі. Традыцыю рыбчынцаў перанялі жыхары і іншых затопленых вёсак. Паставілі камяні-помнікі паблізу зніклых вёсак і гэтак жа пачалі збірацца.
Ідэю мясцовых энтузіястаў падхапілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч, вядомы краязнаўца Анатоль Рогач і архітэктар Анатоль Капцюг і рашылі адкрыць мемарыял у знак памяці пра вёскі, што зніклі ў Вілейскім раёне за апошняе стагоддзе. А іх налічваецца больш за 250! Гэта не толькі затопленыя, але спаленыя падчас вайны ці зніклыя па іншых прычынах населеныя пункты.
Ігнатовіч і аднадумцы арганізавалі летась сапраўдную талаку і літаральна за некалькі тыдняў узвялі мемарыял “Памяці былых вёсак”, аналага якому няма ў краіне. Абрысы вясковай хаты, трынаццаць камянёў, што сімвалізуюць трынаццаць сельсаветаў Вілейскага раёна, дзве сотні назваў зніклых паселішчаў... Цяпер ёсць куды прыйсці, каб пакласці кветкі сваёй роднай вёсцы і хаце.

Галоўная каштоўнасць

Не знікнуць таленты на Вілейшчыне. Пішуць, спяваюць, малююць, праектуюць тут з дзяцінства. Узяць хоць вілейскую школу № 3. Гэта сапраўдны куфар з каштоўнымі камянямі. Якія б конкурсы, фестывалі, алімпіяды ні праводзіліся ў рэспубліцы, вучні з гэтай школы — у першых радах. Рабяты, настаўнікі і сам дырэктар школы Мікалай Гіро — самыя актыўныя ўдзельнікі конкурсаў і віктарын, што праводзяцца ў рэдакцыях газет. (Канверты з пазнакай “Вілейка, школа № 3”, што прыходзяць на адрас “НГ”, — таму сведчанне.) Установа можа пахваліцца дванаццацю стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, некалькімі лаўрэатамі музычных, эпісталярных конкурсаў і пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд. Асабліва моцныя дзеці ў біялогіі: школа мае экалагічны ўхіл. Настаўнікі стараюцца развіваць дзяцей у розных напрамках. У школе працуе гурток “Гаспадыня”, дзе вучняў рыхтуюць да сямейнага жыцця. На занятках у “Чарадзейнай палітры” вучні праяўляюць мастацкае майстэрства, у “Беларускіх вытоках” плятуць з лазы, распісваюць дрэва і ткуць паясы, а ў акрабатычным гуртку з дапамогай пластыкі і жэстаў рыхтуюць нумары на патрыятычную тэму!..

Архітэктар і кот Пушкін

Аўтара мемарыяла “Памяці былых вёсак” Анатоля Капцюга адны ведаюць як краязнаўцу, другія — як архітэктара і мастака, трэція — як паэта... Сярод яго праектаў царква Святой Вольгі пры Пакроўскім саборы, Вадасвятная капліца, прыходскія дамы Свята-Уладзімірскай царквы і многае іншае. 
Карта горада, макеты зніклых цэркваў, маляўніча аформленыя вітрыны ў Вілейскім краязнаўчым музеі — справа рук Капцюга. Па яго малюнках можна даведацца, як выглядала Вілейка некалькі стагоддзяў таму, хто тут жыў, чым займаўся... Цікава, амаль усіх мужчын у сваіх працах Капцюг малюе з сябе.
Сярод прац Капцюга на Вілейшчыне — капліца на плошчы Свабоды, парафіяльны дом, кавярня, мемарыяльныя дошкі, помнікі, знакі, прысвечаныя вядомым землякам паэту Адаму Гурыновічу, мастаку Нікадзіму Сілівановічу, аўтару першай украінскай канстытуцыі Піліпу Орліку і іншым. Дзякуючы Капцюгу ажыла галоўная плошча горада і забіў рознакаляровымі струменямі фантан.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter