Коласаўскі музей запрашае прыхільнікаў творчасці Песняра з розных краін паўдзельнічаць у Міжнародным дні чытання знакамітай паэмы “Сымон-музыка”

“І быў сэрцам ён чуллівы...”

Коласаўскі музей запрашае прыхільнікаў творчасці Песняра з розных краін паўдзельнічаць у Міжнародным дні чытання знакамітай паэмы “Сымон-музыка”


У вобразе Сымона-музыкі

Сама паэма, кажучы словамі Якуба Коласа, бярэ вытокі “Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,/ Ад казак вечароў,/ Ад песень дудароў,/ Ад светлых вобразаў закінутых дзяцей,/ Ад шолаху начэй, / Ад тысячы ніцей,/ З якіх аснована і выткана жыццё/ І злучана быццё і небыццё...” Пясняр сваім творам абараняе ўсіх“белых варон” — людзей “не як усе”, надзеленых талентам і не надта прыстасаваных да суровага, прагматычнага жыцця.

Сімвалічна, што 90-я ўгодкі паэмы адзначаюцца, калі ў Беларусі доўжыцца Год моладзі. “Беларускай моладзі сваю паэму прысвячаю. Аўтар” — чытаем перад творам. У гонар Якуба Коласа і юбілею паэмы 4 снежня Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа праводзіць акцыю “Міжнародны дзень чытання “Сымона-музыкі”. “Паэма ўваходзіць у залаты фонд беларускай літаратуры і даўно жыве сваім жыццём, — гаворыцца ў прэс-рэлізе, дасланым у рэдакцыю. — Яе вывучаюць у школах, цытуюць, перавыдаюць з ілюстрацыямі знакамітых мастакоў. І сама паэма — крыніца натхнення для творцаў”.

Для ўдзелу ў акцыі трэба спампаваць на сайце музея паштоўкі з урыўкамі з паэмы на беларускай мове і ў перакладах з ілюстрацыямі Барыса Заборава і Мікалая Селешчука. Можна звярнуцца да арганізатараў: яны дашлюць тым, хто пажадае, электронны варыянт паэмы. Далей — выбіраем урывак, які найбольш нам кладзецца на душу. І 4 снежня чытаем выбраныя ўрыўкі ў кампаніі аднадумцаў, сяброў, калег або сам-насам. Супрацоўнікі музея прапануюць нам усім такім чынам зазірнуць у глыбіні сваёй душы. Трэці крок у акцыі: даслаць на электронную скрыню музея фота, зробленае ў час чытання. Можна — сэлфі на старонку MuzeyKolasa ў Instagram, ці відэасправаздачу. Усе тыя фота і відэа будуць на сайце музея і на старонках у сацсетках. А па выніках акцыі можна будзе спампаваць на сайце музея дыплом яе ўдзельніка.

Спадзяемся, да акцыі падключацца і беларускія суполкі замежжа. Як паведамілі ў Коласаўскім музеі, удзел у акцыі пацвердзілі ягоныя партнёры — музеі Расіі, Літвы і Украіны, а таксама Цэнтральная бібліятэка Валгаграда (Расія) і Таварыства беларускай культуры “Спадчына” (г. Друскінінкай, Літва).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter