Радиоведущую Татьяну Гулейко слушатели обожают и присылают ей теплые письма

«Будзь маёй малодшай дачушкай»

Вы сустракалі людзей, якія прыносяць свята? Я сустракала. І зусім нядаўна. Гэта вядучая Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна ГУЛЕЙКА — толькі зойдзе ў Дом радыё, як вакол, здаецца, усё ўрачыста яе вітае і ажыўляецца. «Настрой», «Сямейная праграма», «Малая радзіма», «Здароўе», «Вітаем, віншуем…» — Таццяна бадай штодзень выходзіць у эфір, каб сустрэцца з самым галоўным сваім госцем і віноўнікам урачыстасці, якую сама стварае, — слухачом. А тыя прыхільна ставяцца да вядучай, што і пацвярджаюць цёплымі тэлефоннымі паведамленнямі і лістамі. Некаторыя з іх Таццяна захоўвае на памяць, бо вельмі асабістыя і здаць іх у архіў рука не падымаецца.

«Будзь, Танечка, маёй малодшай дачушкай. Згодна? Маёй дачушцы 56 гадоў. Разважаю, як магло столькі гадоў прайсці? Хачу ад душы павіншаваць цябе са святамі, мая шчыраваначка. Калі ты вымаўляеш гэтае слова, у мяне ад замілавання замірае сэрца, так слова тваё люблю», — прызнаецца Лілія Радзівонаўна Зарэцкая з Пастаўскага раёна.

— Ёсць у мяне прыхільнікі і з месцаў пазбаўлення волі, — смяецца вядучая. — У сваіх лістах нават у каханні прызнаюцца і пішуць: «Не думай, што я такі бедны. Прыеду — забяру».

Сярод прыхільнікаў радыёвядучай прадстаўнікі розных прафесій. Напрыклад, авіядыспетчар, які з задавальненнем слухае яе эфіры, часам абмяркоўвае па тэлефоне. Або прафесар кафедры сталічнага медуніверсітэта — разам з жонкай адвячоркам і выхаднымі стараюцца не прапускаць перадачы, а напрыканцы шлюць паведамленне з удзячнасцю. Стараннасць і талент Таццяны Гулейка прызнаны на рэспубліканскім узроўні: нядаўна перамагла ў творчым конкурсе «Моцная сям’я — моцная дзяржава», стаўшы лепшай сярод аўтараў рэспубліканскіх тэле- і радыёвяшчальных СМІ. У той дзень у вячэрні радыёэфір прыходзіла шмат віншаванняў.

— Узнагарода доўгачаканая. Прыемна, што сябры і калегі гэта заўважылі. Атрымала яе за «Сямейную праграму», дзе стараюся паказаць, як важна захоўваць сямейныя каштоўнасці. Не чакала віншаванняў у эфіры, але мы — радыёвядучыя — людзі сціплыя, часам нават сваю радню няёмка прывітаць. Напрыклад, мяне заўсёды слухае матуля. І няма сэнсу падманваць яе, як сябе адчуваю. Паслухае праграму і ўсё зразумее па дыханні, усмешцы, настроі, — раскрывае сакрэты Таццяна Гулейка.

«Важна патрыятызм пацвярджаць рэальнымі ўчынкамі. Калі кажаш, што любіш Радзіму, а сам з’язджаеш за мяжу і адтуль гаўкаеш — гэта не любоў».
Між тым здагадацца могуць толькі самыя родныя, бо такое адчуванне, што ў чалавека-свята настрой заўсёды найлепшы. Штодзень у перадачах новыя абаяльныя госці. Нават ёсць асобнае паняцце «абаяльнасць у эфіры», якой чалавек валодае ад самага нараджэння. Размова не столькі пра падачу голасу, а пра шчырасць, добразычлівасць.

— Слухачоў не падманеш, фальш адразу адчуваецца. Як казаў Станіслаўскі: «Не веру!» Яшчэ важна выбіраць сабе герояў, якіх любіш і да якіх ставішся з сімпатыяй. Тады размова пойдзе, бо будуць ўзаемападтрымка, павага да поглядаў і захапленняў. Адна цудоўная сям’я — жонка віяланчалістка, а муж іканапісец — баялася прыходзіць на перадачу. Мяне кранула фраза паважанай калегі Людмілы Мітаковіч: «Не бойцеся, Таццяна любіць сваіх герояў», — расказвае вядучая.

Колькі б разоў артыст ні выступаў на сцэне ў адным і тым жа спектаклі — хваляванне ўсё роўна ёсць. Таксама і з эфірам: штораз трымценне ў душы. Дактары называюць такую работу, калі на невялікі адрэзак часу павышаецца адрэналін і спрацоўвае шмат узбуджальнікаў, небяспечнай. Затое як прыемна адчуваць, што за табой вялікая аўдыторыя. А пасля вячэрніх выпускаў нават заснуць складана, бо са стомленасцю мяжуе прыўзнятая асалода. Некаторым падасца: што складанага? Села і пагаварыла. Але не кожны сядзе і пагаворыць, бо энергетыка, якую ты аддаеш аўдыторыі, вялізная… Часам як выціснуты лімон. Між тым толькі аптымізм, весялосць і пазітыўнае стаўленне да жыцця! Гэтыя якасці Таццяна выхоўвае і падмацоўвае. Яны сталі звычкай і ў любой складанай сітуацыі прабіваюцца на волю, бо чалавек не можа доўга знаходзіцца ў чужым для сябе стане.

«Ніколі сваёй справе не здраджу, як не здраджу сям’і, дачцэ, бацькам. Я так выхавана, што здрада для мяне найвялікшая загана, вучу гэтаму і слухачоў».
— Лёс мяне таксама штурхаў, былі самакапанне, самаіронія, аналіз дзеянняў і ўчынкаў… Асабліва складаным выдаўся пачатак сёлетняга года, калі страціла тату. Дзякуй богу — ачуняла. Дапамагла любімая праца, амаль 20 гадоў на Беларускім радыё. Гэта маё жыццё, мой лёс, выбар, выпрабаванне. Кожная перадача па-свойму дарагая. Гэта як паспрабаваць вызначыць, каго больш любіш: тату ці маму. Узяць тую ж народна любімую праграму «Вітаем, віншуем...» — уяўляю сабе людзей, якія ў чаканні хвіліны, калі да іх звернуцца. У гэтае невялічкае віншаванне імкнуся ўкласці ўсю душу. У іншых перадачах падымаем самыя розныя тэмы: пра дэвіянтныя паводзіны, пра тых, хто аступіўся ці знаходзіўся ў залежнасці, пра цудоўныя, прыгожыя сем’і, якія служаць прыкладам, — заўважае вядучая.

Праект «Малая радзіма» варты асобных добрых слоў. Таццяна Гулейка запрашае да сябе розных беларусаў, якія расказваюць пра свае мясціны. У самой таксама адметная родная зямля, дзе нядаўна прайшоў Дзень пісьменства, — Капыльшчына. Тут жыве мама, тут Таццяна атрымала пуцёўку ў вялікі свет, скончыўшы капыльскую СШ № 2, а класным кіраўніком была чалавек вялікай душы Валянціна Сямёнаўна Саўчанка, з якой дагэтуль падтрымліваюць стасункі.

— Капыльшчына — мая калыска, якую бясконца люблю, стараюся пацвярджаць патрыятызм рэальнымі ўчынкамі. Калі кажаш, што любіш Радзіму, а сам з’язджаеш за мяжу і адтуль гаўкаеш — гэта не любоў. Імкніцеся, каб на вашай зямлі, дзе на могілках спіць ваш род, станавілася лепш, а не выпрошвайце санкцый. Абсалютна кожнаму чалавеку па сілах зрабіць свет больш дасканалым, — пераканана Таццяна Гулейка. — З дзяцінства хацела стаць доктарам, радыё было захапленнем. Аднак так склалася, што цяпер гэта мая любімая прафесія. Спрабавала ў ёй свае сілы падчас вучобы ва ўніверсітэце, а пасля атрымала размеркаванне ў Дом радыё. Тут калектыў самародкаў, якім пастаралася даказаць сваю вартасць. Галоўнае — рабіць да мары крокі, хоць і невялікія. Тады ўсё атрымаецца. Хвалю сябе за гэта. Ніколі не здраджу сваёй справе, як не здраджу сям’і, дачцэ, бацькам. Я так выхавана, што здрада для мяне найвялікшая загана, вучу гэтаму і слухачоў.

Трымацца вечных каштоўнасцей і непахісных прынцыпаў Таццяне Гулейка дапамагае духоўнасць, якой кіруецца ў жыцці і праслаўляе яе ў перадачах. Нездарма мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Веніямін за старанную працу на славу святой Царкве і Айчыне аб’явіў радыёвядучай падзяку.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter