«Адчуваць сябе сваiм сярод сваiх»

Над  пытаннямi  захавання  роднай  мовы  разважае  Аляксандр  Лукашанец

Над  пытаннямi  захавання  роднай  мовы  разважае  Аляксандр  Лукашанец

Як сярод замежнiкаў пазнаць беларуса? Па колеру валасоў i вачэй? Наўрад цi. Па мове, на якой ён размаўляе? На жаль, сёння большасць нашых суайчыннiкаў размаўляюць па-руску.  Хаця мова – гэта твар народа. Згубiць яе, значыць, страцiць сваю нацыянальную адметнасць. На шчасце, беларусам пакуль нiшто не пагражае. Але сёння, у Мiжнародны дзень роднай мовы, ёсць нагода яшчэ раз узняць гэту тэму. Мой суразмоўца, дырэктар Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы НАН Беларусi, доктар фiлалагiчных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец.

  Гэта свята — зручны момант, каб яшчэ раз узгадаць пра праблемы беларускай мовы як дзяржаўнай мовы нашай краiны, як мовы нацыянальнай большасцi i тытульнай нацыi, — гаворыць Аляксандр Аляксандравiч. — У Беларусi сёння iснуе дзяржаўнае двухмоўе. Гэта вельмi дэмакратычнае заканадаўчае вырашэнне пытання. Абедзвюм мовам у адпаведнасцi з Канстытуцыяй краiны гарантаваны роўныя правы. Але ў рэальнасцi атрымлiваецца, што пераважная мова зносiн – руская. Беларуская знаходзiцца на другарадных пазiцыях у многiх сферах ужытку. Таму неабходна iмкнуцца, каб яна таксама заняла належнае месца ў тых сферах, дзе яна выкарыстоўваецца недастаткова. Адметнасцю сёлетняга Дня роднай мовы з’яўляецца тое, што ў Беларусi 2009 год аб’яўлены Годам роднай зямлi. Аднак паняцце «родная зямля»  не зводзiцца толькi да тэрыторыi пражывання, яно ўключае ў сябе i тыя духоўныя каштоўнасцi, якiя любую супольнасць людзей робяць нацыяй, народам. У гэтых адносiнах родная мова адыгрывае вельмi значную ролю. Таму сёлета Мiжнародны дзень роднай мовы ў нашай краiне набывае асаблiвую значнасць, а сучасным праблемам менавiта беларускай мовы прысвечаны цэлы шэраг мерапрыемстваў. Напрыклад, на фiлалагiчным факультэце БДУ праводзiцца тыдзень беларускай мовы, у нашым iнстытуце адбылася навуковая канферэнцыя «Беларуская мова ў славянскiм i еўрапейскiм кантэксце».

— Але гэтага недастаткова, каб наша родная мова заняла першае месца.

— Канечне, недастаткова. Перш за ўсё, трэба, каб увага да праблем моўнага жыцця нашай краiны  была пастаяннай. Па-другое, неабходна актыўна размаўляць на беларускай мове ва ўсiх камунiкатыўных сiтуацыях. Гэта самае галоўнае. Па-трэцяе, патрэбна вялiкая растлумачальная работа па прапагандзе рэальнай каштоўнасцi двухмоўнай асобы, якая можа найбольш поўна рэалiзаваць свае творчыя i прафесiйныя магчымасцi ў сучасным шматмоўным i шматкультурным грамадстве. I нарэшце, неабходна рэалiзаваць цэлы комплекс практычных мер, якiя б аб’ектыўна забяспечылi выкарыстанне беларускай мовы ў важнейшых сферах ужытку ў той ступенi, як гэта належыць дзяржаўнай мове.

— I што гэта за практычныя меры?

— Трэба,  каб кожны гра­мадзянiн рэальна ўсведамляў свае правы i абавязкi ў адносiнах да дзяржаўнага двухмоўя. Што я маю на ўвазе? Кожны грамадзянiн мае права гаварыць на любой з дзвюх дзяржаўных  моў. I гэта справядлiва. Але,  з другога боку,  дзяржаўнае двухмоўе прадугледжвае i пэўныя абавязкi з боку дзяржавы, а менавiта тое,  што яна праз свае ўстановы павiнна забяспечыць гэтае права грамадзянiну. Iншымi словамi, дзейнасць усiх устаноў павiнна быць рэальна двухмоўнай, а ўсе дзяржаўныя служачыя павiнны рэальна валодаць дзвюма мовамi.

— У гэтым выпадку большасць усё ж аддасць перавагу рускай…

— Гэта права чалавека. Праблема ў тым, што сёння патрэбна велiзарная прапагандысцкая работа,  накiраваная на ўсведамленне грамадствам рэальнай  каштоўнасцi роднай мовы – мовы, на якой захоўваецца  культурная спадчына нашага народа, яго гiстарычны вопыт i нацыянальны менталiтэт. I якая дае магчымасць адчуваць сябе сваiм сярод сваiх. Гэта першае. Па-другое, трэба актыўна ствараць моўны фон: беларускае слова павiнна часцей гучаць у нашым паўсядзённым жыццi, прычым у розных сферах. У гэтым напрамку зараз робяцца пэўныя крокi. У грамадскiм транспарце, напрыклад, прыпынкi аб’яўляюцца па-беларуску, на роднай мове гучыць iншая iнфармацыя. Але гэтага  недастаткова. Сёння беларуская мова з’яўляецца своеасаблiвай «вiзiтнай карткай» нашай краiны. Я ўпэўнены, што на дастойнае месца ў сусветным супольнiцтве наша краiна можа прэтэндаваць толькi з выразным нацыянальна адметным аблiччам. Таму перш за ўсё пэтрэбна воля i жаданне ўсяго грамадства карыстацца беларускай мовай.

— Магчыма трэба перагледзець школьныя праграмы?

— Аб’ектыўна, сёння менавiта школа з’яўляецца асноўным дзяржаўным iнстытутам, якi падтрымлiвае беларускамоўную кампетэнцыю грамадства. Многiя дзецi, асаблiва ў гарадах, набываюць  веды менавiта праз школу. Праграмы пабудаваны так, што кожны вучань са звычайнымi здольнасцямi i стараннасцю пры заканчэннi школы можа авалодаць абедзвюма дзяржаўнымi мовамi ў такой ступенi, каб паспяхова выкарыстоў­ваць iх у любой сферы дзейнасцi. Словам, роля школы ў гэтым працэсе вельмi iстотная. Iншая справа, што на практычнае выкарыстанне мовы моцна ўплывае асяроддзе. I калi яно будзе станавiцца ўсё больш беларускамоўным, то грамадзяне лягчэй  будуць пераходзiць на родную мову ў сваёй паўсядзённай дзейнасцi.

Хацеў бы звярнуць увагу на адзiн вельмi iстотны момант. Калi раней асноўнай крынiцай падтрымання беларускай мовы была сельская мясцовасць, то зараз яе прэстыж фармiруецца найперш гарадскiм насельнiцтвам, менавiта прадстаўнiкамi iнтэлектуальнай элiты i моладзi. Сёння ўжо лiчыцца правiлам добрага тону, калi чалавек валодае i беларускай мовай, якая актыўна пранiкае ў новыя сферы ўжытку: набажэнства, Iнтэрнет i г.д.

— Але вернемся да школы. Чаму часам атрымлiваецца, што выпускнiкi лепш ведаюць англiйскую цi французскую мову, чым беларускую?

— Звычайна людзi больш ахвотна авалодваюць той мовай, якае дае больш магчымасцей для рэалiзацыi ўласных амбiцый. Таму я i кажу пра вялiкую ролю прапагандысцкай i растлумачальнай работы.

Зараз у нашай краiне такая сiтуацыя, што нi адна з суiснуючых моў не можа цалкам задаволiць камунiкатыўныя патрэбы грамадства. Чалавек, якi, напрыклад, заўсёды размаўляе па-руску, усё роўна пастаянна сутыкаецца i з iнфармацыяй на беларускай мове. Наша родная мова з’яўляецца неабходным элементам моўнай сiтуацыi i займае пэўнае месца ў камунiкатыўнай прасторы. Але сёння гэта месца не адпавядае яе статусу як дзяржаўнай мовы i мовы нацыянальнай большасцi. Выхад – пашыраць яе рэальнае выкарыстанне ў найбольш запатрабаваных i прэстыжных сферах ужытку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter