...А творчым — сілы прыдае

Гомельшчына ўшанавала сваіх юных творцаў прэміямі выканкама

Гомельшчына ўшанавала сваіх юных творцаў.

Сёстры Ганна і Соф’я Клінцовы, навучэнкі Гомельскага каледжа імя Сакалоўскага, артыстка гарадскога маладзёжнага тэатра Вікторыя Лагута, яе калега з Гомельскага тэатра лялек Руслан Іваноў, саліст абласной філармоніі Канстанцін Гарошка... Яны, 18 юнакоў і дзяўчат, выхаванцы музычных школ, навучальных устаноў культуры і мастацтва, маладыя артысты тэатральна-відовішчных устаноў Гомельшчыны, што вызначыліся ў час конкурсаў, выстаў і фестываляў прэстыжнага ўзроўню, былі ў цэнтры ўсеагульнай увагі на гэтай урачыстасці. Уручэнне штогадовых прэмій Гомельскага аблвыканкама юным талентам адбылося ў жамчужыне абласнога цэнтра — палацы Румянцавых—Паскевічаў.

Звяртаючыся да намінантаў, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Віктар Трызна адзначыў, што такая таленавітая моладзь з’яўляецца залатым генафондам нацыі, якая падтрымлівае лепшыя творчыя традыцыі беларускага народа. Але «выкрышталізаваць» талент няпроста, і ў гэтым плане неацэннай з’яўляецца роля іх бацькоў і педагогаў.

— У вобласці нямала робіцца для развіцця творчай, інтэлектуальнай моладзі, — падкрэсліў Віктар Трызна. — Невыпадкова ў мінулым годзе 33 прадстаўнікі рэгіёна сталі стыпендыятамі Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Умацоўваецца і матэрыяльная база: ствараюцца больш камфортныя ўмовы для раскрыцця магчымасцей творчасці маладых. У музычных школах і ўстановах мастацтва праведзены рамонты, дадаткова з бюджэту вобласці выдаткавана тры мільярды рублёў на набыццё для іх абсталявання і музычных інструментаў.

Прыемна, што сярод больш сталых атрымальнікаў прэмій аблвыканкама аказаліся і зусім маленькія, пры гэтым — яркія зорачкі. Напрыклад, дастойная прадаўжальніца роду музыкантаў Соф’я Анціпава, выхаванка Рэчыцкай школы мастацтваў і педагога па класе фартэпiяна Маргарыты Бабчанок, у свае восем гадоў ужо з’яўляецца ўладальніцай Гран-пры вядомага міжнароднага фестывалю «Закарпацкі эдэльвейс», што праходзіў ва ўкраінскім горадзе Ужгарадзе. А педагогі і родныя юнай скрыпачкі з Мазыра Ганны Мамасуевай вельмі ганарацца яе ўзнагародамі лаўрэата VIII Рэспубліканскага конкурсу скрыпачоў імя Валадарскага...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter