Сітуацыя з часовай забаронай паставак мяса-малочнай прадукцыі пачала пакрысе «разрульвацца»

...А на Міёрскім мясакамбінаце ўжо даравалі памылку

СІТУАЦЫЯ з часовай забаронай паставак мяса-малочнай прадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у Расію пачала пакрысе «разрульвацца». Аднак асадак застаўся гаркаваты, бо агулам прымаць такія санкцыі не было ніякіх падстаў.

У некаторых выпадках рашэнні былі прыняты прама парадаксальныя. Можна зразумець разгубленасць дырэктара Міёрскага мясакамбіната Віктара Бандарэнкі, калі ён атрымаў паведамленне, што ў іх каўбасе, якую прадпрыемства ніколі не вырабляла і таму ніяк не магло адправіць у Расію, знойдзены геном АЧС і накладзены санкцыі на паўтара года.

Як прызнаўся Бандарэнка, аб гэтым здарэнні ўпершыню ён даведаўся з Інтэрнэта. Што тычыцца якасці, то кіраўнік запэўніў: яна заўсёды адпавядае ўсім стандартам. Згодна з інфармацыяй, якую даў галоўны ветурач прадпрыемства Валерый Якубёнак, на кантролі задзейнічаны больш за дзясятак спецыялістаў. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з абласной лабараторыяй.

Калектыў прадпрыемства не спыняецца на дасягнутым. Тут праведзена маштабная мадэрнізацыя, а па сутнасці, узведзены новы камбінат.

Вяртаючыся да выпадка з «санкцыйнай» каўбасой, Віктар Бандарэнка верыць, што непаразуменне будзе знята. З расійскімі партнёрамі ўвогуле добрыя адносіны. Ніколі не было і, спадзяецца, не будзе ў будучым нараканняў на прадукцыю. Адзінае, што, акрамя кантролю, патрэбны і ўзаемны давер!

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter