"Скупога" ставяць двойчы

Сучасны мастацкі тэатр Уладзіміра Ушакова завяршыў сезон пацешнай “Камедыяй пра скупенду” па вядомай п’есе Жана-Баціста Мальера “Скупы”.

Сучасны мастацкі тэатр Уладзіміра Ушакова завяршыў сезон пацешнай “Камедыяй пра скупенду” па вядомай п’есе Жана-Баціста Мальера “Скупы”. Ажыццявіў пастаноўку мастацкі кіраўнік тэатра імя М. Горкага Сяргей Кавальчык, галоўную ролю выконвае народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка.

Цікава, што і для Кавальчыка, і для Кірычэнкі “Скупы” — матэрыял правераны: гэты тандэм ужо працаваў над камедыяй у Тамбоўскім драматычным тэатры. Таксама ў Тамбоў у пастановачную групу былі запрошаны з Беларусі мастак Ала Сарокіна, рэжысёр па пластыцы, акцёр Генадзь Фамін і кампазітар Цімур Каліноўскі. Гэтая ж група амаль у тым жа саставе працавала і над беларускай версіяй спектакля для СМТ.

Сяргей Кавальчык успамінае, што знаёмства з тамбоўскай сцэнай пачалося для яго падчас удзелу ў адным з тэатральных фестываляў імя Н. Рыбакова з пастаноўкай “Пане Каханку”:

— Пасля фестывалю ўзнікла ідэя стварыць сумесны спектакль на тамбоўскай зямлі. Мне далі поўную свабоду ў выбары п’есы, і я спыніўся на “Скупым” Мальера. Лічу гэтую камедыю вельмі актуальнай.

Цяпер пошукі Кавальчыка і Кірычэнкі змогуць ацаніць і беларускія гледачы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter