Пастырскае пасланне Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча на Божае Нараджэнне 2015

Беларусь, не бойся прыняць Хрыста!

Пастырскае пасланне Мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча на Божае Нараджэнне 2015


«Не бойцеся, я абяшчаю вам 
вялiкую радасць...
бо нарадзiўся вам сёння ў горадзе 
Давiда Збаўца,
якiм ёсць Хрыстус Пан»
(Лк 2, 10–11).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры!

1. Сардэчна вiтаю вас словамi анёла, якi абвясцiў бэтлеемскiм пастушкам аб нараджэннi Збаўцы. 

Знамянальна, што сёлетнюю ўрачыстасць Нараджэння Хрыста мы святкуем у Год Божай Мiласэрнасцi. Прыйсце Божага Сына ў свет у чалавечым вобразе было знакам бязмежнай Божай мiласэрнасцi да чалавека, якая праяўляецца i далей у паслузе Касцёла i да якой мы ўсе паклiканыя.

2. Нараджэнне Езуса ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму — гэта ўжо гiсторыя, хаця вельмi прыгожая i сентыментальная, аднак гiсторыя. З яе мы павiнны вучыцца, бо гiсторыя з’яўляецца мацi–настаўнiцай. Нараджэнне ж Хрыста, будучы гiстарычнай падзеяй, адначасова з’яўляецца дынамiчным працэсам. Хрыстус i сёння нараджаецца ў Касцёле i прыходзiць да нас у Святым Пiсаннi, сакрамэнтах, перадусiм у Эўхарыстыi, прыходзiць у iншай дзейнасцi Касцёла, асаблiва праз учынкi мiласэрнасцi.

Цi мы пазнаём Яго? Цi не баiмся адчынiць Яму дзверы нашых сэрцаў i дазволiць быць з намi? Цi радуемся Яго прыйсцю? На гэтыя i падобныя пытаннi нам неабходна адказаць, бо бяда будзе нам, калi мы будзем верыць у тое, што Ён нарадзiўся ў Бэтлееме, а сваёй ласкай не нараджаецца ў нашых сэрцах, — як казаў наш вялiкi паэт Адам Мiцкевiч.

3. Мы жывём у асаблiвы для Касцёла i свету час. З аднаго боку свет iмкнецца спiхнуць хрысцiянскую веру на ўзбочыну грамадскага жыцця. З iншага ж — мы бачым шмат знакаў дзеяння Святога Духа.

Божае Нараджэнне стала сапраўднай рэвалюцыяй у гiсторыi чалавецтва, бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас i нашага збаўлення, прынёс у гэты грэшны свет новы закон любовi да блiжняга i адарыў яго збаўчай ласкай.

Падобная духоўная рэвалюцыя павiнна адбыцца i ў кожным з нас, каб мы моцна трымалiся сваёй веры i не дазволiлi спiхнуць яе на ўзбочыну жыцця.

Папа Францiшак кажа, што без веры ў Хрыста мы, хаця i можам рабiць добрыя рэчы, аднак не можам быць сапраўдным Касцёлам, як Абраннiцай Хрыста.

Адсюль вынiкае вялiкая дылема: кiм быць — паклоннiкамi Хрыста цi Яго сапраўднымi вызнаўцамi? Вельмi часта мы становiмся першымi, а не другiмi. Кажам, што з’яўляемся веруючымi, чынiм шмат добрага, але ў той жа час не вызнаём Хрыста як свайго Пана, не заўсёды прымаем удзел у нядзельнай цi святочнай святой Iмшы i не жывём згодна з маральным законам.

4. Кiм ты хочаш быць, сучасны чалавек? Вызнаўцам, паслядоўнiкам i сведкам Хрыста цi толькi Яго паклоннiкам? Хочаш даверыцца Езусу цi свету? Адказаць на гэтыя i падобныя пытаннi нам можа дапамагчы апостал Пётр. Мы добра ведаем евангельскi аповед аб тым, як па загадзе Езуса Пётр пайшоў па ўзбураным возеры, пакуль не спалохаўся i не пачаў тануць (пар. Мц 14, 28–30).

Даверыцца Хрысту — азначае пайсцi за Яго голасам; як Пётр, выйсцi з чаўна XXI стагоддзя, каб iсцi па хвалях узбуранага возера нашага часу (пар. Мц 14, 22–33), якi нам навязвае свой стыль жыцця. Езус нас не пакiдае адных у гэтым чаўне, але iдзе ў яго напрамку i кажа: «Будзьце адважнымi, гэта Я; не бойцеся!» (Мц 14, 27). Гэтым самым Ён заклiкае не трымацца навязанага нам светам секулярнага стылю жыцця, а знайсцi свой хрысцiянскi i яго сведчыць.

5. Кiм для нас ёсць Езус?

Заахвочаны заклiкам Езуса, Пётр пайшоў па вадзе. Аднак у пэўны момант ён сканцэнтраваўся не на Езусе, але на ўзбураных хвалях возера. У вынiку чаго засумняваўся i пачаў тануць. Падобна адбываецца i ў нашым жыццi. Калi перастаём глядзець на Езуса, а засяроджваемся толькi на жыццёвых праблемах, то губляем пад нагамi грунт i пачынаем тануць. Тады нам не застаецца нiчога iншага, як крычаць: «Пане, ратуй!» (пар. Мц 14, 30).

Калi людзi ўспрымалi Езуса як Яна Хрысцiцеля, Iллю, Ерамiю цi iншага прарока, то для Пятра Ён быў Месiяй, Сынам Бога жывога (пар. Мц 16, 13–16). Гэтае сцвярджэнне Князя апосталаў з’яўляецца ключом да веры ў асобу Езуса з Назарэта.

6. Сёння Езус пытаецца ў нас: кiм Ён, народжаны ў Бэтлееме, з’яўляецца для людзей XXI стагоддзя? Мы добра ведаем, як ставiцца да Хрыста сучасны лiберальны свет. Ён вельмi часта не жадае мець з Iм нiчога супольнага i не хоча чуць Яго голасу, якi заклiкае да абуджэння сумлення, навяртання i жыцця паводле Яго вучэння.

У такой сiтуацыi мы, хрысцiяне, павiнны даць рашучы адказ, кiм Ён ёсць для нас. Толькi гiстарычнай фiгурай цi Тым, якi жыве ў сваiм Касцёле i вучэнне якога актуальнае i ў наш час? Адказ на гэтае пытанне вядзе да веры ў асобу Езуса Хрыста, як уцелаўлёнага Сына Божага. Таму мы павiнны адвесцi Яму месца ў нашых сэрцах i пачуць Яго голас.

7. Нельга гаварыць аб асобе Езуса без Таямнiцы ўцелаўлення, якая з’яўляецца адной з найбольшых таямнiц хрысцiянства. Мэта прыйсця Божага Сына ў гэты свет была прадыктавана толькi адным аргументам — любоўю Бога да чалавека. Таямнiца ўцелаўлення з’яўляецца вялiкiм дарам для чалавецтва i адначасова заданнем, якое перадусiм праяўляецца ў даверы да Езуса i хрысцiянскiм сведчаннi.

Успомнiм евангельскi аповед пра цудоўны ўлоў рыбы. Апосталы лавiлi ўсю ноч i нiчога не злавiлi. Тады Езус сказаў iм адплысцi на глыбiню, i стаўся цуд. Яны злавiлi такую вялiкую колькасць рыбы, што нават рвалiся сеткi (пар. Лк 5, 4–6).

«Адплывi на глыбiню», — з гэтымi словамi Езус сёння звяртаецца да нас. Чалавек, ты створаны па вобразу i падабенству Божаму (пар. Быц 1, 27), адкуплены Сынам Божым i маеш годнасць Божага дзiцяцi (пар. 1 Ян 3, 1). Таму не плёскайся на мелi, а адплывi на глыбiню духоўнага жыцця, каб яно прынесла багаты плён.

Можа, сеткi твайго жыцця пустыя, можа, дагэтуль нiчога не ўдалося злавiць, можа, твае жыццёвыя планы i мары не рэалiзавалiся. Але ты не адзiн, i Езус сёння цябе заклiкае: «Не бойся, не паддавайся, адплывi яшчэ раз на глыбiню твайго жыцця, тваiх мараў, iмкненняў, болю, цярпенняў, адзiноты i яшчэ раз закiнь сеткi, бо Я з табой». 

8. У той жа час страх i баязлiвасць перад светам не дазваляюць нам гэтага ўчынiць. Сёння хрысцiяне могуць згадзiцца на разводы, аборты, эўтаназiю, апладненне «in vitro», гомасексуальныя саюзы i iншыя духоўныя анамалii. Чаму? Бо свет такi, бо мы яго баiмся, бо лягчэй плысцi па цячэннi, чым супраць, бо ў наша духоўнае жыццё ўваходзiць феномен палiткарэктнасцi, калi мы не маем, а можа, не хочам мець свайго меркавання па тым цi iншым маральным пытаннi.

Страх перад светам нас паралiзуе i не дазваляе даверыцца Хрысту. У кожным з нас у большай цi меншай меры ён прысутнiчае, i толькi давер Езусу дапамагае яго перамагчы.

Тут да месца ўзгадаць словы святога Яна Паўла II, якi ў далёкiм 1978 годзе казаў: «Не бойцеся, адчынiце насцеж дзверы Хрысту. Яго збаўчай уладзе адчынiце межы дзяржаў, эканамiчных i палiтычных сiстэмаў, шырокiя сферы культуры, цывiлiзацыi i развiцця!»

Дзякуй Богу, дзверы Хрысту ў нашай краiне адчынiлiся, i мы атрымалi свабоду веравызнання. Аднак злы дух не спiць i ўвесь час дзейнiчае. У вынiку чаго ў сучасным, асаблiва заходнiм, свеце з’явiлася шмат такiх небяспечных выклiкаў, аб якiх яшчэ зусiм нядаўна мы нават не маглi i падумаць. I мы бачым, як палiтычныя i эканамiчныя сiстэмы, а таксама культуры адмаўляюцца ад Бога. Iзноў паўтараецца гiсторыя з Бэтлеема, бо ў сучасных грамадствах i чалавечых сэрцах не знаходзiцца месца для нараджэння Валадара сусвету сваёй ласкай (пар. Лк 2, 7). Хрыстус прыходзiць да сваiх, а яны Яго не прымаюць (пар. Ян 1, 11).

9. Сучасны свет вельмi моцна занепакоены фiнансавым крызiсам i лiхаманкава шукае шляхоў выйсця з яго. Здаецца, што найважнейшай справай з’яўляюцца банкi, фiнансавыя рынкi i палiтыкi, якiя дыскутуюць аб тым, як выратаваць банкрутаў.

У той жа час неабходна падкрэслiць, што сучасны свет змагаецца не толькi з фiнансавым, але i з культурным i духоўным крызiсам. Матэрыяльныя каштоўнасцi i прыемнасцi сталi новымi багамi, якiм усе пакланяюцца i падпарадкоўваюць сваё жыццё.

Божы закон лiчыцца састарэлым, неактуальным i ўспрымаецца як рэлiкт мiнулых часоў. Усё больш маладых людзей жыве без шлюбу, i такi стыль жыцця лiчыцца знакам свабоды i сучаснасцi. Кожнае пятае дзiця ў нашай краiне выхоўваецца ў няпоўнай сям’i. А колькi разводаў i iншых сямейных трагедый, звязаных з насiллем, алкагалiзмам, наркаманiяй!

Сучасныя медыя ў шматлiкiх серыялах, рэкламах i забаўляльных праграмах распаўсюджваюць стыль жыцця, у якiм зло, грэх i незахаванне Божага закону ўспрымаецца як нешта захапляючае i пазiтыўнае. Усё гэта вядзе да таго, што заганы называюцца норавамi.

Бурнае развiццё тэхналогiй i iмкненне да як мага большай прадуктыўнасцi падрывае праўдзiвы сэнс i значэнне чалавечай працы. Нярэдка культура, замяняючы духоўнае свецкiм, спрыяе ўкараненню амаральнасцi.

На гэтым фоне не хапае праграм, якiя фармавалi б сумленне чалавека i распаўсюджвалi б духоўныя каштоўнасцi, такiя як малiтва, дабрачыннасць, мiласэрнасць, працавiтасць, адказнасць, ахвярнасць i да т.п. Замест iх пануюць дэмаралiзуючыя: гвалт, эротыка, iмкненне да ўзбагачэння любым коштам, забаўляльны стыль жыцця i г.д. Гэта не што iншае, як прапаганда педагогiкi зла i фармацыя да лiберальнай мадэлi жыцця. У вынiку чаго людзi губляюць здольнасць адрознiваць дабро ад зла.

Усё гэта разам з iншымi шматлiкiмi праблемамi сацыяльнага, грамадскага i палiтычнага характару негатыўна ўплывае на рытм бiцця сэрца сучаснага свету i нашага народу. Пры гэтым мы не заўсёды ўсведамляем, што такiя праблемы ўзнiкаюць па прычыне непрыняцця Божага закону. Таму найбольш небяспечнай пагрозай для хрысцiянства з’яўляецца рэлiгiйная абыякавасць хрысцiян.

У вынiку гэтага мы самi сабе ствараем сiтуацыю глыбокага маральнага крызiсу i ў пэўным сэнсе нагадваем «Тытанiк», на якiм, нягледзячы на наблiжэнне катастрофы, аркестр граў да апошняй хвiлiны, а пасажыры пiлi шампанскае.

10. У той жа час народжаны ў Бэтлееме Езус праз паслугу Касцёла прыходзiць да нас. Не трэба баяцца прыняць Яго, бо Ён нiчога не адбiрае, а дае ўсё, — як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI. 

Езу, увайдзi сваёй духоўнай моцай у наша грамадства i аздаравi яго! Увайдзi ў нашыя сем’i, якiя перажываюць крызiс, каб яны былi моцныя Богам. Увайдзi ў нашу моладзь, якая хоча быць сучаснай i, знаходзячыся пад уплывам рознага роду спакусаў, змагаецца за сваю хрысцiянскую тоеснасць. Увайдзi ў палiтычныя, эканамiчныя i культурныя сiстэмы, каб яны як мага лепш служылi дабру чалавека i спрыялi яго духоўнаму росту. Святлом свайго Евангелля асвятлi наш шлях. Умацуй нашу веру, надзею i любоў!

11. Дарагiя браты i сёстры!

Вiншую ўсiх католiкаў з радасным i збаўчым святам Нараджэння Хрыста!

Вiншую хрысцiян iншых веравызнанняў, якiя сёння адзначаюць яго!

Вiншую братоў i сясцёр праваслаўных, якiя ў хуткiм часе будуць святкаваць Божае Нараджэнне!

Вiншую ўсiх людзей добрай волi! Сын Божы прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека для ўсiх, а сённяшняе свята ў Беларусi адзначаецца таксама i на дзяржаўным узроўнi.

Падобна таму, як нованароджанае немаўля з’яўляецца знакам надзеi для яго бацькоў, таксама i Немаўля Езус нясе новую надзею ўсiм нам i нашай Бацькаўшчыне, бо Бог спаслаў свайго Сына, народжанага з Марыi Дзевы, каб аб’явiць нам канчаткова сваю любоў, — як кажа Папа Францiшак, абвяшчаючы Юбiлейны Год Мiласэрнасцi (пар. MV 1).

Таму, Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце Сына Божага, прымi Яго i даверся Яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсiм нам цуду паяднання i ўчынiць цябе новай i шчаслiвай!

Гэтыя свае пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога i на знак нашай духоўнай еднасцi дзялюся з вамi традыцыйнай аплаткай. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ,
Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi.

Мiнск.

Советская Белоруссия № 249 (24879). Четверг, 24 декабря 2015
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter