Пастырскае пасланне на Вялiкдзень 2008 г.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi

Уваскрасi нас, пане, тваiм словам!


Умiлаваныя ў Змёртвыхпаўсталым Пану браты ў бiскупскiм i святарскiм служэннi, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры!


1. «Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзiце, паглядзiце на месца, дзе быў пакладзены» (Мц 28, 5 — 6). Гэтыя словы Анёла, якi сядзеў на каменi каля ўваходу ў грабнiцу Пана, сёння гучаць у нашых касцёлах i каплiцах, у нашых супольнасцях. Гэтыя словы глыбока пранiкаюць у нашыя сэрцы, перамяняюць iх i напаўняюць радасцю, даючы нам новую надзею.


Радасным воклiчам: «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» — мы абвяшчаем праўду збаўчай урачыстасцi Змёртвыхпаўстання Пана i дзелiмся ёю з iншымi. Мы нясем яе ў свет, спяшаемся з ёю да iншых людзей, так, як паспяшалiся жанчыны–мiраносiцы, калi, прынёсшы алеi для намашчэння, замест цела Езуса ўбачылi пустую грабнiцу, куды яно тры днi таму было пакладзена.


2. Вечна жывое i заўжды актуальнае Божае слова, якое прыносiць нам гэтую радасную пасхальную вестку, павiнна быць таксама i дзейсным (пар. Гбр 4, 12), павiнна заахвочваць да навяртання i духоўнага адраджэння. Для гэтага нам неабходна дазволiць Хрысту, каб Ён сваёю ласкаю ўваскрасiў нас да новага жыцця. Цi магчыма гэтага дасягнуць у наш секулярны час?


Жанчыны–мiраносiцы непакоiлiся, кажучы адна адной: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магiлу?» (Мк 16, 3). У нашым жыццi адбываецца нешта падобнае. Жыццё здалёк ад Бога i Ягонай ласкi, або нават такое жыццё, як быццам Бог наогул не iснуе, становiцца тым каменем, якi закрывае перад Хрыстом уваход у нашыя сэрцы. Прычым часам нам здаецца, што гэты камень такi вялiкi, што нiхто не ў стане адсунуць гэты камень.


Аднак праўда Уваскрасення сведчыць пра адваротнае. Няўжо ж Хрыстус, якi ўскрасiў Лазара (пар. Ян 11, 38 — 44) i сам паўстаў з мёртвых, не зможа нас вызвалiць з грахоўнай няволi? Безумоўна, Ён — мiласэрны Езус — можа гэта зрабiць i робiць гэта. Трэба толькi дазволiць Яму дзейнiчаць. Сам Ён нiкога нi да чаго не прымушае: прапануючы сваю дапамогу, Хрыстус паважае свабоду чалавека. Таму толькi ад нас залежыць, цi прымем мы яе, цi адмовiмся ад яе.


Перажываючы год Божага слова — крынiцы надзеi, якая, як вучыць нас Папа Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца асноўным словам бiблейскай веры (пар. SS 2), неабходна звярнуцца да яго сiлы, каб яно разам з Традыцыяй Касцёла заахвоцiла нас адсунуць камень ад уваходу ў цёмную пячору нашай душы, каб праўда Уваскрасення Пана заззяла ў нас.


3. Мы перажываем надыход вясны, якая на нашых вачах абуджае прыроду да новага жыцця. Таксама i моц Уваскрасення Хрыста, якая праяўляецца таксама ў Божым слове, павiнна ажыўляць чалавека.


Вядома, што дрэва з пашкоджаным карэннем сохне i памiрае. Таксама i хрысцiянiн, якi па сваёй волi адмаўляецца ад уласных каранёў i не прымае праўды пра Уваскрасенне, такiм чынам асуджае сябе на духоўную смерць. Таму, каб не змарнаваць збаўчай i жыватворчай ласкi Уваскрасення Пана, неабходна заўсёды захоўваць вернасць свайму хрысцiянскаму паклiканню.


Недастаткова быць толькi намiнальнымi i ананiмнымi хрысцiянамi, якiх з Касцёлам не аб’ядноўвае нiчога, акрамя пасведчання хросту. Недастаткова толькi раз на год, на Вялiкдзень, прыйсцi ў касцёл, каб асвяцiць святочныя стравы, пазахапляцца велiчным спевам «Аллелюя», вялiкiмi натоўпамi вернiкаў, а пасля зноў надоўга забыцца пра шлях да святынi. Толькi гэтага далёка не дастаткова...


Пасхальныя традыцыi належыць прыняць i перажываць ва ўсёй глыбiнi сэнсу гэтай галоўнай хрысцiянскай урачыстасцi. Так, напрыклад, асвячэнне велiкодных страваў павiнна дапамагаць у духоўным асэнсаваннi свята Пасхi. Асвячоныя яйкi, якiя з’яўляюцца сiмвалам жыцця, — гэта знак таго, што Змёртвыхпаўстанне Пана вядзе да новага жыцця i дае надзею.


4. Уваскрасенне Хрыста павiнна стаць часткаю нашага жыцця. Калi ўваскрослы Хрыстус стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, заваленыя цяжкiмi камянямi грахоў, трэба перш адсунуць камянi, каб iх адчынiць. Для гэтага разам з марнатраўным сынам з евангельскай прыпавесцi кожны павiнен сказаць: «Ойча, я зграшыў супраць неба i перад табою», — i кiнуцца на шыю нашаму Мiласэрнаму Айцу (пар. Лк 15, 21).


Не памёршы для граху, мы не зможам уваскрэснуць да новага жыцця. Як не было ўваскрасення Хрыста без Яго крыжовай смерцi, так не можа быць i нашага вызвалення з няволi граху без збаўчага крыжа пакаяння. Неабходна ўсвядомiць сваю слабасць i звярнуцца да Хрыста са словамi злачынцы, якi пакаяўся: «Узгадай мяне, Пане, калi прыйдзеш у сваё Валадарства» (Лк 23, 42). Гэта неабходна зрабiць, каб у адказ пачуць поўнае надзеi абяцанне: «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раi» (Лк 23, 43).


Крыж — гэта знак Божай мiласэрнасцi, ён вядзе нас да ўнутранай свабоды. Таму нельга абыякава абмiнуць яго. Хоць чалавеку i нялёгка пакiнуць свае дрэнныя схiльнасцi i звычкi, тым не менш неадменнаю ўмоваю ўваскрашэння да новага жыцця з’яўляецца разрыў з мiнулым. Гэта i ёсць крыж нашага жыцця, але крыж, праз якi дасягаецца збаўленне.


5. У вандроўцы з егiпецкай няволi ў Абяцаную зямлю юдэi з жалем узгадвалi пра тое, як яны сядзелi пры катле з мясам i елi ўдосталь хлеба (пар. Зых 16, 3). Перад аблiччам часовых цяжкасцяў яны лiчылi няволю лепшаю за свабоду, абы толькi мець ежы ўдосталь. Матэрыяльныя даброты сталiся для iх вышэйшымi за дар свабоды.


Калi ў жыццi месца Бога i Ягонага закону занятае iдаламi багацця, безадказнай вольнасцi, амаральных асалодаў, задаволення неўпарадкаваных жаданняў, лiбералiзму, маральнага рэлятывiзму, хлуслiвай «рэлiгiйнай палiткарэктнасцi» i iншых сучасных бажкоў, такi чалавек не зможа ва ўсёй паўнаце перажыць праўду Уваскрасення Хрыста. Замест радасцi прыняцця Хрыстовых таямнiцаў духоўна свабоднага чалавека яму больш да спадобы «кацёл з мясам» егiпецкай няволi ў яе новых формах.


6. Пазбаўлены ўнутранай свабоды i закуты ў кайданы грахоўнай няволi чалавек не зможа перажыць усёй глыбiнi таямнiцы Змёртвыхпаўстання Пана, бо Пасха — гэта пераход з няволi да свабоды, Пасха — гэта вызваленне! Беручы прыклад са святога Аўгустына, мы павiнны баяцца свядома абмiнуць Бога, пазбягаючы сустрэчы з Iм i iмкнучыся ў няволю граху, спажывальнiцтва, задавальненняў i iншых формаў залежнасцi. У наш постмадэрнiсцкi час неабходна прыняць Уваскрослага Хрыста так, як Яго прынялi апосталы. Таямнiца Змёртвыхпаўстання Пана вярнула iм страчаную надзею, а спасланы iм Святы Дух натхнiў на самаадданае абвяшчэнне Добрай Навiны.


7. Уваскрослы Хрыстус сёння звяртаецца да нас са словамi: «Не бойцеся!» (Мц 28, 10), таксама, як сказаў гэта жанчынам–мiраносiцам. Словы «Не бойцеся!» сталi дэвiзам служэння Слугi Божага Яна Паўла II (пар. МЗ, с. 26), трыццацiгоддзе абрання якога на пасад святога Пятра будзе адзначацца сёлета. Яго заклiк далей развiвае Папа Бэнэдыкт XVI, падкрэслiваючы, што не варта баяцца Пана Бога, якi нiчога не забiрае, а толькi дае (пар. WSP, s. 36).


Сёння, перад аблiччам выклiкаў секулярызму, рэлiгiйнай абыякавасцi, а таксама праяваў адыходу ад веры, Хрыстус, якi кажа: «Не бойцеся», бо «Я перамог свет» (Ян 16, 33), перамог грэх, смерць i сатану, заклiкае нас спазнаць i палюбiць праўду, якою з’яўляецца Ён сам, наш Уваскрослы Пан.


Гэтая праўда даражэйшая за ўсе матэрыяльныя даброты i задавальненнi гэтага свету. У святле праўды Змёртвыхпаўстання Пана, якi адкрывае нам шлях да вечнага шчасця, неабходна ўсвядомiць i прыняць глыбока ў сваё сэрца тое, што з’яўляецца сапраўднаю каштоўнасцю, i адмовiцца ад iлюзiй, якiя вядуць да расчараванняў.


Нягледзячы на тое, што сучаснаму чалавеку, асаблiва маладому, пагражае вялiзная колькасць небяспекаў, перадусiм для яго духоўнага жыцця, яму неабходна ўважлiва ўслухацца ў заклiк Хрыста: «Не бойцеся!», бо, калi Езус здольны ўваскрасiць памерлага з магiлы, то Яму не будзе складана вырашыць i нашыя духоўныя праблемы. Трэба толькi спадзявацца на Яго i жыць у свабодзе дзяцей Божых.


8. Мы таксама павiнны з пашанаю ставiцца да новых умоваў набытай свабоды веравызнання, захоўваць i абараняць першынство Божага закону, якi з’яўляецца гарантыяй дабра для кожнага чалавека. Неабходна памятаць, што свабода з’яўляецца патрабавальнай; яна не захоўваецца аўтаматычна i знiшчае сябе тады, калi жадае стаць неабмежаванаю, спрыяючы развiццю маральнага рэлятывiзму, як падкрэслiвае Папа Бэнэдыкт XVI (пар. CPE, s. 133 — 135).


Таму перад аблiччам небяспечных выклiкаў сучаснасцi нам неабходна прыняць праўду Уваскрасення Хрыста i жыць ёю; неабходна дазволiць Хрысту дзейнiчаць у нас, бо будучынi не ўдасца пабудаваць толькi на мiнiмалiсцкай этыцы, на павярхоўнай традыцыйнай рэлiгiйнасцi, якой пагражаюць небяспекi секулярызму, маральнага рэлятывiзму i «рэлiгiйнай палiткарэктнасцi».


9. Браты i сёстры!


Уваскрасенне Хрыста напоўнiла апосталаў радасцю i надзеяй. Таму пасля Вялiкага посту — часу нашага навяртання — узрадуемся i мы светламу святу Пасхi, святу жыцця i надзеi!


Ад усяго сэрца вiншую вас са збаўчаю ўрачыстасцю ўваскрасення Хрыстова. Вiншую таксама хрысцiянаў iншых веравызнанняў, якiя сёння адзначаюць гэтае Свята святаў. Вiншую вернiкаў Праваслаўнай Царквы, якiя перажываюць святы час падрыхтоўкi да Вялiкадня, i ад усёй душы жадаю, каб ён сапраўды стаў бласлаўлёным часам для нашых праваслаўных братоў i сясцёр. Перад аблiччам выклiкаў секулярызму мы паклiканыя да сумеснага сведчання пра хрысцiянскiя каштоўнасцi i да iх абароны. Ад гэтага будзе залежаць, цi стане набыткам нашых сучаснiкаў збаўчая праўда Уваскрасення Хрыста, якая вядзе да духоўнай свабоды.


Праз заступнiцтва Марыi, якая з радасцю прыняла вестку пра Змёртвыхпаўстанне Яе Сына, усiм вам жадаю шчасця, радасцi i шчодрых ласкаў ад Уваскрослага Збаўцы i ад шчырага сэрца благаслаўляю ў iмя Айца i Сына, i Духа Святога. Амэн.


Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!


Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter