У зімовую пару багатае на падзеі жыццё віруе ў Вялікім тэатры Беларусі

Запрашае Опера

Яшчэ на пачатку снежня ладзілася прэс-канферэнцыя, прысвечаная ІІІ Мінскаму міжнароднаму Каляднаму конкурсу вакалістаў. Як паведаміў тады гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка, заяўкі на ўдзел у ім падалі 120 выканаўцаў з 16 краін. Уладзімір Паўлавіч традыцыйны і ўзначальвае журы конкурсу. Спачатку з усіх канкурсантаў адабралі трыццаць, потым сярод іх вызначалі пераможцаў. У галасаванні пасля выступленняў артыстаў на вялікай сцэне паўдзельнічалі гледачы: прыз іх сімпатый атрымала спявачка з Беларусі Маргарыта Ляўчук. Лаўрэатам другой прэміі стаў наш Аляксандр Міхнюк. А Гран-пры атрымаў таленавіты спявак з Арменіі Тыгран Аганян.

А з 14 па 20 снежня на сцэне Вялікага тэатра праходзіў Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Былі яркія прэм’еры, новыя імёны, ішлі лепшыя спектаклі з рэпетруару тэатра. Дарэчы, падобнае свята класічнага мастацтва прайшло ў Вялікім тэатры ужо ў сёмы раз. І завяршыўся форум вялікім гала-канцэртам з удзелам зорак сусветнай оперы.

Перад Новым годам стала вядома: у праекце “Вялікая опера” тэлеканала “Россия. Культура” трэцяе месца заняў спявак Вялікага тэатра Беларусі Юры Гарадзецкі. У 2014-м, нагадаем, трэцім быў там Ілья Сільчукоў — таксама з Мінска. Так што опернае беларускае мастацтва застаецца на вышыні!

Далучае да прыгожага Вялікі тэатр і юную аўдыторыю. У прыватнасці, там нядаўна завяршыўся традыцыйны конкурс “Навагодняя тэатральная цацка”, у якім паўдзельнічала 70 сем’яў з розных куткоў Беларусі. Яны прыслалі на конкурс больш за 90 цацак! А ў перадсвяточны дзень, 6 студзеня, перад спектаклем “Жар-птушка” ў тэатры аб’явілі пераможцаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter