Пра давыд-гарадоцкі карнавал ведаюць далёка за межамі гэтага палескага рэгіёна

Вярхом на «Коніках»

У Давыд-Гарадку адшумелі “Конікі” — дзіўнае свята, якое існуе толькі ў гэтым кутку Палесся і праходзіць у ноч на 14 студзеня, у стары Новы год. Гэта візітная картка горада, гонар мясцовых жыхароў.


Кароткі дзень

Да “Конікаў” у жыхароў Давыд-Гарадка стаўленне асаблівае. Напярэдадні свята мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі працуюць па скарочаным графіку. А ў школе ўрокі ўсяго па паўгадзіны. Трэба ж як мае быць падрыхтавацца да карнавалу: давесці да ладу касцюмы, накрыць стол, паклікаць сяброў і суседзяў. Бліжэй да вечара з’язджаюцца шматлікія госці. На вуліцах гарадка поўна машын. Мяркуючы па нумарах, яны не толькі з усіх рэгіёнаў Беларусі, але і з суседніх краін — Украіны, Польшчы, Расіі.

Юрый Шапецька нарадзіўся ў Давыд-Гарадку. Цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу, але любімае свята прапусціць не мог, прыехаў на малую радзіму:

— “Конікі” — добрая магчымасць сустрэцца са старымі сябрамі, павесяліцца ад душы, вярнуцца ў дзяцінства. Праграма свята выверана дзесяцігоддзямі. Спачатку людзі збіраюцца за сталамі, а калі пачынае цямнець, апранаюць касцюмы і выходзяць на вуліцу. Наперадзе абавязкова ідзе Конь. Калядоўшчыкі заходзяць у кожны дом, спяваюць, віншуюць адзін аднаго са святам.

А затым народ збіраецца на галоўнай плошчы горада, ля помніка князю Давіду. І гулянні працягваюцца амаль да раніцы.

Ад прадзедаў

Традыцыя адзначаць “Конікі” нарадзілася ў Давыд-Гарадку больш за 100 гадоў таму. Упершыню Каня па яго вуліцах правялі салдаты рускай арміі, распавядае мясцовы краязнавец Мікалай Бразоўскі:

— Падчас Першай сусветнай вайны ў Давыд-Гарадку стаяў эскадрон казакоў. Лінія фронту праходзіла далёка, таму асаблівых клопатаў у хлопцаў не было. Хіба што коней накарміць ды напаіць.

А пацешыцца ж трэба! Вось хтосьці з казакоў і змайстраваў Каня. Зрабіў галаву з валёнка, хвост — з лёну, накрыў канструкцыю доўгімі поламі шыняля. Ну і пайшлі салдаты з Канём па Давыд-Гарадку людзей весяліць. Для мясцовых жыхароў гэта было сапраўднае дзіва! Ім Конь спадабаўся, так ён і стаў сімвалам свята.

Але ж у апошнія гады свята ўсё больш аддаляецца ад канонаў, губляе былы каларыт. Змешванне масак, песень, касцюмаў знішчае аўтэнтычнасць “Конікаў”, і гэта вельмі хвалюе Мікалая Бразоўскага:

— Раней усё было строга рэгламентавана. Акрамя Каня ў кожнай кампаніі абавязкова былі Дзед, Баба, Смерць, Чорт, Казёл, Мядзведзь і Баран. Сёння гэтай традыцыі ніхто не прытрымліваецца. Затое можна ўбачыць самых неверагодных персанажаў: Карлсана, Мікі-Маўса, піратаў і ім падобных. Да нашай традыцыі яны не маюць ніякага дачынення. Ды і спявалі раней не тое, што падабаецца, а тое, што варта. Для дзяўчыны выконвалі адну песню, для хлопца — зусім іншую. Усе імкнуліся зайсці да людзей заможных, тых, хто мог і чарку наліць, і грошай даць.

Вольга Мішчура пражыла ў Давыд-Гарадку 87 гадоў. Яна добра памятае, як раней праходзілі “Конікі”. Кажа, свята сапраўды мяняецца, але яго атмасфера застаецца ранейшай:

— Кожны год у ноч на 14 студзеня Гарадок гудзе. Ва ўсіх хатах сталы накрыты. Людзей на вуліцах мора! Усе спяваюць, танцуюць. Галодным і цвярозым з Давыд-Гарадка яшчэ ніхто не ад’язджаў!

І я з Канём бегала ў свой час, і мае бацькі. Хоць у савецкія часы “Конікі” спрабавалі забараніць, але народ усё роўна захаваў традыцыю. Тады бегалі не па цэнтральных вуліцах, а па ўскраінах, каб не трапіць на вочы міліцыі ці дружыннікаў. Забароны толькі падагравалі азарт.

Забараняць “Конікаў” перасталі ў гады перабудовы. Бегаць ад міліцыі больш не прыходзілася. Але словазлучэнне “бегаць з Канём” прыжылося і захавалася да гэтага часу. Цяпер мясцовыя ўлады традыцыю ўсяляк падтрымліваюць. Старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Вячаслаў Стаднік распавядае:

— З “Конікамі” я знаёмы з дзяцінства. На свята заўсёды збіраецца шмат людзей самых розных узростаў. Стараемся ўцягваць у яго моладзь, каб гэтая традыцыя не знікла, не страціла сваю самабытнасць.

Зрэшты, маладыя гарадчукі і самі ахвотна захоўваюць традыцыі продкаў.

У доме Віктара Бясана вялікая кампанія сяброў: фермер, двое настаўнікаў, трое студэнтаў і нават міліцыянер. Сёння ўсе яны будуць бегаць па суседніх вуліцах, вадзіць “Каня” і спяваць песні.

Пакуль гаспадыня накрывае святочны стол, хлопцы рыхтуюцца да “выхаду ў свет”. Пераважная ўвага — касцюму галоўнага героя свята Каня. Насіць яго на гэты раз даверылі студэнту аграрнага каледжа Ігару Казелку. Вакол хлопца тоўпяцца сябры. Сёе-тое трэба падшыць, дзесьці падцягнуць. Віктар Бясан кажа, што на стварэнне Каня яму спатрэбілася 12 гадзін:

— Класічнага Каня рабілі з двух кашоў. Адзін — спераду, другі — ззаду. Замест галавы — валёнак. Мы крыху аблегчылі канструкцыю. Каркас зрабілі з дроту і набілі паралонам. Замест хваста — тонкія ніткі шпагату. Уся канструкцыя ўтрымліваецца на плячах з дапамогай дзвюх шлеек. Быць Канём не так і проста — дзяцей прыйдзецца пакатаць не адзін раз. За ноч плечы сціраюцца да крыві.

— А чаму ў вашага Каня галава неяк дзіўна павернутая?

— Гэта ён нахіліў яе і глядзіць з прыжмурам. Маўляў, чым ты мяне сёння пачастуеш, а?..

У кожнага з хлопцаў за плячамі ўжо не адны “Конікі”. Віктар Бясан знаёмы з імі з дзіцячага садка. Яго бацькі вялікай кампаніяй водзяць Каня да гэтага часу. Сяброўкі-студэнткі Юлія Савіч і Наталля Галавач удзельнічаюць у давыд-гарадоцкім карнавале практычна кожны год, пачынаючы з пятага класа. Наталля кажа:

— На “Конікі” я адмыслова прыехала з Віцебска. Да гэтага свята ў нас асаблівае стаўленне, мы яго заўсёды чакаем з нецярпеннем. А як інакш? Бабуля з дзядулем да старасці Каня вадзілі, ды і бацькі ніколі традыцыі не змянялі.


Пярэстае шэсце

“Адыходнае” застолле заняло хвілін дваццаць. Расседжвацца няма калі.

Да выхаду “Конікаў”, запланаванага на 17.00, застаецца ўсяго нічога, і ў доме пануе лёгкая паніка. Хлопцы апранаюць касцюмы, наносяць грым і макіяж. Віктар Бясан і Аляксандр Савіч рэпеціруюць галоўную песню свята — “Сосну”:

Там стояла cосна тонка, вусока!
Шчодры вэчор!
Тонка, вусока, лісцэйком шырока!
Шчодры вэчор!..

“Конікі”, як правіла, спяваюць менавіта “Сосну”. Хаця раней, кажуць, яе выконвалі толькі для дзяўчат. Віктар і Аляксандр ведаюць сем куплетаў гэтай песні, а ўсяго іх каля дваццаці. Поўны тэкст захоўваецца ў мясцовым музеі.

Каня з цяжкасцю прасоўваюць у дзверы. На вуліцы цямнее. Праз некалькі хвілін уся кампанія ўжо ідзе па заснежанай дарозе: Джэк Верабей, Папандопула, Марачок, Свіння, Чырвоная Шапачка, Вікінг, Снягурка, Дзед Мароз... Апошні нясе мех з цукеркамі — калі ў хаце ёсць дзеці, іх абавязкова трэба пачаставаць.

Планы на вечар у хлопцаў напалеонаўскія. Трэба абысці 30—40 двароў. Акардэаніст зараджае: “Сёння ў нашай хаце свята!..” Барабан звонка адбівае рытм. Усімі фібрамі дрыжыць бубен. Брамка суседняга дома адчынена. Кампанія ледзь змяшчаецца на невялікім пятачку каля ганка. Гаспадыня сустракае гасцей. Над вуліцай разліваецца “Сосна”. Праз некалькі куплетаў акардэаніст камандуе: “А цяпер — полька!” Кампанія пускаецца ў скокі. Гаспадыня хаты ад хлопцаў не адстае. Кружыць разам з Дзедам Марозам, абдымае Снягурку:

— Са святам! Здароўя, поспеху, дабрабыту вам і вашым блізкім! Шчаслівага года!

З-за бабулі выглядвае хлапчук гадоў пяці. Дзед Мароз працягвае яму некалькі цукерак. А гаспадыня дома дае гасцям 5 рублёў, дзякуе. Ужо ля брамкі хлопцы зацягваюць: “Бывайце здаровы, жывіце багата!..” Свае “ганарары” яны ніколі не абмяркоўваюць. Колькі далі — столькі і добра. Бегаюць па дварах сябры не дзеля грошай:

— Хтосьці можа даць 20 капеек, хтосьці — 50 рублёў. У мінулым годзе, напрыклад, у адным з дамоў нас па-царску аддзячылі — далі 150 долараў! Але не гэта галоўнае.

У людзей свята, у кожным доме госці, застолле. А мы абсалютна шчыра іх віншуем. Спяваем, танцуем. Ты жадаеш чалавеку шчасця, здароўя, удачы, ён табе ў адказ пажадае ў тры разы больш. А колькі радасці і захаплення ў вачах дзяцей!

Дарагія дарогі

З песнямі і скокамі ідзём па заснежанай вуліцы. Насустрач з-за павароту выязджае аўтамабіль. Хлопцы, нібы па камандзе, выстройваюцца ў шэраг, перакрываюць дарогу. Вадзіцель адчыняе акно, аддае рублёвую манету. Хлопцы віншуюць, выконваюць пару куплетаў песні і прапускаюць машыну далей. Дзед Мароз, якога завуць Мікалай, тлумачыць:

— На машыне ў горад лепш не выязджаць — абяруць да ніткі. Сёння “Конікам” можна спыняць усіх і патрабаваць узнагароджанне. Адкупляюцца нават экіпажы ДАІ і вадзіцелі маршрутак. Такія правілы.

У акне дома непадалёк дзясяткамі агеньчыкаў пераліваецца ёлка. На ганку гарыць святло. Значыць, тут гасцям рады. Тыя, хто не хоча выслухваць віншаванні, зачыняюць дзверы і выключаюць святло. Такіх у Давыд-Гарадку таксама нямала.

Сустракаць “Конікаў” выходзіць цэлая сям’я гарадчукоў. Гаспадар з гаспадыняй, іх дочкі, зяці, унукі. Конь танцуе разам з малымі. Падлеткі здымаюць усё, што адбываецца, на смартфоны. Затым фатаграфуюцца з Вікінгам. У яго ролі — паляўнічы Віталь. І касцюм у яго адпаведны — са скур дзікоў і зайцоў. “Сосну” спяваюць хорам. Смяюцца, жартуюць. Атмасфера неверагодная!

Іван Андрэевіч гасцей не адпускае, запрашае ў хату. Кажа, адмаўляцца не па-гарадоцкі. Навошта крыўдзіць гаспадароў? Крыўдзіць іх ніхто і не збіраецца. Хлопцы шумным гуртам заходзяць у дом. Чаркі напаўняюцца даверху, на стале цесна ад закусак. Традыцыйны тост: “Шоб за год дождалы!” Гаспадар рады неверагодна: “Хлопцы, пакіньце што-небудзь. Шалік або шапку, тады яшчэ заўтра ўбачымся!” Хлопцы смяюцца: “Мы і так да вас зойдзем!” Аказваецца, “забываць” у гасцях рэчы — даўняя мясцовая традыцыя. Тады раніцай будзе нагода зноў наведаць гасцінных гаспадароў. І свята пачнецца нанава.

Увесь Давыд-Гарадок грыміць баянамі і барабанамі. На кожнай вуліцы гучаць песні. Ад пераапранутых гарадчукоў не схаваецца ніводная машына. Праз кожныя сто метраў — “блокпасты”. Далей не паедзеш — трэба адкупіцца.

— Хлопцы, усё аддаў! Узяў з сабой 15 рублёў, ні капейкі не засталося! Аптэчка старая падыдзе?

— Давай аптэчку, але ў наступным годзе так проста не адпусцім.

Вадзіцель адкрывае багажнік, дастае аптэчку. Калядоўшчыкі адсыпаюць яму дробязі, каб было чым адкупіцца ад іншых кампаній. Зрэшты, далёка не ўсе паводзяць сябе па-джэнтльменску. У пазамінулым годзе ў адной з груп прама на плошчы ўкралі акардэон. Усялякае бывае...

Весяліся, народ!

Падлічыць, колькі “Конікаў” гуляе па вячэрніх вуліцах, немагчыма. Два-тры дзясяткі. Як мінімум. Ад багацця касцюмаў і масак мітусіцца ў вачах. На фоне гэткага карнавалу незвычайна выглядае кампанія ў традыцыйных беларускіх строях. Аказалася, не мясцовыя. Удзельнікі народнага ансамбля “Верасіна” з Драгічынскага раёна прыехалі ў Давыд-Гарадок спецыяльна, каб павіншаваць яго жыхароў са святам, парадаваць сваімі песнямі:

— Гарадчукі добра частуюць! Поўныя жываты наелі, а ў кішэнях — поўна капеек, — смяюцца бабулі. — Аднак не на заробкі мы сюды завіталі. Людзей парадаваць і самім душой адпачыць! Мы не адны такія. Прыехалі калектывы са Столінскага, Пінскага, Іванаўскага, Жыткавіцкага раёнаў.

У 21.00 у цэнтры Давыд-Гарадка шматлюдна. Здаецца, ля помніка князю-заснавальніку сабраўся ўвесь горад. Тут і старыя і малыя. Гучаць песні, святочна грукочуць феерверкі. “Конікі” праходзяць парадам па цэнтральнай плошчы, пачынаецца канцэрт.

— Трэба не толькі ўсяляк падтрым-ліваць гэтую традыцыю, але і аберагаць яе! — перакрыквае грукат калонак гарадчук Віктар Хмарук, ён у касцюме Дзеда. — Важна прапагандаваць сапраўдных “Конікаў”, нашы абрады і песні. Паслухайце, што гучыць са сцэны — шмат папсы, якая ні да “Конікаў”, ні да палескай культуры не мае абсалютна ніякага дачынення.

Давыд-гарадоцкі карнавал у самым разгары. Спявае, танцуе, весяліцца. На гадзінніку поўнач, але дадому ніхто не збіраецца. “Конікаў” трэба сустракаць з радасцю. Тады і год будзе шчаслівы!..

ДАРЭЧЫ

Рэспубліканскі савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры адхіліў прапанову гарадчукоў унесці абрад “Конікі” ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Прычынай сталі сучасныя маскі. Аднак энтузіясты не здаюцца. Столінскі райвыканкам рыхтуе паўторную заяўку.

— Гэтая традыцыя дарагая кожнаму гарадчуку — і як памяць аб продках, і як іх этнічная асаблівасць. Маскі-”навадзелы” толькі ўпрыгожваюць традыцыю і далучаюць яе да сучаснасці, — упэўнена даследчык беларускай традыцыйнай культуры Рэгіна Гамзовіч.

На яе думку, гарадчукам не варта забываць аб традыцыйных персанажах “Конікаў”. Падчас свята вельмі важна выкарыстоўваць аўтэнтычную атрыбутыку, песні і вершы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter