Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прарыўныя распрацоўкі спецыялістаў беларускай кампаніі “Сакрамент ІТ” паспяхова прэзентаваліся ў Маскве — для ўдзельнікаў чацвёртага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Вельмі зручныя падручнікі

Крыху больш за месяц таму наша газета пісала пра ўнікальную распрацоўку — Праграмны комплекс “Мультымедыйная бібліятэка школьніка” (“Ад Скарыны да SKARYNA” — ГР, №21, 8.06. 2017). Ганарыцца ёсць чым: упершыню ў свеце пераважная большасць менавіта беларускіх школьных падручнікаў стала даступнаю для вучняў і настаўнікаў — у электронным фармаце, праз інтэрнэт. Мяркуем, і адказным асобам, якія займаліся арганізацыяй нацыянальнай экспазіцыі Беларусі ў Маскве, публікацыя трапіла на вочы. Дырэктару кампаніі “Сакрамент ІТ” Валерыю Ягораву прапанавалі паехаць на прэстыжны маскоўскі Форум з удзелам прэзідэнтаў абедзвюх краін, які праходзіў 29-30 чэрвеня.

“Вядомыя людзі як з Масквы, так і з рэгіёнаў Расіі праявілі вялікую зацікаўленасць у тым, каб выкарыстаць наш каштоўны досвед, — расказаў Валеры Мікалаевіч. — На форумнай выставе ў кластэры “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі” я расказваў ахвочым пра нашу тэхналогію стварэння мультымедыйных бібліятэк, а таксама і Праграмны комплекс “Мультымедыйная бібліятэка школьніка” (ПК МБШ), які ўжо дзейнічае. Што цяпер практычна ўсе беларускія школьныя падручнікі даступныя па адным кліку ў сучасных гаджэтах карыстальнікам па ўсім свеце — гэта ўражвае найперш прадстаўнікоў навукі, адукацыі. Праяўлялі, аднак, інтарэс да распрацовак кампаніі не толькі яны”.

У прыватнасці, Валеры Ягораў правёў персанальную прэзентацыю тэхналогіі, распрацаванай спецыялістамі “Сакрамент ІТ”, а таксама ПК МБШ для вядомага суайчынніка з Ашмян Франца Клінцэвіча — першага намесніка старшыні Камітэта па абароне і бяспецы Савета федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. “Земляка пазнаў сярод гасцей, прапанаваў паказаць яму нашы “зручныя падручнікі”, — згадвае мой субяседнік. — Слухаў ён, глядзеў, як усё працуе — з вялікай увагай. Потым Франц Адамавіч і падзякаваў, што запрасілі яго да сябе. Я прапанаваў стварыць на базе нашай тэхналогіі “Бібліятэку школьніка Саюзнай дзяржавы”. Супляменнік прапанову падтрымаў, лічыць яе своечасовай”.

Адну з прэзентацый спецыяліст зрабіў для віцэ-прэзідэнта Расійскай акадэміі навук Сяргея Алдошына. А ці можна выкарыстаць тэхналогію для стварэння бібліятэк у сферы вышэйшай адукацыі Расіі? Вучоны лічыць: так, і варта пачынаць працу ў гэтым кірунку. Старшыні Камітэта па навуцы, адукацыі ды культуры Савета Федэрацыі РФ Зоі Драгункінай падалося цікавым, што тэхналогія беларусаў падыдзе і для стварэння “Бібліятэкі расійскага школьніка”. “Зоя Фёдараўна прапанавала мне зрабіць пашыраную прэзентацыю: у Камітэце, які ўзначальвае, і для Міністра адукацыі ды навукі Расіі”, — гаворыць Валеры Ягораў. 

Яшчэ адзін яго цікавы субяседнік — гэта кіраўнік Чувашскай Рэспублікі Міхаіл Ігнацьеў. Прэзентуючы яму тэхналогію, дырэктар кампаніі “Сакрамент ІТ” прапанаваў выкарыстаць яе для стварэння “Бібліятэкі школьніка Чувашскай Рэспублікі”. Міхаіл Васільевіч выказаў зацікаўленасць у такім праекце і сказаў, што дасць адпаведнае даручэнне Міністру адукацыі Чувашыі.

У ліку тых, каго зацікавілі прапановы беларускіх ІТ-спецыялістаў па супрацы, былі прадстаўнікі маскоўскага канцэрна радыёбудавання “Вега”, інтэрнэт-партала “Я класс”, піцерскага Цэнтра маўленчых тэхналогій, маскоўскай фірмы “ОО ГлобалЛаб” (працуе ў сферы інавацыйных адукацыйных тэхналогій)... Інтарэс да распрацовак беларускай кампаніі праяўлялі таксама й журналісты розных выданняў. 

Беларусь, маючы ІТ-спецыялістаў сусветнага ўзроўню, напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання зрабіла рэвалюцыйны прарыў у галіне данясення і засваення ведаў. Ніводная іншая краіна пакуль не мае такой зручнай у карыстанні, даступнай праз інтэрнэт (а значыць — у любым часе і месцы на Зямлі) уласнай распрацоўкі, як Праграмны комплекс “Мультымедыйная бібліятэка школьніка”.

Голас Радзімы № 26 (3530), чацвер, 13 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter