У гэтым сезоне змагацца з парушальнікамі, якія пакідаюць смецце на стыхійных звалках, будуць відэакамеры і квадракоптары

Вельмi брудная справа

З надыходам цёплых дзён жыхары краіны пачалі актыўна наводзіць парадак на дачных ды прысядзібных участках. На жаль, многія вывозяць смецце проста ў бліжэйшыя ляскі, тым самым наносячы шкоду навакольнаму асяроддзю, жывёльнаму і расліннаму свету. Разам з прадстаўнікамі Мінпрыроды і Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў , якія штодня інспектуюць выкананне заданняў рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, карэспандэнт «Рэспублікі» выехала за горад, каб пашукаць у аколіцах Мінска стыхійныя звалкі. 

Спачатку кіруемся ў вёску Каралёў Стан. Адсюль у Мінпрыроды паступіў сігнал аб стварэнні несанкцыянавай звалкі. Прыгожыя, акуратныя домікі. Лужкі радуюць маладой зелянінай, нават не верыцца, што нехта здольны сапсаваць такую прыгажосць. Рухаемся праз вёску і выязджаем на дарогу, якая вядзе да дачных участкаў. Літаральна праз дзвесце метраў бачым белыя мяшкі на абочыне.

Аксана КУКЕТА робіць фотаздымкі стыхійнай звалкі
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Стыхійную звалку арганізавалі на месцы нейкай сельскагаспадарчай канструкцыі — ва ўсякім разе, пляцоўка яе забетанавана, а смецце часткова хаваюць ад поглядаў земляныя валы, умацаваныя плітамі. Магчыма, калісьці тут складалі сена. Зараз жа сюды зносяць усё непатрэбнае. Пад нагамі валяюцца бітае шкло, пластыкавыя бутэлькі, стары руберойд. Асобнай кучкай ляжаць мяшкі з будаўнічым смеццем, побач прыткнуліся рэшткі машын — колы, сядзенні, падгалоўнікі, кансоль. 

Аляксея КАРСЕКУ засмучае нядбайнае стаўленне да навакольнага асяроддзя
— Перш за ўсё трэба высветліць, каму належыць гэта зямля, — Аксана Кукета, галоўны спецыяліст Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў, робіць фотаздымкі звалкі. — Землекарыстальніку вынесем прадпісанне, у якім будзе ўстаноўлены канкрэтны тэрмін ліквідацыі парушэння. Калі своечасова не прыбяруць, можам прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Праўда, гэта крайняя мера, у першую чаргу мы імкнёмся дабіцца навядзення чысціні. Але ж маем права весці адміністрацыйныя працэсы, складаць пратаколы, прад’яўляць прэтэнзіі аб пакрыцці матэрыяльнай шкоды. 

Дарэчы, адказнасць за забруджванне навакольнага асяроддзя прадугледжана некалькімі артыкуламі КаАП. Пакараннем можа стаць папярэджанне або штраф у памеры ад 5 да 20 базавых велічынь для фізічнай асобы і ад 10 — для юрыдычнай. 

Далейшы наш шлях ляжыць у вёску Магістральная Смалявіцкага раёна, дзе таксама была заўважана звалка. 

Пластыкавымі бутэлькамі, рэшткамі бытавой тэхнікі і будаўнічых матэрыялаў забруджана лесапасадка на ўскрайку засеянага поля. Але «свежага», сёлетняга смецця на першы погляд не відаць. Магчыма, гэта звязана з тым, што заарана дарога ўздоўж лесу. Так што злавіць тут парушальніка наўрад ці атрымаецца, а вось ачысціць лясок землекарыстальніку давядзецца. 

Лесапаласа на ўскрайку поля моцна забруджана
Пра стыхійны палігон непадалёку, бліжэй да вёскі Гарадзішча Мінскага раёна, мы нават і не ведалі — з дарогі заўважылі падазроны бляск паміж дрэвамі і звярнулі паглядзець, што там. За агароджай знаходзіцца свідравіна водаканала, пад’езд да яе перакрыты шлагбаумам. Проста перад ім нехта зваліў у кусты крыло і кансоль ад аўтамабіля. А вось далей, за шлагбаумам, — сапраўдны сметнік. Тут і старая канапа з крэсламі, і ўсюдыісныя пластык, анучы, банкі, каністры, шкло, плітка… Непрыемная карціна выглядае зусім дзіка на фоне пяшчотна і далікатна квітнеючых дрэў.

Адна надзея: прыбраўшы за невядомымі парушальнікамі, арга-нізацыі-землекарыстальнікі знойдуць спосаб выяўляць іх і ўздзейнічаць на грамадскую свядомасць. Лясныя гаспадаркі, напрыклад, актыўна выкарыстоўваюць відэаназіранне. Надзеі таксама ўскладаюць на кантроль з паветра з дапамогай квадракоптараў.

Па даных зямельнай інфармацыйнай сістэмы, зямля каля Каралёва Стана належыць 1-й Мінскай птушкафабрыцы, а яшчэ дзве звалкі знаходзяцца на тэрыторыі ААТ «Ігнацічы». Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў у бліжэйшы час атрымаюць прадпісанні на ліквідацыю парушэнняў. Верагодна, давядзецца і растлумачыць прычыны нядбайнасці. Не выключана нават, што ў дачыненні да іх пачнецца адміністрацыйны працэс. 

Нягледзячы на знойдзеныя звалкі, мае спадарожнікі настроены аптымістычна.

— Упэўнены, што культура нашых лю-дзей, экалагічная свядомасць усё ж растуць! — сцвярджае Аляксей Карсека, кансультант упраўлення каардынацыі кантрольнай дзейнасці Мінпрыроды. — Усё больш грамадзян прыбіраюць за сабой на месцах пікнікоў, заключаюць дагаворы на вываз буйнагабарытных адходаў. Прычым многія смецце сартуюць.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter