Эксклюзіў: карэспандэнт «Р» першай пракацілася на снегаходзе ратавальнікаў

Утаймаванне снежнага барса

Як ні папярэджваюць рыбакоў аб каварстве ледзянога покрыва на рэках і азёрах — усё роўна прый-дуць і ў чарговы раз выпрабуюць свой лёс. У ліку тых, хто рэгулярна пакутуе ад цікаўнасці — дзеці і падпітыя. Добра, калі ў момант небяспекі побач апынуцца прафе-сійныя ратавальнікі. Днямi аўта-парк гродзенскіх ратавальнікаў папоўніўся снегаходам расійскай вытворчасці «Тайга».


Як асвойваюць супрацоўнікі МНС новую тэхніку, і дзе яна можа спатрэбіцца, даведалася наша карэспандэнт.


На возеры Юбілейным, што за некалькі кіламетраў ад Гродна, таўшчыня лёду — больш за 20 см. Гэта добра відаць па акуратным ледзяным пласцінам, якія супрацоўнікі выратавальнай станцыі беражліва выразалі з азёрнага лёду і склалі ў лічбу 2017. Вядома, не проста так. Гэта купель, у якую на Вадохры-шча будуць акунацца вернікі. 

Намеснік начальніка аварыйна-выратавальнага атрада Гродзенскага абласнога УМНС па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Андрэй Гняцецкі падрыхтаваў  ўжо беласнежны снегаход да прафілактычнага дзяжурства. Ён будзе кіраваць машынай. 

З другім афіцэрам Генадзем Шырокім мы садзімся ў сані-валаку-шы, разлічаныя на чатыры персоны. І выязджаем на велізарны каток пад адкрытым небам, у які ператварылася возера. Наша місія простая і цалкам выканальная — выдаць рыбакам спецыяльныя брашуры, з якіх яны даведаюцца, як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях. А можа, камусьці зараз спатрэбіцца дапамога? 

— Снегаход прызначаны для працы ва ўмовах зімовага бездарожжа для дастаўкі да месца надзвычайных сітуацый усяго неабходнага, — кажа аб вартасцях новай тэхнікі намеснік начальніка Гродзенскага абласнога УМНС Сяргей Лявонаў. — Машына простая ў эксплуатацыі і кіраванні. Можа рухацца заднім ходам, буксіраваць прычэп. На самаходзе могуць ехаць два чалавекі, плюс чатыры — у санях. Падрыхтаваная маса — 370 кг, поўная — 570 кг, і ў прычэп можна загрузіць 250 кг. Як бачыце, невялікі памер не з’яўляецца перашкодай для перавозкі даволі габарытных грузаў. Максімальная хуткасць — 100 км/г. Адзін снегаход паступіў у аварыйна-выратавальны атрад Гродзенскага абласнога УМНС, а другі — у выратавальную частку № 1 Лідскага раённага ад-дзела па НС.

Новы снегаход — машына простая ў экcплуатацыi i кiраваннi.

На Юбілейным рыбакоў дастаткова. Выратавальнікі штодня праводзяць маніторынг стану ледзянога покрыва і падлічваюць колькасць людзей, якія знаходзяцца на вадаёме. Асабіста я налічыла каля 20 чалавек. Сядзяць нерухома на маленькіх стульчыках, цярпліва чакаючы клёву. Парушаючы цішыню грукатам матора, пад’язджаем да першага па ходу руху рыбака. Пажылы мужчына ўсміхаецца, гледзячы на незвычайны транспарт і ўсю нашу кампанію.

— Як улоў?

— Не атрымалася злавіць. Вунь там, далей, мужыкі судака добрага выцягнулі. А ў мяне нічога. Высокі ціск. Шчупак увесь у п’яўках, кажуць. Таму што на дне ляжыць.

Генадзь Шырокі дастае брашуру і працягвае рыбаку са словамі:

— Ведаеце, як правяраць лёд на трываласць і што трэба рабіць, калі чалавек праваліцца?

— Ды ведаю, ведаю. Не першы год рыбачу. На пенсіі даўно, што яшчэ рабіць.

Едзем далей. Амаль пасярэдзіне Юбілейнага цэлая група рыбакоў размясцілася ў 3—4 метрах адзін ад аднаго. Напэўна, тут судака злавілі. Паглядзець бы на яго.

— Гэта вы судака выцягнулі вялікага?

— Мы, — кажа такі ж гаваркі рыбак Мікалай Красніцкі. — Паказаць ці што?

Афiцэр Андрэй ГНЯЦЕЦКІ расказвае рыбакам аб усiх правiлах паводзiн на лёдзе

І, не чакаючы майго адказу, бяжыць да свайго рыбацкага рыштунку. Праз некалькi хвілін у яго руках паблісквае луской рыбка кілаграмы на два, а то і больш. Фота на памяць і невялікі інструктаж па тэхніцы правільнай рыбалкі ад маіх спадарожнікаў-ратавальнікаў. Праз га-дзіну такой працы ўжо магу самастойна праводзіць майстар-клас па выратаванні на вадзе.

— Ведаеце, што бяспечным лічыцца лёд з зеленаватым адценнем і таўшчынёй не менш за 7 сантыметраў? — пытаюся ў спадарожнікаў рыбака Мікалая Красніцкага.

Але рыбак са стажам і сам можа каго хочаш навучыць і рыбалцы, і выратаванню:

— Гінуць у асноўным па п’яні, калі здаецца, што любая рака ці возера па калена. Хоць бываюць розныя выпадкі. Калі побач нікога не будзе — развітвайся з жыццём. А вось машына ваша мне падабаецца. Добрая рэч.

Ніхто і не спрачаецца. Андрэй Гняцецкі прапануе мне пракаціцца на «Тайзе», каб адчуць лёгкасць і адначасова магутнасць  беласнежнай машыны на лыжах. Дух захоплівае, калі імчыш на хуткасці па лёдзе, ведаючы, што пад табой тысячы кубаметраў вады. Аказваецца, каб перасячы вялікае возера з аднаго берага на другi, спатрэбіцца ўсяго некалькі хвілін. Гэта якраз тое, што трэба, калі хтосьці раптам апынецца ў ледзяной пастцы. Але з такой тэхнікай ніякі «Хаўер» не страшны.

tanula.k@mail.ru

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter