В отделении почтовой связи шарковичского агрогородка Лужки работает дружный и сплоченный коллектив

Усе Лужкі вядуць да чытачоў

Два гады таму начальніка аддзялення паштовай сувязі ў шаркаўшчынскім аграгарадку Лужкі Таццяну Рупшыну, якая пайшла на заслужаны адпачынак, замяніла выпускніца Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Новікава. Дружны калектыў працуе тут. Паштальёны Тамара Аліхвер, Лілія Пад'ельская, Наталля Гайдучонак, Людміла Мяцеліца і Аксана Гацуковіч дастаўляюць перыядычныя выданні, грашовыя выплаты, прамысловыя тавары першай неабходнасці, прадукты харчавання жыхарам больш як дзесяці навакольных вёсак і хутароў. Заўсёды ажыўлена і ў будынку паштовага аддзялення.


Святлана Мікалаеўна ўмее ладзіць з наведвальнікамі. Амаль усіх жы­хароў аграгарадка добра ведае. Тут яна нарадзілася, скончыла сярэднюю школу і паступіла ў Полацкі дзяржаўны лясны каледж. У час вучобы пазнаёмілася з навучэнцам Аляксандрам Новікавым. Юнак прыехаў з Расонскага раёна. Маладыя справілі вяселле. Аляксандр атрымаў размеркаванне майстрам па лесе ў суседняе з Лужкамі Германавіцкае лясніцтва.

Жылі ў бацькоў Святланы Міка­лаеўны. Адрамантавалі прасторны дом бабулі Соф'і Мікалаеўны Сімчонак і перабраліся туды. Пражыла бабуля амаль сто гадоў. Любіла ўнучку. Наказвала ёй жыць сумленна, ладзіць з людзьмі. Такімі Святлана Мікалаеўна і яе муж Аляксандр Сяргеевіч імкнуцца выхоўваць сваіх дачушак. Старэйшая Кацярына вучыцца ў чацвёртым класе, а чатырохгадовая Паўлінка ходзіць у дзіцячы садзік. Гаспадар памяняў прафесію лесніка на дальнабойшчыка. Дастаўляе грузы па краінах Еўропы. Кожны прыезд яго дамоў — свята для ўсёй сям'і.

Аддзяленне паштовай сувязі, якім кіруе Святлана Новікава, — адно з лепшых у Шаркаўшчынскім раёне. Зараз тут актыўна ідзе падпісная кампанія. Як заўсёды, па не­калькі перыядычных выданняў выпісваюць ветэраны-педагогі з вёскі Баравое Мяленцій і Надзея Андзілеўкі, старшыня сельвыканкама Таццяна Краснадубская, ветэран працы з Гарадца Іван Новікаў, лабарант паліклінікі Валянціна Жалейка. Папулярная сярод вяскоўцаў «Сельская газета». Зараз яе атрымліваюць больш дзесяці падпісчыкаў. Хочацца спадзявацца, што ў будучым годзе колькасць сяброў нашага выдання ў Лужках павялічыцца.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter