Што б такое ў навагоднюю ноч з’есці, каб гэта было на карысць?

Укол відэльцам

Святочны стол, бадай, галоўны герой навагодніх урачыстасцей. Стравы выглядаюць апетытна, смачна пахнуць і, здаецца, самі просяцца ў рот. Іскрацца ў келіхах напоі. Тут і падсцерагае небяспека. Не толькi для фігуры, але і для здароўя. Таму некаторыя грамадзяне перажываюць не за тое, як адсвяткаваць гэтую падзею, а як яе перажыць без наступстваў і не падарваць страўнік. А што раяць спецыялісты? 

Калаж Мікалая ГІРГЕЛЯ

Ёсць людзі, якія напярэдадні свята галадаюць. Але дактары катэгарычныя: не варта садзіцца за святочны стол з пустым жыватом. Перадсвяточныя гала­доўкі лепш выключыць. Нават калі ў мітусні няма часу на нармальны сняданак ці абед, перакусіць усё ж варта. Безумоўна, гаворка не пра фастфуд. Замарыць чарвячка можна салатам з гародніны, яблыкам, ёгуртам, грэцкімі арэ­хамі. 

Ідэальна 31 снежня было б паснедаць. У адваротным выпадку вечарам і ноччу пераядаць нельга. Аўсянка, рысавая ці грэчневая каша, бульба з кавалачкам мяса ці рыбы, трохі салата з алеем, круасан з чаем — здаровы пачатак дня. Паабедаць таксама неабходна. Традыцыйна — супам, кашай, запечаным мясам або рыбай, гароднінай. На дэсерт не пашкодзяць фруктовы салат, чай, мінеральная вада. 

— Вялікія перапынкі ў ядзе неспрыяльна адбіваюцца на здароўі, — заўважае ўрач-дыетолаг камбіната харчавання «Вітамін» Марына Папова. — Інтэрвал паміж прыёмамі ежы павінен быць не больш за 3,5—4 гадзіны. Мінімальная колькасць вадкасці — 30 мл на кілаграм вагі пры адсутнасці індывідуаль­ных супрацьпаказанняў. Каля 70 працэнтаў прыпадае на чыстую ваду. Астатняе — на іншыя напоі. 

Пераяданне і злоўжыванне алкаголем прыводзяць да абвастрэння хранічных захворван­няў: гастрыту, панкрэатыту, гі­пертаніі і іншых хвароб. 

У падрыхтоўцы да свят не варта мучыць сябе і жорсткай дыетай, каб потым не атрымаць «свята жывата». Рэзкія скачкі ў калорыях пасля гіпака­ларыйных дыет могуць хутка дадаць кілаграм-другi.

— Сыходзіць карысная вадкасць з арганізма і памяншаецца мышачная маса з прычыны скарачэння запасаў бялку, — тлумачыць Марына Папова. — За кошт гэтага на нейкі час чалавек худзее. А тлушч як быў, так і застаецца. Арганізм «запомніў», што пэўны час яму было цяжка. Як толькі чалавек дасць «слабінку», арганізм запасе яшчэ больш тлушчу. І вага будзе больш за ранейшую. 

Традыцыйна гаспадыні гатуюць навагоднія салаты. Як правіла, дадаюць у iх каўбасу і маянэз. Дыетолагі прапануюць замяніць каўбасу ў салатах і нарэзцы бужа­нінай, адварным языком, вяленым мясам. Замест маянэзу лепш выкарыстоўваць ёгурт або нятлустую смятану. 

Важна памятаць, што існуюць небяспечныя спалучэнні прадук­таў. Так, рызыка запалення пад­страўнікавай залозы верагодна, калі закусваць алкаголь смажанымі стравамі. Мясныя прадукты добра спалучаюцца з гароднінай, сыр — з садавінай. Паміж курыцай у кляры і мясам па-французску урачы-гастраэнтэролагі рэкамендуюць выбіраць мяса. Кляр больш шкодны. 

Свае правілы існуюць і для ўжывання алкаголю. Піць на галодны страўнік, змешваць напоі з розным градусам, запіваць алкаголь газіроўкай — усё гэта сцежка да алкагольнага ап'янення і атручвання. 

Некаторыя дыетолагі прапануюць піць у навагоднюю ноч толькі добрае сухое віно. Пры гэтым на кожны бакал віна па­вінна прыхо­дзіцца шклянка вады. Гэта дазваляе знізіць канцэнтрацыю алкаголю ў крыві. Але пасля другога бакала лепш перайсці на безалкагольныя на­поі. 

Алкаголь затрымлівае ў арганізме вялікую колькасць вадкасці. Пасля навагодняга шампанскага не варта здзіўляцца паказчыкам шаляў. Маса цела будзе больш. 

Рух — тое, аб чым не варта забываць і ў святы. Асабліва ў святы. Падчас руху спальваюцца калорыі і выводзіцца алкаголь. Таму танцы, конкурсы, гульні — лепшая прафілактыка пераядання. 

drug-olya@yandex.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter