Шэдэўр ці смецце?

Рускі музей у Санкт-Пецярбургу — адзін з найбуйнейшых музеяў суседняй краіны — пахваліўся нядаўна новым папаўненнем сваёй калекцыі. Толькі ўявіце сабе, што ім стала не нейкая рэдкая карціна альбо арыгінальная скульптура з каштоўнага металу, а звычайны ўнітаз. Добра, абмоўлюся, не зусім звычайны — гумовы.

Экспанат з серыі “Вечныя каштоўнасці” стварыў расійскі мастак Уладзімір Козін. Шчыра прызнаюся — навіна збянтэжыла. Як так: сур’ёзны музей і раптам сярод экспанатаў унітаз? Але, можа, я проста нічога не разумею ў сучасным мастацтве, падумала я і супакоілася. Пакуль не прачытала ў Facebook прызнанне самога аўтара ў тым, што яму цяжка паверыць у набыццё “резинового сраль***ка” адным з найбуйнейшых музеяў краіны.

Незразумела, навошта музеям з гучнымі назвамі падобныя эксперыменты. Да сёння не сціхаюць размовы пра кастрычніцкую выставу ў Эрмітажы скандальнага бельгійскага мастака Яна Фабра. Яно і не дзіўна: не так хутка можна сцерці з памяці размешчаныя сярод пазалочаных жырандоляў, карцін вялікіх майстроў і беласнежных калон сабачыя шкілеты, вытрыбушаныя чучалы птушак і жудасных рагатых жукоў. Няўжо мала музею ўхвальных водгукаў турыстаў з усяго свету? Альбо не хапае наведвальнікаў і трэба прыцягуць да сябе іх увагу?

Але ж апошнім часам, наадварот, назіраецца цікавасць да класічнага мастацтва, на выставы Сярова і Айвазоўскага вялікія чэргі! Відаць, наеўся глядач авангарднага сучаснага мастацтва. Бо страва гэтая толькі для дэгустацыі. Пакаштаваў і выплюнуў — затрымліваць у сабе надоўга такое не хочацца.

Сучасныя арт-аб’екты мастацтва не натхняюць, не развіваюць пачуццё прыгожага, не наводзяць на глыбокія філасофскія думкі, ды і часам сутнасці ніякай не нясуць. Але пра тое, каб напоўніць свае творы зместам, многія сучасныя мастакі і не думаюць. Навошта? На іх думку, мастацтва павінна выклікаць эмоцыі. А вось якія — агіду, страх, радасць ці захапленне — неістотна. Як неістотна і тое, якімі сродкамі гэта дасягаецца. Здаецца, шукаючы новыя спосабы малявання, многія мастакі з’ехалі з глузду. Герман Ніцч піша карціны мачой і крывёй жывёл, Цім Пэтч Pricasso малюе сваім мужчынскім органам, Кіра Айн Варсзегі выкарыстоўвае ў якасці пэндзля грудзі, а Ані К — язык.

Доўгі час такое сучаснае мастацтва заставалася для нас, беларусаў, замежным дзівоцтвам. Але сёння яно — частка нашай культуры. Дзіўных экспанатаў хапае і на выставах Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, і на фестывалі эксперыментальнага мастацтва “ДАХ”, і на “Восеньскім салоне”, і на іншых імпрэзах. Паверце, сустракаюцца там часам вельмі неардынарныя працы, якія не адразу і за арт-аб’екты прымеш.

Успамінаю, як упершыню трапіла на такую выставу. Прызнацца, спачатку проста баялася ступіць па зале, каб незнарок не стаць на творы мастацтва, — некаторыя з іх ляжалі прама на падлозе сярод раскіданых газет, кавалкаў тканіны і інструментаў. А потым і зусім перастала адрозніваць творы мастацтва ад простых рэчаў. Стаіць пасярод залы сабачая міска, а ў ёй — костачкі. Гэта што — арт-аб’ект ці падарунак для наведвальнікаў з гадаванцамі? Або вось: старыя скураныя тэпцікі, заляпаныя рознакаляровай фарбай. Глядзі і думай: іх мастак выпадкова забыўся ці ён не спаў начамі, ствараючы гэты твор мастацтва?

Таму тут і не здзіўляешся, калі чуеш, што дзесьці быў выкінуты арт-аб’ект, прыняты за смецце. Так зрабілі ў 2011 годзе ў лонданскай галерэі з кампазіцыяй Дам’ена Херста, якая складалася з попельніцы, брудных кававых кубкаў, пустых піўных бутэлек і пакамечаных газет. Прыкладна такая ж сітуацыя адбылася ў Італіі ў 2014 годзе, калі прыбіральшчыца выставачнай залы ў Бары выкінула некалькі экспанатаў сучаснага мастацтва, вырабленых з кардону. Яна вырашыла, што гэта смецце, якое пры афармленні выставы пакінулі рабочыя.

Дык што ж гэта за арт-аб’екты, калі за мастацтва іх не прымаюць ні простыя людзі, ні самі аўтары? Хацелася б, каб майстры, перш чым узяцца за стварэнне нейкага прадмета, задумаліся, навошта яны гэта робяць і каму яно патрэбна. І каб наведвальнікі пасля не гадалі, хто ж іх аўтар — геній ці шарлатан.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter