Наша краіна ўпершыню вязе на Еўрабачаннне беларускамоўную песню

Песня да Кiева давяла

У нацыянальным адборы перамог гурт Naviband. Не сказаць, што гэта было нечакана, але і адназначным вынік не назавеш.

Naviband разлічвае пакарыць еўрапейскую публіку сваёй шчырасцю.
Фота Белтэлерадыёкампаніі

Сёлета прэтэндэнтаў было трынаццаць. Арганізатары зрабілі гэта ненаўмысна, а, маўляў, менавіта столькі годных назбіралася на папярэднім адборы. Годных? Эфір паказаў, што такіх максімум было пяць. Але вынікі глядацкага галасавання паказалі, што ўласныя перавагі кожнага з нас -- гэта дробязі ў параўнанні з жаданнем некаторых артыстаў і іх прадзюсараў любой цаной трапіць на прэстыжны міжнародны конкур

Яшчэ на мінулагоднім нацыянальным адборы гурт Napoli «пратэсціраваў» магчымасці сяброўскай тэлефоннай атакі. Той вынік — другое месца — відаць, сёлета натхніў многіх. І ў рэшце рэшт табліца глядацкага галасавання ледзь не прывяла ў шок. На верхніх прыступках апынуліся тыя, чыё месца ў лепшым выпадку павінна было быць у сярэдзіне. Асабліва шкада было двух «заезджых гастралёраў». Уладзіслаў Курасаў, які жыве ва Украіне, але нарадзіўся ў Брэсце, і Вадзім Капусцін, які таксама мае беларускія карані, не ведаючы «нюансаў» глядацкага галасавання па-беларуску, у выніку апынуліся на апошніх месцах, хаця выглядалі не горш за іншых. Дарэчы, Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка, адзіныя, хто спяваў па-беларуску, атрымалі ад гледачоў толькі шэсць балаў.

Але якое шчасце, што ёсць яшчэ прафесійнае журы! Раней гэтая фраза гучала б выключна іранічна, але зараз у яе зусім іншае адценне. Сёлета ў калектыву прафесіяналаў ад музыкі на чале з заслужаным артыстам Беларусі Валерыем Дайнэкам была падтрымка незалежных экспертаў: напярэдадні Белтэлерадыёкампанія правяла апытанне прадстаўнікоў тэлекампаній краін — удзельніц «Еўрабачання», якія паказалі добрыя вынікі на міжнародным конкурсе ў мінулым годзе, — Польшчы, Грэцыі, Мальты, Украіны, Балгарыі, Аўстраліі, Італіі, Арменіі, Ізраіля. Іх вердыкт — Naviband. Наша прафесійнае журы свае дванаццаць балаў таксама аддало Жук і Лук’яненку. У выніку па суме балаў яны і сталі першымі.

Нельга сказаць, што гурт выглядаў бездакорна. Прэтэнзіі могуць пачынацца ад сцэнічных касцюмаў і заканчвацца вакальнымі данымі. Але, здаецца, ніколі яшчэ музычная грамадскасць не была так адзінагалосна наконт прадстаўніка нашай краіны на гэтым міжнародным конкурсе. Хаця прыгадваецца Пётр Ялфімаў, якога сваталі на «Еўрабачанне», здаецца, сто гадоў, нарэшце адправілі і — толькі трынаццатае месца ў паўфінале. Яшчэ Naviband вельмі нагадвае дуэт «Аляксандра і Канстанцін», які быў першапраходцам на гэтым конкурсе ад Беларусі. Той жа нацыянальны каларыт, такая ж пара закаханых і такія ж шырока расплюшчаныя вочы ў салісткі. Памятаецца, у іх таксама была думка спяваць па-беларуску, але ў рэшце рэшт яны выбралі англійскую мову… Пачакаем — пабачым. А зараз некалькі слоў ад Ксеніі і Арцёма.

— Чаму гурт, які раней называўся Navi, раптам займеў новую назву? 

— Мы даведаліся, што ва Украіне ёсць спявак такі — Наві, і таксама спартыўная каманда. Таму зараз мы вырашылі ўзяць назву Naviband. Да таго ж мы цяпер не дуэт, а група — у нас каманда.

— Усё ж такі, можа, хаця б прыпеў перакласці на англійскую мову?

— Для нас важна праспяваць гэтую песню па-беларуску. Таму мы не дададзім ніводнага англійскага слова.

— Не баіцеся застацца незразумелымі еўрапейскай публіцы?

— Самае галоўнае для нас — быць максімальна шчырымі. Натуральнасць — наш канёк. У нас не вельмі складаная песня. Гэта песня-настрой, песня-эмоцыя, песня-свята. І тут самае галоўнае — проста падкрэсліць гэта яшчэ больш. Гэта можна зрабіць з дапамогай графікі, з дапамогай нашых нейкіх вакальных «фішак», але кардынальна мы нічога не хочам мяняць.

— Падалося, што быў не самы ўдалы касцюм у Ксеніі.

—  Гэтыя вобразы нам цалкам зрабіў наш сябар дызайнер Сяргей Вілінскі. Ён нас добра адчувае, таму мы будзем з ім працаваць і далей. Мы хочам застацца ў стылістыцы этна, а не канкрэтна сысці ў народны касцюм.  

— На «Еўрабачанне» звычайна імкнуцца тыя, за кім стаіць пра—  дзюсар з вялікай кішэняй. Што будзеце рабіць вы?

— Усё будзе добра. Ужо нават было некалькі званкоў з прапановамі. Спадзяёмся і на падтрымку Белтэлерадыёкампаніі.

— На які вынік разлічваеце ў Кіеве?

— Мы пра гэта нават не думаем. У нашай песні ёсць такая распеўка, якая чапляецца да людзей, і людзі з розных краін  могуць яе заспяваць. Цяжкасці ў гэтым не павінна быць. Песня лёгкая, завадная, і куды больш складана было б нам, калі б мы спявалі нейкую баладу або твор на сацыяльныя тэмы. Зараз шмат чаго дрэннага адбываецца ў свеце, і людзям трэба пераключацца. Проста прыйсці на мерапрыемства, атрымаць задавальненне. Трэба быць аптымістам у любым выпадку.

stepuro@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter