Наш агульны поспех

Аўтарскі калектыў рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Адпаведны Указ падпісаў кіраўнік дзяржавы.

На пачатку года ў краіне, па традыцыі, уручаюць прэстыжныя прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы штогод асабіста ўзнагароджавае тых людзей, якія робяць краіну больш духоўна багатай.

Па выніках 2016 года прысуджаны пяць прэмій “За духоўнае адраджэнне”. Сярод лаўрэатаў — настаяцель Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра Навагрудскай епархіі ігумен Яўсевій (Канстанцін Цюхлоў), калектыў Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, калектыў БДПУ імя Максіма Танка, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Атрымаў прэмію і загадчык кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Сергачоў, які стварыў адзіную ў сваім родзе кнігу “Народнае дойлідства Беларусі. Гісторыя і сучаснасць”. Праца над ёй вялася адначасова з дзейнасцю аўтара па захаванні аб’ектаў народнага дойлідства, якія маюць гістарычную і мастацкую каштоўнасць.

Па выніках мінулага года прысуджаны і 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта. Сярод яе лаўрэатаў — і аўтарскі калектыў рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”. Мы атрымалі прэмію за плённае супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой і прафесійнае асвятленне пытанняў міжкультурнага дыялогу ў Беларусі. Таму віншуем і ўсіх пазаштатных аўтараў газеты: гэта наш агульны поспех!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter