Марына КУЗЬМIЧ, “НГ”

У славянскiх мовах слова “месца” акрамя асноўнага свайго значэння мае яшчэ i iншыя, як правiла, больш тэрытарыяльна-канкрэтныя. “Мiсто” ў суседзяў-украiнцаў — горад, “място” ў заходнiх славян — плошча... У нашай мове захаваўся больш пяшчотны варыянт — “мястэчка”, i гэта больш чым азначэнне не вельмi вялiкага населенага пункта, большага за вёску i меншага за горад. “Народная газета” рашыла падтрымаць беларускiя мястэчкi i iх жыхароў iнфармацыйным спосабам. У новай рубрыцы “Месца на зямлi” мы раскажам сваiм чытачам менавiта пра iх, пра мястэчкi. Пра гiсторыю i сучаснасць, людзей, якiя там жывуць. Мы чакаем пiсьмаў ад чытачоў, якiм пашчасцiла нарадзiцца местачкоўцамi. Напiшыце нам пра сваё мястэчка, пра яго адметнасцi, пахвалiцеся сваiм найлепшым у свеце родным кутам! Мы абавязкова прыедзем, паглядзiм, сфатаграфуем, напiшам. А першы матэрыял новай рубрыкi прысвечаны цi не самаму вядомаму з мястэчак — Мiру i яго славутаму замку, з пачатку будаўнiцтва якога мiнула акурат пяцьсот гадоў

Калi пад’язджаеш па Брэсцкай шашы да павароту на Карэлiчы, удалечынi праглядваюць абрысы бела-чырвоных вежаў. Iдзеш па вузенькiх вулiцах Мiра i бачыш, як пасвятлеў пасёлак за апошнiя гады. Расчышчана плошча 17 Верасня, папрыгажэла Траецкая царква, аднаўляецца касцёл святога Мiкалая, узведзены яшчэ ў канцы XVI стагоддзя. Была тут некалi базыльянская царква i кляштар. Шкада, не захавалася тая карчма, дзе, згодна з паданнем, польска-беларускi паэт Уладзiслаў Сыракомля пачуў гiсторыю паштальёна i напiсаў пра гэта верш “Когда я на почте служил ямщиком...”
Падыходзiш да велiчнага палаца i не верыцца, што калiсьцi тут вiравала жыццё. Нейкi час тут жыў Караль Станiслаў Радзiвiл па мянушцы Пане Каханку, той самы, што катаўся летам па солi на санях, запрэжаных мядзведзямi. У Мiры ён наладжваў шумныя балi (можна ўявiць, якiя!) Прытуляешся да мураваных сцен i чуеш галасы продкаў, рыпенне колаў, крык варты, бачыш, як ля камiна сядзiць у задуменнi князь.
Здаецца, што менавiта замак з’явiўся тут раней, чым пачалi сялiцца людзi. На самай справе палац на сто гадоў “маладзейшы”, чым пасёлак. Першае ўпамiнанне пра Мiр у пiсьмовых крынiцах адносiцца да 1395 года, калi тут пабывалi крыжакi i спустошылi яго ваколiцы. Кажуць, што Мiрам назвалi гэта мястэчка таму, што тут калiсьцi было заключана прымiрэнне памiж крыжаносцамi i лiтоўскiмi князямi. У згодзе тут жылi i татары, i яўрэi, i цыгане. У Мiры быў свой цыганскi кароль. У ХVIII стагоддзi качуючы народ атрымаў ад карэннага насельнiцтва дазвол i ўтварыў сярод беларусаў цыганскае каралеўства.
У перыяд Сярэднявечча гэты пасёлак быў значным рамесным цэнтрам, праз якi праходзiлi важныя гандлёвыя шляхi на Мiнск, Вiльню, Слуцк, Навагрудак.
...Заплюшчваеш вочы i бачыш Юрыя Iльiнiча, першага гаспадара Мiра. Вось ён падпiсвае загад аб тым, каб пабудаваць у мястэчку замак. I праз некаторы час, якраз пяцьсот гадоў таму, у сакавiку 1506 года, тут пачалi “паднiмацца” гатычныя вежы. А вось бярэцца за справу новы гаспадар — Мiкалай Крыштоф Радзiвiл. Аматар падарожжаў, ён, захапiўшыся модным тады стылем рэнесанс, запрашае iтальянскiх майстроў дабудаваць замак.
 Сцены ўпрыгожылi выбеленым арнаментальным “поясам”, якi ўтвараўся шляхам чаргавання ў шэсць радоў доўгай i кароткай граняў цаглiны. Кожная вежа мела чатырохгранную аснову i васьмiгранны верх, якi паступова звужаўся, а ўнутры — пяць ярусаў. Самай цiкавай зрабiлi галоўную — уязную вежу. Гэта шасцiяруснае збудаванне ўпрыгожылi арнаментам, разнастайна аздобiлi. Не скупiлiся на фантазiю iтальянскiя дойлiды!
Падыходжу да ўсходняй, заходняй сцен. Тут быў пабудаваны трохпавярховы палац. На першым паверсе захоўвалiся прадукты i зброя, на другiм жылi слугi, а на трэцiм размяшчалiся княжацкiя пакоi. Па сведчаннях сучаснiкаў, яны ўражвалi сваёй чысцiнёй i багаццем: дзверы, аздобленыя каштоўнымi пародамi дрэва, столi з разьбой, ляпнiнай, расфарбоўкай i пазалотай, паркетная падлога, багата аздобленыя камiны, дарагая мэбля, зброя на сценах, знакамiтыя карэлiцкiя дываны...
 А вось тут быў пад’ёмны мост, якi падымаўся i апускаўся пры дапамозе спецыяльнага калаўрота. Трапiць у замак можна было толькi па iм.
Узнiмаюся па драўлянай лесвiцы наверх. Кранаю чырвоную сцяну — ад яе нiбы патыхае цяплом... У тоўстых сценах бачу маленькiя “акенцы”. Гэта байнiцы. I сёння праз iх можна агледзець наваколле. А раней з iх вёўся кругавы абстрэл працiўнiка. З самага верху вежаў на заваёўнiкаў кiдалi каменне, лiлi кiпень або смалу.
Мiрскi замак неаднойчы быў аб’ектам аблог i штурмаў. У 1655 i 1706 гадах на замак нападалi шведы, спальвалi яго, аднак магнаты зноў адбудоўвалi i засялялi радавое гняздо. У 1794 годзе сцены замчышча штурмавалi рускiя войскi пад камандаваннем Аляксандра Суворава. Вялiкiя страты замак пацярпеў у час баёў армii Баграцiёна i французскай кавалерыi маршала Даву ў 1812 годзе. У час бiтваў замак гарэў, а паўночна-ўсходняя вежа, дзе знаходзiўся парахавы склад, была ўзарвана, i багаццi замка разрабаваны. З канца XVIII стагоддзя замак пераходзiў па чарзе да графскiх сем’яў Вiтгенштэйнаў, Гогенлое, Берленбургаў, якiя мала дбалi пра адбудову. Замак стаў нежылым. Экскурсаводы сцвярджаюць, што адзiным яго жыхаром быў у той час вартаўнiк.
З другой паловы XIX стагоддзя да 1939 года замак належаў князям Святаполк-Мiрскiм. Як мяркуецца, Мiкалай Святаполк-Мiрскi пабудаваў двухпавярховы палац i магiльны склеп. У час Вялiкай Айчыннай вайны замак стаў сведкам страшэнных зверстваў фашыстаў, якiя расстрэльвалi каля яго сцен мясцовых жахароў, а сам замак ператварылi ў гета i турму. Амаль чатыры пасляваенныя дзесяцiгоддзi замкам нiхто ўсур’ёз не цiкавiўся. А калi пачалася рэканструкцыя, Савецкi Саюз распаўся. З 2000 года замак уключылi ў Спiс сусветна-культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Рэстаўрацыйныя работы вядуцца ў iм i сёння. У палацавым комплексе пасля поўнага аднаўлення плануецца адкрыццё музея замкавага побыту Беларусi XVI—XIX стагоддзяў. Тут будзе працаваць гасцiнiчны комплекс еўрапейскага ўзроўню. Штогод тут ладзяцца мерапрыемствы з удзелам рыцарскiх клубаў, народных майстроў, самадзейных i прафесiйных артыстаў.
Кажуць, што калi ўзяць у рукi цыркуль i на геаграфiчнай карце свету абвесцi кругам Еўропу, то цэнтр яе будзе знаходзiцца на тэрыторыi Беларусi — дзесьцi памiж Мiнскам i Гродна. На больш падрабязных картах месца, куды трапiла ножка цыркуля, можна ўдакладнiць. Гэта Мiр. А знамянальная геграфiчная кропка зафiксавана якраз пад сценамi Мiрскага замка. Палац, як сцвярджюць экскурсаводы, не такi багаты на легенды, як яго нясвiжскi сусед. Але калi сам паблукаеш ля возера, пастаiш ля каплiцы-пахавальнi, то ўпэўнiшся, што i тут ёсць свае таемныя з’явы.
Ёсць меркаванне, што Мiрскi i Нясвiжскi палацы злучаны памiж сабой падземным пераходам даўжынёй 35 кiламетраў. У iм маглi размiнуцца дзве карэты. Хадзiлi чуткi таксама, што ў гэтым пераходзе схаваны скарб. Людзi шукалi, але нiхто нiчога не знайшоў. А ў паўднёвую сцяну замка ўбудаваны дзiўны камень, вельмi падобны на галаву барана. Паданне сведчыць, што, калi гэту галаву выцягнуць, нiбыта ўвесь замак рухне.
Вярталася з Мiра з невыказным пачуццём радасцi ад таго, што яшчэ раз дакранулася да магутных чырвона-белых сцен замка, да гiсторыi, зазiрнула ў мiнулае. Згадвала пачутае i адчутае, спрабавала разгадаць таямнiцу Мiрскага возера, што ля самага замка. Вадаём неглыбокi ды i не вельмi прыдатны да купання, але кожны год там топiцца мужчына... Старажылы гэтага мястэчка кажуць, што гэта людзi расплачваюцца за вялiкi грэх князя Аляксандра Святаполк-Мiрскага, якi загадаў капаць возера на тым месцы, дзе нядаўна пасадзiлi яблыневы сад. Парабкi не асмельвалiся яго высякаць, тады сам князь зламаў некалькi квiтнеючых дрэўцаў. Возера выкапалi, але неўзабаве князь памёр...
Нельга застацца раўнадушным, убачыўшы мазаiчную выяву Хрыста, што выкладзена на каплiцы-пахавальнi. Яна прыцягвае сваiм незвычайным позiркам, якi, куды б ты нi пайшоў, пiльна сочыць за табой.
Ужо далёка ад’ехалi ад Мiра, а тыя дзiўныя вочы Збавiцеля ўсё яшчэ зазiралi ў душу. Пэўна, Ён хацеў пераканацца, што ўбачанае ў Мiры мы запомнiм. А запомнiўшы, пастараемся захаваць. Для тых, хто прыйдзе пасля нас.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter