Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель распачала новы год прэм’ерай – адбыўся паказ монаспектакля “Беларусь.Дыдактыка”. Аб чым ён?

Ключ да дыдактыкі жыцця

Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель распачала новы год прэм’ерай. Учора на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якой яна служыць ужо амаль 25 гадоў, адбыўся паказ монаспектакля «Беларусь. Дыдактыка». 

Так самабытна, як Таццяна МАРХЕЛЬ, народныя песнi не выконвае нi адна з актрыс

Пра гэтую вядомую актрысу справядліва кажуць, што менавіта яна найбольш выразна ўвасабляе простых жанчын-сялянак, народны характар, нацыянальны. Тым не менш за доўгае творчае жыццё ў тэатры і кіно ёю выдатна сыграны вельмі розныя ролі. А вось монаспектакль — упершыню. Напярэдадні прэм’еры мы сустрэліся з Таццянай Мархель.

— Таццяна Рыгораўна, слова «дыдактыка» — ад грэчаскага «той, хто павучае». Каго і чаму вы хочаце навучыць?

— Ні ў якім разе нікога не хачу павучаць, а хачу паказаць, і перш за ўсё моладзі, што ёсць у нас, беларусаў, моцны духоўны падмурак, багатая спадчына, тое, на чым можна трывала стаяць, будаваць нешта новае і ісці далей. Хочацца, каб яна ведала, разумела гэта і захоўвала такі велізарны скарб.

У монаспектаклі я разважаю, расказваю тое, што мяне хвалюе, чытаю ўрыўкі з беларускай класічнай літаратуры, спяваю народныя песні. Ён — пра сваё месца ў свеце, пра адносіны з людзьмі, рэчаіснасцю, роднай прыродай, сваім народам. У гэтым выпадку дыдактыка для мяне — навучанне сутнасці, шлях пазнання, дарога да сябе.

— Як працавалася вам з Аляксандрам Марчанкам, рэжысёрам даволі маладым і вядомым прыхільнікам новых форм, сучасных кірункаў у тэатры?

— Мне было цікава. У яго свой погляд, нязвыклы для мяне. Але — цікавы. Наогул, у працы над спектаклем я заўсёды аддаю перавагу рэжысёру, таму, як ён гэта бачыць. Абсалютна няма ў мяне нейкай фанабэрыі, маўляў, лепш за яго ведаю, што і як рабіць. Лічу, каб разам працаваць, рэжысёр і акцёр павінны быць вельмі блізкімі духоўна людзьмі. Інакш ты не будзеш яму верыць і нічога вартага не атрымаецца.


А з Сашам наша супрацоўніцтва пачалося даўно і працягвалася не дзень, не месяц і не два, пра мяне ён многае ведае. Яшчэ да таго як з’явілася ідэя монаспектакля, ён браў у мяне шмат інтэрв’ю, на аснове якіх Дзмітрый Багаслаўскі напісаў п’есу літаральна па маім жыцці. Зрабіў усё хораша і таленавіта, але калі я прачытала, убачыла сваё жыццё збоку, то падумала: відаць, нельга ўсё ж так адкрывацца, дый не хопіць мне мужнасці, каб так шчыра расказаць пра сябе ўсё са сцэны. І — адмовілася ад пастаноўкі. Дасюль адчуваю сябе вінаватай, асабліва перад драматургам, чалавек жа працаваў, твор напісаў. Але інакш я не магла. А праз некаторы час Саша падаў новую ідэю — монаспектакля  «Беларусь. Дыдактыка».

— Гэтай працай вы задаволены?

— Вельмі. Канешне, гэта зусім другі спектакль, ён не закранае напрамую маёй біяграфіі, але ўсё роўна ў ім — мая душа, мае адчуванні, перажыванні, думкі. Я таксама дзялюся сваім патаемным і знаходжу яму адгалоскі ў народных песнях, паэзіі, прозе, драматургіі нашых пісьменнікаў, якія таксама адкрываюць нам штосьці сваё, асабістае. Для выканання адбірала тыя творы, якія мне блізкія, кранаюць, грэюць маю душу. Пачынаю з маналога Кастуся Каліноўскага з аднайменнай п’есы Караткевіча: «Вялікі мой народ, зямля мая./Гняздо пакут, змагання і свабоды,/Зямля маіх нябёс, маёй каханай,/ Маіх сяброў, маёй спявучай мовы…/Я толькі што памёр. I ў гэты час/ Аддаў табе, зямля, сябе самога,/Каб ведала, як я цябе люблю». 

Здавалася б, такія высокія словы, недасягальна для простага чалавека сказаць гэтак жа ад свайго імя. Але калі паглыбіцца ў тое самае пазнанне самога сябе, у жыццё сваіх бацькоў, дзядоў, зразумееш: ты таксама часцінка сваёй радзімы і, не саромеючыся, смела можаш паўтарыць за Каліноўскім словы пра адданасць сваёй зямлі, пра веліч свайго народа.

—  Вы ўзгадалі бацькоў. Што пра іх  успаміналася  найперш?  

— Яшчэ малая была, калі бацьку забралі на фронт і ён загінуў пад Кёнігсбергам. Мама атрымала, як казалі на вёсцы, «ізвяшчэнне», але была ўпэўнена, што ён жывы, спа-дзявалася, што вернецца. Нашу вёску Шпакоўшчына ў Смалявіцкім раёне немцы палілі двойчы. Калі пасля вайны мама пабудавала новую хату, печ склала і запаліла ў ёй першы раз, сказала: цяпер, дзеці, клічце бацьку. Гэта добра запомнілася. Мяне ставілі на зэдлік, бо не даставала, і мы — я, старэйшыя сястра і брат — у комін крычалі: «Татачка, ідзі дадому, мы цябе чакаем!..» Мама казала, што з першым дымам усё абавязкова дойдзе да бацькі, ён нас пачуе і вернецца. Але ж... не вярнуўся. У Смалявічах быў чалавек, які таксама ваяваў, дык расказваў, што бачыў, як бацька падарваўся на мінах…

У час спектакля.

— Не зраблю, відаць, памылкі, калі скажу, што вашы ўспаміны пра маму — гэта перш за ўсё народныя песні, якіх вы ведаеце мноства.

— Сапраўды, у спектаклі я выконваю песні, якія спявала мая матуля, нашы, беларускія, і гэта таксама маё асабістае, патаемнае. Усе, якія ведаю, — ад яе. Ніколі іх спецыяльна не збірала і не запісвала. Проста з дзяцінства чула, як мама спявала — дома, у полі, на святах, вяселлях. Для мяне тое было звычайна — натуральнае наша жыццё. Ніколі не думала, што гэта штосьці дзіўнае, асаблівае. Мама спявала — і я разам з ёй, так і навучылася. Дарэчы, у монаспектаклі, акрамя мяне, спявае выдатны музыкант Дзмітрый Лук’янчык.

Ведаеце, з нашымі народнымі песнямі на фестывалях я бывала ў многіх краінах, і проста неверагодна, як яны там успрымаюцца, як напрамую і адразу ўздзейнічаюць на людзей. Памятаю, у Бельгіі некалькі гадоў  таму толькі пачала спяваць — усе пакідалі свае ноўтбукі і разявiлi  раты. Слухачы — у палоне. Не ад таго, што я неяк спявала выключна. А ад таго, што спявала, што пачулі. Такі магнетызм у нашым фальклоры, мове. Шкада, што мы іншы раз не ўсведамляем, якое гэта багацце і як яно цікава для людзей, што, карыстаючыся ім, мы можам паказаць сябе і гэта не застанецца незаўважаным. Велізарная сіла прыцягнення. Нейкія таямнічыя, сакральныя рэчы захаваны ў спрадвеку складзеных народам песнях.

svirko@sb.by

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter