Коллектив отделения почтовой связи в Тереховке неоднократно признавался лучшим в Добрушском районе

Кліча Церахоўка

Штораніцы пяць паштальёнаў адпраўляюцца з карэспандэнцыяй па сваіх участках у добрушскай Церахоўцы. Загадвае аддзяленнем паштовай сувязі Марыя Кулакова. Пасля заканчэння сярэдняй школы яна паступіла ў Віцебскі каледж сувязі, па размеркаванні вярнулася на Гомельшчыну. Чатыры гады працавала аператарам у 44-м аддзяленні паштовай сувязі абласнога цэнтра. Выйшла замуж, нарадзіла першынца і ўгаварыла мужа вярнуцца на яе малую радзіму — у Церахоўку. Купілі ў гарпасёлку двухпакаёвую кватэру. Родная Церахоўка стала надзейным прычалам для маладой сям'і.


Марыя Мікалаеўна ўзначаліла мясцовае аддзяленне паштовай сувязі, якое абслугоўвае жыхароў былога райцэнтра і вёскі Стэп суседняга Вуцеўскага сельсавета. У любое надвор'е церахоўскія паштальёны своечасова дастаўляюць перыядычныя выданні, паштовыя пераводы, пасылкі, розныя выплаты. Прымаюць заказы на пастаўку тавараў першай неабходнасці, займаюцца падпіскай на газеты і часопісы.

Больш як дваццаць гадоў разносяць пошту Таццяна Лепянкова і Таццяна Філіпава. На іх участках многія выпісваюць па некалькі выданняў. З Расіі пасля выхаду на пенсію вярнулася ў родную Церахоўку былы мадэльер Ганна Мураўцава. Яна выпісвае па некалькі газет і часопісаў. Актыўныя падпісчыкі чыгуначнік Уладзімір Лагоша, спецыяліст сельскай гаспадаркі Іван Шкляроў. Чытаюць тут і «Сельскую газету».

Працавіты калектыў аддзялення паштовай сувязі неаднаразова прызнаваўся лепшым у Добрушскім раёне. Пэўная заслуга ў гэтым і начальніка Марыі Кулаковай.

Добрушскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter