Старажытную традыцыю продкаў шануюць беларусы Малдовы

Каляднае свята ў Кішынёве

Прыйшлі доўгачаканыя Каляды! Свята Новага Сонца, якое мае вельмі даўнюю гісторыю, а таксама свята Нараджэння Божага Сына мы адзначалі ў Малдове ў адпаведнасці з нашымі беларускімі звычаямі.

Беларускія Каляды ў Малдове — цікавыя і дзецям, і дарослым 

Якраз 25 снежня прадстаўнікі дыяспары сумесна зладзілі Каляды, каб у святы час быць разам, парадаваць дзяцей і моладзь, а таксама іх бацькоў-беларусаў, якія жывуць у Малдове. Сабраліся мы пад дахам нядаўна адкрытага Беларускага культурнага цэнтра па запрашэнні мецэнаткі Ганны Бабін. (У Малдове прынята рашэнне: прозвішчы не скланяюцца. — Рэд.) Сілы згуртавалі чатыры грамадскія суполкі: Беларускі культурны рух Малдовы, Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова—Беларусь”, Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдове і Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь”. Нас падтрымала Амбасада Беларусі ў Малдова і СП “Керамін Груп”, таму быў на свяце і прыгожы салодкі стол, былі й навагоднія падарункі для малых беларусаў Малдовы.

Беларуска-малдаўскі этнічны тэатр “Куфар”, што дзейнічае пры Беларускім культурным руху Малдовы, паказаў святочны спектакль “Каляднае свята”, які йшоў на беларускай і малдаўскай мовах. Дарэчы, такую імпрэзу мы ладзім штогод, старанна да яе рыхтуемся. Бо гэта і захаванне шматфарбнай Каляднай народнай традыцый, і яе вывучэнне, і пашырэнне. Заадно далучаем беларусаў, у тым ліку і юных, да беларускамоўнай плыні, а яшчэ — умацоўваем дружалюбны міжкультурны дыялог паміж беларускім і малдаўскім народамі. Гледачы “Каляднага свята” не толькі ўбачылі, але й паспрабавалі беларускую абрадавую страву — Куццю. А яшчэ перанесліся ў даўнія часы, у горад Батлем, дзе, як пішацца ў свяшчэнных кнігах хрысціян, нарадзіўся Ісус Хрыстос. Тыя, хто прыйшоў на свята, прымалі беларускіх калядоўшчыкаў, пры тым выконвалі капрызы ўпартай Казы: каб яна, прытварыўшыся нямоглаю й нават памерлаю, урэшце ажыла ўсім на радасць. Ну трэба ж ёй абавязкова дагадзіць, бо ў народнай традыцыі беларусаў Каза сімвалізуе ўрадлівасць і дабрабыт. “Дзе каза нагою — там жыта капою!/ Дзе каза рогам — там жыта стогам!/ Дзе каза хвастом — там жыта кустом!/ Дзе каза бывае — там шчасце чакае!” — пра гэта й Калядная песня. Прыйшоў да гасцей свята і Зюзя — бог беларускай зімы са сваімі памагатымі Зімой-Завірухай і Марозам. Дадалі яркіх фарбаў у святочныя дзеі дзве маладыя таленавітыя вакалісткі — сёстры Садоўнік. Яны сяброўкі таварыства “Малдова—Беларусь”, у вобразах калядоўшчыкаў спявалі беларускія і малдаўскія Калядныя песні.

Творчыя таленты дэманстравалі малыя беларусы Малдовы: спявалі, танцавалі, вершы чыталі. А мастак Вячаслаў Ігнаценка, які праводзіць заняткі ў студыі выяўленчага мастацтва пры БКЦ ў Малдове, арганізаваў “Зімовы вернісаж” разам са сваімі выхаванцамі. Юным мастакам, заўважу, ад 4 да 12 гадоў.

Каляды беларускія ўжо традыцыйна збіраюць у Кішынёве вялікую колькасць сяброў. І на гэты раз прыйшло шмат гасцей з Амбасады Беларусі ў Малдове, супляменнікаў з беларускіх суполак, былі й нашы сябры з польскай, рускай, украінскай дыяспар. Па традыцыі “Каляднага свята” ўсе дзеці атрымалі смачныя падарункі, прыгожы стол з пачастункамі, шмат добрых эмоцый і выдатны настрой.

Жадаем усім супляменнікам у Новым годзе здароўя, поспехаў, дабрабыту. Каму цікавы досвед правядзення “Каляднага свята” — выходзьце на сувязь: будзем супрацоўнічаць.

Ганна Мазур, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter