У газеце "Звязда" адбыўся "круглы стол" аб БНР

У рэдакцыi газеты «Звязда» прайшоў «круглы стол» «1918–ы: набыткi i страты», прысвечаны падзеям стогадовай даўнiны. Падчас яго акадэмiк–сакратар Аддзялення гуманiтарных навук i мастацтваў НАН Беларусi, доктар гiстарычных навук Аляксандр КАВАЛЕНЯ, старшыня Пастаяннай камiсii па адукацыi, культуры i навуцы Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, член–карэспандэнт НАН Беларусi, доктар гiстарычных навук Iгар МАРЗАЛЮК, акадэмiк, доктар гiстарычных навук Мiхаiл КАСЦЮК, дырэктар Iнстытута гiсторыi НАН, кандыдат гiстарычных навук Вячаслаў ДАНIЛОВIЧ, загадчык аддзела найноўшай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН, кандыдат гiстарычных навук Сяргей ТРАЦЦЯК, кандыдат гiстарычных навук Валянцiн МАЗЕЦ, старшыня БНФ «Адраджэнне» Рыгор КАСТУСёў вялi гаворку пра ў многiм неадназначныя i нярэдка лёсавызначальныя для нашага народа падзеi, якiя адбывалiся на беларускай зямлi ў 1917 — 1918 гадах.


Адна з тэм размовы — абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублiкi. Цiкава адзначыць, што менавiта па гэтай тэме 10 гадоў таму наша газета праводзiла «круглы стол» «БНР: поверх барьеров» (глядзi «СБ» за 22.03.2008 г.). У iм таксама прымалi ўдзел некаторыя вышэйназваныя шаноўныя эксперты. Атрымлiваецца, зараз, напярэдаднi 100–годдзя БНР, гэтая размова прадоўжылася на старонках «Звязды»... Цалкам са зместам «круглага стала» можна азнаёмiцца на сайце выдання — www.zviazda.by. А мы прапануем чытачам некаторыя яго фрагменты.

Аляксандр Каваленя:

— Дзяржаваўтваральныя працэсы беларускага народа вядуць адлiк не з ХХ стагоддзя, яны маюць глыбiнныя каранi. Вядома, 1918 год стаў тым рубiконам, калi i грамадства, i нацыянальныя лiдары саспелi для таго, каб абвясцiць аб стварэннi самастойнай рэспублiкi з назвай Беларусь. I абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублiкi ў той час не было выпадковай з’явай. Менавiта ў той няпросты i празмерна супярэчлiвы гiстарычны перыяд з’явiлiся аб’ектыўныя i суб’ектыўныя ўмовы для рэальнага абвяшчэння нацыянальнай дзяржаўнасцi.

Вячаслаў Данiловiч:

— У нашай дзяржаўнасцi былi як гiстарычныя формы — дзяржаўныя ўтварэннi на нашай тэрыторыi, пачынаючы ад Полацкага княства, так i нацыянальныя — калi ў назве загучалi словы «Беларусь», «беларуская». Вось гэтыя нацыянальныя каранi i бяруць свой пачатак у 1918 годзе, калi была абвешчана Беларуская Народная Рэспублiка. Так, яна не стала сапраўднай дзяржавай, але гэта была першая спроба практычнай рэалiзацыi iдэi беларускай нацыянальнай дзяржаўнасцi. I гэта вельмi важны момант у нашай тысячагадовай гiсторыi.

Мiхаiл Касцюк:

— БНР — не спантанная, не выпадковая грамадска–палiтычная з’ява. Не варта забываць, што яна вырасла з 1–га Усебеларускага з’езда — надзвычай прадстаўнiчага органа беларускага народа... Дакументы сведчаць, што за перыяд акупацыi было адкрыта каля 300 беларускамоўных школ. Але гэта зусiм не сведчанне таго, што немцы так апекавалiся нашым нацыянальным рухам. Палiтыка Германii на акупаваных землях была ў супрацьпастаўленнi ў першую чаргу Расii i Польшчы. Беларусы тут аказалiся якраз дарэчы.

Сяргей Траццяк:

— Летам 1918 года ў Маскве, склiканы Беларускiм нацыянальным камiсарыятам i беларускiмi камунiстычнымi секцыямi, прайшоў з’езд бежанцаў з Беларусi, якi, па сутнасцi, быў працягам 1–га Усебеларускага з’езда i прыняў тыя рэзалюцыi, якiя на з’ездзе прыняць не паспелi. А 30 снежня ў Смаленску збiраецца 6–я паўночна–заходняя канферэнцыя расiйскай кампартыi бальшавiкоў, якая абвяшчае сябе 1–м з’ездам кампартыi Беларусi i прымае рашэнне аб стварэннi Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi Беларусь (ССРБ). Яе каранi таксама там, у 1–м Усебеларускiм з’ездзе.

Iгар Марзалюк:

— Нельга толькi стваральнiкаў БНР лiчыць правапераемнiкамi iдэй 1–га Усебеларускага з’езда. Яшчэ больш, дэмакратычнага мандата i легiтымнай правапераемнасцi з Усебеларускiм з’ездам Рада БНР на самай справе не мела, бо Усебеларускi з’езд нiколi патрабаванняў незалежнасцi не агучваў. Легiтымным пераемнiкам i прадаўжальнiкам iдэй Усебеларускага з’езда быў Белнацкам. Ад пачатку 1918 года ў беларускiм руху iснавалi i сапернiчалi дзве плынi — «белнацкамаўцы» i «бэнээраўцы». Аб’ектыўна ж — i тыя i другiя працавалi на карысць Беларусi, iмкнулiся да стварэння беларускай дзяржаўнасцi.

Рыгор Кастусёў:

— Пра тое, што людзi не ведалi i не разумелi ў той час дзяржаўных памкненняў, я гатовы спрачацца. Мой дзед Максiм Баравiкоў, якi быў родам з Магiлёўшчыны, у той час служыў у Чырвонай Армii. Пра 1918 год ён калiсьцi расказваў, што чырвонаармейцы, выхадцы з Беларусi, збiралiся разам i абмяркоўвалi, што адбываецца ў iх на радзiме. Да iх не даходзiла назва БНР, да iх не даходзiлi нейкiя iншыя дэталi, але тое, што беларусы збiраюцца жыць самастойна, асобна ад Расii, яны ўспрымалi станоўча.

Валянцiн Мазец:

— Лiчу, нельга казаць, што iдэя Беларускай Народнай Рэспублiкi, якая адлюстроўвала iмкненне беларусаў жыць у сваёй нацыянальнай дзяржаве, пацярпела паражэнне. Уся справа ў тым, што ў тых складаных, перш за ўсё геапалiтычных, абставiнах — а БНР абвяшчалася ва ўмовах Першай сусветнай вайны i знаходжання на беларускай зямлi акупацыйных войскаў — стварыць самастойную дзяржаву было проста немагчыма. Але ж iдэя незалежнай беларускай дзяржавы засталася.

Падрыхтаваў Максiм ОСIПАЎ.

osipov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter