Хроника заснеженных выходных: как это было

Дапрасіліся снегу зімой

«Паважаныя жыхары! Калі ёсць жаданне папрацаваць фізічна і дапамагчы ва ўборцы прыдамавой тэрыторыі ад снегу, то рыдлёўкі можна ўзяць у адміністрацыі ЖРЭА». Такія аб'явы многія мінчане знайшлі на дзвярах сваіх пад'ездаў у выхадныя. Многія выходзілі дапамагчы дворнікам сем’ямі. Аўтамабілісты, якіх з 1 студзеня абавязалі прыбіраць месца вакол сваіх машын, не чакаюць адмашкі і чысцяць самі.

Складаныя ўмовы надвор'я адбіліся на дарожнай абстаноўцы.
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

На дахах працуюць альпіністы. У адным толькі Мінску іх штодня чысцяць да 300 рабочых і альпіністаў. У зоне іх адказнасці больш за 2 тысячы будынкаў, за дзень неабходна вызваліць ад снегу ў сярэднім 100—250 дахаў. Пры багатых снегападах, як у гэтыя выхадныя, маніторынг іх стану вядзецца штодня. Да заканчэння работ небяспечныя для пешаходаў участкі навалаў снегу і наледзі агароджваюць.

Улічваючы сітуацыю, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац даручыў расчысціць Мінск ад снегу за два дні. Паводле яго слоў, магчымасцей і рэсурсаў для гэтага ва ўсіх зацікаўленых службаў дастаткова. Старшыня Мінгарвыканкама запатрабаваў: «Трэба проста прымусіць людзей працаваць і не баяцца прыцягваць да адказнасці пры неабходнасці. Хаатычнага нагрувашчання снегу ў горадзе быць не павінна».

Больш за палову месячнай нормы ападкаў выпала ў Віцебску — 20 мм пры студзеньскай норме 38 мм. Вышыня гурбаў там склала 28 см.  Дарэчы, самыя высокія гурбы 16 студзеня былі ў Віцебску ў 1986 годзе — 46 см. А вось у 1988-м, 1998-м і 2007 гадах у абласным цэнтры снегу не было зусім. У Мінску гурбы выраслі на 10 см, іх агульная вышыня цяпер складае 26 см. А ў Гомелі, паколькі ў рэгіёне ішоў мокры снег з дажджом, снежная коўдра, наадварот, зменшылася на 4 см — з 18 да 14.

Складаныя ўмовы надвор'я ад­біліся і на дарожнай абстаноўцы. На загарадных трасах яна была складанай, асабліва на Віцебшчыне, але не патавай. Там на расчыстку дарог і двароў вывелі больш за васямсот адзінак тэхнікі і паўтары тысячы чалавек. У «Мінсктрансе» паведамілі, што на рэспубліканскіх аўтадарогах перапынкаў у руху з-за нерасчышчаных дарог не было. У першую чаргу чысцілі трасы М і Р, затым дарогі мясцовага значэння. Рух заміраў на гадзіну каля вёскі Калектыўная на аўтадарозе Р46 Полацк—Лепель, але не па віне дарожнікаў. Там адбылося ДТЗ: велікагруз занесла і ён з'ехаў у кювет, перагарадзіўшы прычэпам усю праезджую частку. На вадзіцеля фуры склалі пратакол, і ён паехаў далей.

«Выдатнае надвор'е, каб адтачыць навыкі ваджэння, а камусьці набыць іх», — жартавалі на форумах. ДАІ было не да жартаў — колькасць мелкіх ДТЗ вырасла. Былі і сур’ёзныя аварыі. Пад Віцебскам аўтамабіль з хакейнымі заўзятарамі з'ехаў у кювет і перакуліўся — вадзіцель і два пасажыры не пацярпелі. У Полацкім раёне перакулілася маршрутка з пасажырамі — ахвяр, на шчасце, не было.

Дзякуючы 84 дарожна-вымя­раль­ным станцыям на сайце Мін­трансу можна паглядзець апе­ра­тыўную інфармацыю аб да­рож­ных умовах — фатаграфіі, тэмпературу паветра і пакрыцця, від ападкаў, бачнасць і стан пакрыцця. З улікам гэтых даных вадзіцелі карэкціруюць маршруты. Дарожнікі таксама нагадалі пра адзіны тэлефонны нумар 125, па якім можна паведаміць важную інфармацыю альбо выказаць прэтэнзіі з нагоды дарожных умоў на той ці іншай дарозе. Па неабходнасці да вырашэння праблемы прыцягваюць іншыя экстраныя і аварыйныя службы.

Авіяпасажырам таксама прый­шлося цярпець некаторыя ня­зруч­насці. Учора Аэрафлот адмя­ніў адразу некалькі рэйсаў з «Шарамецьева» ў Мінск. Тым часам Белавія працуе ў штатным рэ­жыме: самалёты прылятаюць і вылятаюць па раскладзе.

Белэнерга не паведамляе аб масавых адключэннях святла. Аднак па даных РУП «Віцебскэнерга» па стане на ўчарашнюю раніцу адключанымі ад электразабеспячэння заставаліся 11 населеных пунктаў у Докшыцкім раёне. Ра­зам з тым сістэмы жыццезабеспячэння і аб'екты эканомікі вобласці працуюць устойліва ў рэжыме штодзённага функцыянавання.

gorbatenko_inna@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter