Пік грыпу ў краiне чакаецца ў канцы студзеня

Чхаем на кашаль

У нашай краiне рэгіструюць выпадкі захворвання на грып, а таксама іншыя вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі. У параўнанні з мінулым тыднем узровень захворвання нязначна вырас толькi ў Брэсцкай вобласці. Не спадае ў Гомельскай. У астатніх рэгіёнах сітуацыя стабільная.



Як паведаміла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, сярод ВРВІ распаўсюджаны характэрныя для сезона адэна- і рынавірусы, парагрып і грып: «Адзначаюцца грыпозныя вірусы тыпу А Н3N2 і групы B. Папярэдні прагноз апраўдаў сябе. Чакаем рост захворвання ў канцы студзеня — пачатку лютага. Паколькі дзеці былі на канікулах, а студэнты выходзяць на канікулы, значна інфекцыя не распаўсюджваецца».

Вірус тыпу А Н3N2 не новы. Ён характэрны для краін Паўночнага паўшар’я. Упершыню выяўлены ў 1968 годзе. З тых часоў цыркулюе перыядычна падчас сезоннага ўздыму захворвання, але не ў першапачатковым выглядзе. Паверхневыя бялкі вірусаў грыпу пастаянна мяняюцца. Спецыялісты ўлічваюць гэта пры вытворчасці вакцыны. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штамы, якія цыркулююць у гэтым сезоне, супадаюць з вакцынавірусамі. Чакаецца высокая эфектыўнасць прышчэпак.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Грыбкова адзначыла, што грып у гэтым сезоне выяўляюць у асноўным у непрышчэпленых пацыентаў: «Грып — гэта сур’ёзнае інфекцыйнае захворванне. Калі не прытрымлівацца рэкамендацый урача, хадзiць на працу, інфекцыя можа выклікаць ускладненні. Практычна ў кожнага чалавека ёсць хранічныя захворванні. Грып выклікае іх абвастрэнне, уплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, дыхальны апарат. Адбываецца моцная інтаксікацыя».

Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя запэўніваюць: падставы для турботы няма. Аддзяленні пульманалогіі не перапоўненыя. Выпадкі пнеўманіі рэгіструюцца на працягу ўсяго года. Не толькі вірус грыпу выклікае запаленне лёгкіх, але і іншыя вірусныя і бактэрыяльныя інфекцыі.

Эпідэміёлагі штодня адсочваюць сітуацыю ў дзіцячых садках і школах. Калі адсутных па прычыне хваробы ва ўстанове больш за 30 працэнтаў, вырашаецца пытанне аб увядзенні каранціну.

Па даных Міністэрства аховы здароўя, у гэтым сезоне прышчэпку атрымалi 41 працэнт беларусаў. Школьнікі прышчэплены на 60 працэнтаў.

«На жаль, у людзей захоўваецца насцярожанае стаўленне да вакцынацыі супраць грыпу, — заўважае Іна Аляксандраўна. — Вядома, прышчэпка не гарантуе таго, што чалавек не захварэе. Вірусы грыпу пастаянна муціруюць, і немагчыма стварыць універсальную вакцыну. Але эфектыўнасць прышчэпкі выяўляецца ў тым, што захворванне працякае менш цяжка і без ускладненняў, таму што антыцелы, якія выпрацаваліся пасля прышчэпкі, будуць дзейнічаць супраць віруса адразу. Як паказвае штогадовы аналіз сезоннага захворвання, часцей вірус распаўсюджваецца ад непрышчэпленых. Важна не панікаваць, а праводзіць элементарныя меры прафілактыкі. Мыць рукі і праветрываць памяшканне, праціраць дзвярныя ручкі, сталы, праводзіць вільготнае прыбіранне. Калі ў доме хворы з пацверджаным грыпам, можна прыняць прафілактычна супрацьгрыпозны прэпарат, але не злоўжываць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter