Багатыя і бедныя

У курортным Давосе завяршыўся 47-ы Сусветны эканамічны форум (СЭФ). Яго тэма — “Чулае і адказнае кіраўніцтва”. Гэтымі днямі ў ціхую Швейцарыю з’ехаліся звыш за тры тысячы чалавек з больш чым сямідзесяці краін. Кіраўнікі дзяржаў, уладальнікі найбольш буйных транснацыянальных кампаній і банкаў у нефармальным фармаце шукалі найбольш прымальныя адказы на сучасныя выклікі і пагрозы для ўсёй міжнароднай супольнасці, прапаноўвалі магчымыя варыянты пабудовы новай архітэктуры мірапарадку. Відавочна, што зараз  запатрабавана новая мадэль адказнага лідарства дзяржаў, якія ствараюць сусветны парадак дня.

Удзельнікаў “давоскіх сесій” хвалявалі такія “гарачыя” палітычныя падзеі, як перамога Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША, выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза, рост папулярнасці ў Старым Свеце ультраправых партый, папулістаў і еўраскептыкаў, што пагражаюць далейшаму існаванню гэтай самай эліты развітых краін.

Іх занепакоенасць пацвердзілі эксперты і палітыкі. Так, роля “сусветнага паліцэйскага” знясіліла Амерыку і стаміла амерыканцаў, упэўнены аўтары артыкула ў The National Interest Арон Дэвід Мілер і Рычард Сакольскі: “Ёсць разуменне таго, што знешнепалітычныя ініцыятывы новай адміністрацыі ЗША наткнуцца на жорсткае супраціўленне амерыканскіх эліт, упэўненых у тым, што Штаты павінны заставацца адзіным “цэнтрам сілы” сучаснага свету”.

Перавагі выбаршчыкаў падчас бліжэйшых электаральных кампаній у Германіі, Францыі, Нідэрландах — праз тэму масавай міграцыі — могуць значна змясціцца не ў бок кіруючых партый...

Гаварылася на горных схілах Давоса і пра беднасць, вялікае маёмаснае і фінансавае расслаенне людзей, якое стала правакуе сацыяльна-палітычную  напружанасць у многіх рэгіёнах свету. Аб гэтай праблеме згадваецца ў дакладзе міжнароднай дабрачыннай арганізацыі Oxfam: капітал васьмі найбагацейшых  бізнэсоўцаў планеты роўны аб’ёму сродкаў паловы насельніцтва свету (а гэта 3,5 мільярда чалавек). Па сутнасці, адзін працэнт насельніцтва Зямлі сёння валодае большым багаццем, чым астатнія 99 працэнтаў. Да таго ж, адзначае Oxfam, разрыў паміж багатымі і беднымі ўзмацняюць карпарацыі, якія не плацяць падаткі: ад чаго штогод страты дзяржаў, якія развіваюцца, каля 100 мільярдаў долараў.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter