Адна на ўсе Дунілавічы

Вераніка Каралёнак ніколі не думала, што стане паштальёнам. Яна пасля школы скончыла ажно два прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, набыўшы спецыяльнасці работніка гандлю і тэхніка харчовай вытворчасці. Сем год працавала ў Паставах кандытарам і столькі ж у санаторыі «Сосны» Маладзечанскага раёна.


Работа яе задавальняла, пакуль не нарадзілася дзіця. Садка ў санаторыі не было, а змену даводзілася заканчваць у 12 гадзін ночы. Вось тады яна і вярнулася жыць на сваю малую радзіму — у вёску Калінаўку, а працаваць уладкавалася на пошту ў аграгарадку Дунілавічы, у якім, між іншым, ёсць дзіцячы садок.

Яе не спалохала тое, што Дунілавічы, дзе 700 жыхароў і 8 вуліц, давядзецца абслугоўваць адной. Хутка знай-шла агульную мову з людзьмі розных прафесій, рознага ўзросту, асабліва сталага. Яна стала амаль родным чалавекам для пенсіянераў Марыі Лапс, Уладзіміра Мычко, Марыі Пашковіч, Марыі Пусько, Паўла Рабава, якія па стане здароўя не могуць хадзіць у краму. Ім і многім іншым яна дастаўляе харчовыя і прамысловыя тавары па заказе акурат дадому. Тут якраз спрыяе і першая набытая прафесія — прадаўца.

Аднак тавары таварамі, але не забываецца Вераніка Каралёнак і пра свой галоўны абавязак — дастаўляць пошту, агітаваць за газеты і часопісы. Яна з поспехам завяршыла падпіску на перыядычныя выданні на трэці квартал, стапрацэнтна выканаўшы план па тыражы на рэспубліканскія газеты. У тым ліку і на «сельчанку». Пастаяннымі і актыўнымі чытачамі нашай газеты яна называе Франца Грыбко, Уладзіміра Гушчу і іншых.

Новая работа Вераніцы падабаецца. У чэрвені яна адзначыла свой першы невялікі юбілей — год працы. Пастаўскі раённы вузел паштовай сувязі падпісаў з ёй кантракт на далейшае супрацоўніцтва.


Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter